Аль-Ідрысі
Аль-Ідрысі (Абу Абдалах Мухамед ібн Мухамед ібн Абдалах аш-Шэрыф ал-Ідрыс; 1099 або 1100 — 1161 або 1165) — славуты арабскі географ. Паходзіў з арыстакратычнага роду, атрымаў дасканалую адукацыю ў Кардоўскім універсітэце. З 1139 года працаваў у Палерма пры двары нарманскага караля Сіцыліі Ражэра II. Да 1154 года (шаувал 548 год хіджры) скончыў вялікую каляровую карту свету (Charta Rogeriana ці Tabula Rogeriana) на 70 аркушах з суправаджальным тэкстам да яе на арабскай мове пад назвай Kitab nuzhat al-mustak fi htirak al-afak («Кніга — забаўлянне для стомленага ў вандраваннях па абласцях свету»), вядомым пад назвай «Кніга Ражэра». Згодна з арабскай традыцыяй, Charta Rogeriana арыентаваная на поўдзень, а не на поўнач, як сучасныя карты. Тэрыторыя сучаснай Беларусі прадстаўленая ў асноўным на аркушы 65 (5 секцыя VII клімату паводле класіфікацыі Ідрысі) Паказаныя горад Мінск («Муніска») — першая выява горада на карце, «возера Тэрмі» — верагодна, Прыпяцкія балоты. Дняпро («Днабрус») пададзены ад вытокаў Бярэзіны («Бельцес»). Ёсць падставы атаясаміць горад «Бармунію» (аркуш 55) з Брэстам. Яшчэ шэраг аб'ектаў можна лакалізаваць у Беларусі гіпатэтычна, напрыклад, горад «Барманза» ля сутокаў Дняпра і Бярэзіны. Услед за іншымі мусульманскімі аўтарамі Ідрысі згадваў «тры віды русаў», у тым ліку Артанію, але другаснасць інфармацыі Ідрысі не дазваляе звязаць апошнюю з якім-небудзь пэўным рэгіёнам. Праца Ідрысі з'явілася вяршыняй класічнай арабскай картаграфіі і далёка пераўзыходзіла паўнатой і дакладнасцю любыя вядомыя карты свету XII—XIII стагоддзяў. Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia