Вайра Віке-Фрэйбэрга
Вайра Віке-Фрэйбэрга (лат.: Vaira Vīķe-Freiberga; 1 снежня 1937, Рыга) — латвійскі дзяржаўны дзеяч, Прэзідэнт Латвійскай Рэспублікі з 8 ліпеня 1999 года да 7 ліпеня 2007 года. Спецпасланнік Генеральнага сакратара ААН, віцэ-старшыня Групы экспертаў па доўгатэрміновай будучыні Еўрапейскага Саюза. БіяграфіяВайра Віке-Фрэйбэрга нарадзілася 1 снежня 1937 года ў Рызе, Латвія. Яе бацькі ў 1944 годзе, пасля Другой сусветнай вайны, эмігравалі з Латвіі, у наступныя гады сям’я жыла ў розных краінах — Германіі, Марока і, урэшце, Канадзе. У Канадзе Віке-Фрэйбэрга вучылася ва ўніверсітэце Таронта і ўніверсітэце McGill, дзе ў 1965 годзе атрымала доктарскую ступень па псіхалогіі. Між 1965 і 1998 гадамі яна выкладала псіхалогію ў Манрэальскім універсітэце. У гэты час яна актыўна ўдзельнічала ў жыцці латышскай грамады Канады, шмат яе даследаванняў былі прысвечаны традыцыйнаму латышскаму фальклору, дайнам. Вайра Віке-Фрэйбэрга займала пасаду прэзідэнта Канадскага псіхалагічнага таварыства, Федэрацыі грамадскіх навук Канады і Аб’яднання па развіцці вывучэння краін Балтыі. Узначальвала Навуковы савет Канады, з’яўляецца членам Савета кабет-лідараў свету. У 1999 годзе абраная ў члены Акадэміі Навук Латвіі. У 1998 годзе Вайра Віке-Фрэйбэрга вярнулася ў Латвію, дзе ўзначаліла Інстытут Латвіі — арганізацыю, што займаецца прамоцыяй Латвіі за мяжой. У наступным годзе яна была абрана другой презідэнткай незалежнай Рэспублікі Латвіі. Спачатку яна не вылучала сваёй кандыдатуры, але Сейм не здолеў абраць прэзідэнта з заяўленых кандыдатаў, таму Віке-Фрэйбэрга, як вельмі паважаная ў грамадстве дзяячка, не звязаная з пэўнай палітычнай сілай, стала кампрамісным кандыдатам. Падчас яе двух прэзідэнцкіх тэрмінаў Віке-Фрэйбэрга мела высокую папулярнасць, яе рэйтынг сягаў 70-85%. Прэзідэнтка праводзіла актыўную знешнюю палітыку, яна запомнілася сваімі рэзкімі выказваннямі ў бок Расіі і актыўнымі дзеяннямі па далучэнні Латвіі да НАТА і Еўрапейскага Саюза (членства ў абедзвюх арганізацыях атрымана Латвіяй у 2004 годзе). Віке-Фрэйбэрга падтрымала амерыканскую кампанію ў Іраку ў 2003 годзе. Муж Вайры Віке-Фрэйбэргі, Імантс Фраэбэргс, выкладае інфарматыку ў Квебекскім універсітэце ў Манрэалі. Сям’я мае сына Карлыса і дачку Індру. Зноскі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia