Арталагічны слоўнік

Арталагічны слоўнік — тып лінгвістычнага слоўніка, у якім вызначаюцца нормы літаратурнага напісання слоў і асобных граматычных формаў, нормы вымаўлення і нормы пастаноўкі націску. З’яўляюцца прыналежнасцю мовы з развітымі літаратурнымі стандартамі[1].

Беларускія слоўнікі

Працяглы час функцыю найбольш аўтарытэтнага слоўніка беларускай мовы выконваў комплексны «Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне» пад рэдакцыяй М. В. Бірылы (Мінск, 1987). У яго ўключана лексіка з акадэмічных перакладных і тлумачальнага слоўнікаў, словаўтваральныя і акцэнтныя варыянты слоў, якія сустракаюцца ў творах мастацкай літаратуры, найважнейшыя геаграфічныя назвы[1].

Найбольш аб’ёмнымі сучаснымі арталагічнымі слоўнікамі з’яўляюцца «Беларускі арфаграфічны слоўнік» (Мінск, 2009; 3-е выд., выпр., 2012) і «Слоўнік беларускай мовы» (Мінск, 2012)[1].

Напісанне найбольш ужывальных беларускіх слоў можна праверыць па «Беларускім арфаграфічным слоўніку для школьнікаў» І. У. Кандрацені, Л. П. Кунцэвіч (Мінск, 2009; 3-е выд., 2013) і «Слоўніку беларускай мовы: арфаграфія, націск, словазмяненне, стылістычныя паметы» В. М. Сіўковіч (Мінск, 2012)[1].

У «Арфаэпічным слоўніку беларускай мовы» (Мінск, 2017) упершыню ў беларускай лексікаграфіі прапануецца апісанне літаратурнага вымаўлення значнага пласта сучаснай лексікі. Даведнік дазволіць павысіць якасць моўнай адукацыі, забяспечыць належны ўзровень вуснага маўлення. Асабліва надзённым і неабходным такі слоўнік бачыцца ў сувязі з сучасным развіццём мовы, пранікненнем у яе вялікай колькасці новых слоў і выкарыстаннем у маўленчай практыцы лексічных адзінак, вымаўленне якіх патрабуе спецыяльнага ўдакладнення. У аснову арфаэпічнага даведніка пакладзены рэестр «Слоўніка беларускай мовы» пад рэдакцыяй А. А. Лукашанца, В. П. Русак (Мінск, 2012)[1].

Па сваёй сутнасці да арфаграфічных слоўнікаў прымыкаюць таксама шматлікія даведнікі, прысвечаныя асобным аспектам беларускага правапісу: «Асобна, разам, праз дэфіс» (Мінск, 1994) і «Пішам без памылак: разам, асобна, праз дэфіс» М. Р. Прыгодзіча (Мінск, 2002), «Разам, асобна, праз злучок» Н. Д. Бандарэнка, І. Л. Капылова, Т. М. Маракулінай (Мінск, 2012), «Слоўнік арфаграфічных новаўвядзенняў беларускай мовы» Т. М. Маркулінай, І. Л. Капылова (Мінск, 2010) і інш[1].

Асаблівасці акцэнтуацыі беларускай літаратурнай мовы прыведзены ў «Слоўніку націску ў беларускай мове» М. В. Бірылы (Мінск, 1992)[1].

Крыніцы

Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya