Перакладны слоўнік

Перакладныя слоўнікі

Перакладны слоўнік — тып лінгвістычных слоўнікаў, у якіх словы адной мовы тлумачацца словамі іншай або некалькіх іншых моў. Адпаведна бываюць двухмоўнымі і шматмоўнымі[1].

Перакладныя слоўнікі беларускай мовы

Сучасныя слоўнікі

Да сучасных перакладных слоўнікаў у беларускай лексікаграфіі адносяцца «Русско-белорусский словарь» (у 3 т.; 10-е выд., Мінск, 2012), «Беларуска-рускі слоўнік» (у 3 т.; 4-е выд., Мінск, 2012) пад рэд. А. А. Лукашанца, першыя выданні якіх выйшлі адпаведна ў 1953 і 1962 гг. Час ад часу перавыдаюцца школьныя «Беларуска-рускі слоўнік» і «Руска-беларускі слоўнік» С. М. Грабчыкава[1].

Цэлы шэраг слоўнікаў прызначаны для забяспячэння камунікацыі беларусаў з іншымі народамі: «Падручны польска-беларускі слоўнік» пад рэд. А. Абрэмбскай-Яблонскай, М. В. Бірылы (Варшава, 1962), «Беларуска-польскі, польска-беларускі слоўнік» Т. Ясінскай, А. Барташэвіча (Варшава, 1996), «Польска-беларускі тэматычны слоўнік для школьнікаў і студэнтаў» Л. Баршчэўскага (Мінск, 2012), «Украінска-беларускі слоўнік» В. П. Лемцюговай (Мінск, 1980), «Беларуска-ўкраінскі слоўнік» Р. П. Піўтарака, А. І. Скапненкі (Кіеў, 2007), «Беларуска-латышскі слоўнік» М. Э. Абала (Рыга, 2010) і інш[1].

Беларускімі і замежнымі лінгвістамі створаны шматлікія слоўнікі, якія павінны забяспечваць пераклад на (з) англійскую, нямецкую, французскую і іншыя мовы: «Ангельска-беларускі слоўнік» В. Пашкевіч (Мінск, 2006), «Англійска-беларускі слоўнік» пад рэд. Т. М. Сушы (Мінск, 2013), «Нямецка-беларускі слоўнік» М. Кур’янкі (Мінск, 2006), «Беларуска-нямецкі слоўнік» пад рэд. М. Кур’янкі, Л. Баршчэўскага, Т. Вайлера (Мінск, 2010), «Французска-беларуска-рускі слоўнік» пад рэд. С. М. Батуры (Мінск, 1992), «Ідыш-беларускі слоўнік» А. Астравуха (Мінск, 2008), «Вугорска-беларускі слоўнік» пад рэд. А. Голаша, Л. Станкевіч (Нірэдзьгаза, 2007), «5000 слов к экзамену HSK: китайско-белорусско-русский тематический словарь» (Мінск, 2015) і інш[1].

Арыгінальным вопытам стварэння шматмоўнага перакладнога слоўніка з’яўляецца выданне Л. Баршчэўскага «ЕўраСлоўнік: беларуска-лацінска-англійска-балгарска-венгерска-грэцка-дацка-ірландска-ісландска-іспанска-італьянска-латышска-літоўска-мальтыйска-нарвежска-нідэрландска-нямецка-партугальска-польска-румынска-славацка-славенска-фінска-французска-харвацка-чэшска-шведска-эстонскі слоўнік» (Мінск, 2008; Вроцлаў, 2008)[1].

Тэрміналагічныя перакладныя слоўнікі

Найбольш аб’ёмнай групай перакладных слоўнікаў з’яўляюцца тэрміналагічныя перакладныя слоўнікі. Беларускімі і замежнымі лексікографамі створаны сотні лексікаграфічных даведнікаў, у якіх прапануецца пераклад на (з) беларускую мову тэрмінаў гуманітарных, эканамічных, тэхнічных, фізіка-матэматычных, прыродазнаўчых навук[1].

Першымі слоўнікамі, у якіх падбіраліся нацыянальныя адпаведнікі да рускіх філалагічных тэрмінаў сталі «Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва» (Мінск, 1923) і «Слоўнік граматычна-лінгвістычнай тэрміналогіі», падрыхтаваны Галоўнай тэрміналагічнай камісіяй Інстытута беларускай культуры (Мінск, 1927). Сучасную тэрмінасістэму мовазнаўства адлюстроўваюць «Русско-белорусский словарь» пад рэд. М. В. Бірылы, П. У. Сцяцко (Мінск, 1988), «Беларуска-польска-рускі слоўнік лінвістычных тэрмінаў і спецыяльнай лексікі» В. Бекіша, Г. Фантаньскага (Катавіцы, 1997), «Словарь славянской лингвистической терминологии» (у 2 т.; Прага, 1977—1979) і інш[1].

Найбольш значнымі слоўнікамі ў іншых галінах ведаў, у тым ліку і эканоміцы, з’яўляюцца наступныя: «Русско-белорусский словарь общественно-политической терминологии» пад рэд. М. В. Бірылы, М. В. Судніка (Мінск, 1970), «Русско-белорусский словарь математических, физических и технических терминов» М. М. Касцюковіча, У. В. Люшціка, В. К. Шчэрбіна (Мінск, 1995), «Руска-беларускі фізічны слоўнік» А. М. Каладзінскага, Д. М. Карацінскай, П. У Сцяцко (Гродна, 1999), «Современный русско-белорусский политехнический словарь» А. М. Булыкі (Мінск, 2007), «Русско-белорусский словарь по инженерно-техническому оборудованию, системам и процессам» Б. М. Хрусталёва, М. Р. Пшонік (Мінск, 2009), «Англо-русско-белорусский словарь менеджера» А. Я. Дубовіка (Мінск, 1996), «Руска-беларускі слоўнік эканамічных тэрмінаў» А. А. Акуленкі, Г. Ф. Вештарт, Т. М. Трухан (Мінск, 2011) і інш[1].

Крыніцы

  1. а б в г д е ё ж Сучасная беларуская літаратурная мова : вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па філалагічных спецыяльнасцях / [Д. В. Дзятко і інш.] ; пад рэдакцыяй Д. В. Дзятко. — 2-е выд., папраўленае і дапоўненае. — Мінск: Вышэйшая школа, 2020. — 588 с. — ISBN 978-985-06-3185-5.
Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya