Айгарс Калвітыс
А́йгарс Ка́лвітыс (лат.: Aigars Kalvītis) (нарадзіўся 27 чэрвеня 1966, Рыга) — латвійскі палітык, прэм’ер-міністр Латвіі ў 2004—2007 гг. Скончыў Латвійскі сельскагаспадарчы ўніверсітэт у 1992 па спецыяльнасці «эканоміка». З 1992 па 1998 гг. Калвітыс рабіў менеджарам у розных сферах, звязаных з сельскаю гаспадаркай. У 1997 г. стаў адным з заснавальнікаў Народнай партыі Латвіі (Tautas Partija). У 1998 г. упершыню абраны ў парламент Латвіі. У 1999—2000 гг. — міністр сельскай гаспадаркі. У 2000—2002 гг. — міністр эканомікі. У 2002 г. Калвітыс зноў абраны дэпутатам парламенту і ўзначаліў фракцыю Народнай партыі. 28 кастрычніка 2004 г. латвійскі парламент адправіў у адстаўку правацантрысцкі (складаўся з членаў «Саюза зялёных і сялян», Народнай партыі і Латвійскай першай партыі) ўрад на чале з Індулісам Эмсісам. 24 лістапада 2004 г. прэзідэнтка Латвіі Вайра Віке-Фрэйбэрга даручыла Айгарсу Калвітысу стварэнне новага кабінету міністраў. 2 снежня 2004 г. парламент зацвердзіў урад Айгарса Калвітыса — адзінаццаты з моманту абвяшчэння незалежнасці Латвіі ў 1991 г. Кааліцыйны ўрад сфарміравалі чатыры правыя сілы — Народная партыя, «Новы час», Першая партыя і Саюз зялёных і сялян. Гэтыя партыі кантралююць 70 з 100 галасоў у Сейме. У апазіцыі засталіся праварадыкалы з аб’яднання «Айчына і Свабода — Рух за Нацыянальную Незалежнасць Латвіі» і тры партыі, што прадстаўляюць інтарэсы рускамоўнага насельніцтва. У выніку ўрадавага крызісу Калвітыс сышоў з пасады прэм’ер-міністра 5 снежня 2007 г., канчаткова перадаўшы свае паўнамоцтвы Іварсу Годманісу 20 снежня. Зноскі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia