Батальён КАП «Давыд-Гарадок»
Батальё́н Ко́рпуса ахо́вы паме́жжа «Давы́д-Гарадо́к» (польск.: Batalion KOP «Dawidgródek») — сямнаццаты батальён Корпуса аховы памежжа часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі, які размяшчаўся ў Давыд-Гарадку ў 1925—1939 гадах. Удзельнічаў у польскай абарончай вайне ў складзе 97-га пяхотнага палка, а падчас пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь прымаў удзел у абароне дзяржаўных межаў. ГісторыяНа паседжанні палітычнага камітэта Рады міністраў Польскай Рэспублікі, якое адбывалася 21—22 жніўня 1924 года было прынята рашэнне аб стварэнні адмысловага ўзброенага фармавання для аховы ўсходняй мяжы, з прычыны чаго 12 верасня 1924 г. польскае Міністэрства вайсковых спраў выдала распараджэнне аб стварэнні Корпуса аховы памежжа, а 17 верасня таго ж года — дапаўненне з указаннем яго структуры[1]. На другім этапе арганізацыі гэтага вайсковага ўтварэння на падставе загада генеральнага штаба ад 1 сакавіка 1925 года была заснавана пятая памежная брыгада, а ў яе складзе — сямнаццаты памежны батальён, адзінкай для фармавання якога стаў 83-і пяхотны полк[2]. 25 лютага 1925 года маёр Юліян Мамчынскі быў пераведзены з 32-га пяхотнага палка ў Модлінскай крэпасці да Корпуса аховы памежжа на пасаду камандзіра сямнаццатага батальёна, які пачаў несці службу ў Палескім ваяводстве. Даўжыня ахоўванага батальёнам адрэзка мяжы складала 87 км, з іх ліку на адну роту даводзілася 29 км, на стражніцу — 6 км. Адлегласць камандавання брыгады ад камандавання батальёна дасягала 30 км[3]. Дзеля павелічэння колькасці кваліфікаваных сапёраў з 1 красавіка 1928 года пры батальёне пачаў працаваць адмысловы цэнтр для іх падрыхтоўкі[4]. У ліпені 1929 года пятая брыгада аховы памежжа была пераназвана ў брыгаду «Палессе» згодна з правілам, у адпаведнасці з якім адзінкі Корпуса аховы памежжа сталі называцца паводле мясцовасцяў іх дыслакацыі, у той час як існуючы ў яе складзе сямнаццаты батальён стаў афіцыйна называцца батальёнам «Давыд-Гарадок». Некаторы час нумарацыя адзінак захоўвалася, але ў 1931 годзе была цалкам скасавана[5]. На той час рыштунак батальёна складаўся з 712 нямецкіх вінтовак «Маўзер» узора 1898 г., 51 ручных кулямётаў «Бергман» узора 1915 г. і 8 станкавых кулямётаў Максіма ўзора 1908 года[6]. У выніку рэарганізацыі батальёна, праведзенай у 1931 г. замест існуючых кулямётных узводаў была заснавана кулямётная рота. Таксама было арганізавана навучанне кадраў для рэзервовага ўзвода, пасля чаго структура падраздзялення стала складацца з камандавання, узводу сувязі, кулямётнай, рэзервовай і трох памежных ротаў. Па звестках лістапада 1936 г. у батальёне служылі 20 афіцэраў, 69 унтэр-афіцэраў, 25 звыштэрміновых і 614 жаўнераў тэрміновай службы[7]. Загадам ад 23 лютага 1937 года быў распачаты першы этап рэарганізацыі Корпуса аховы памежжа «R.3», у выніку чаго батальён атрымаў новую працу. Цяпер ён стаў адміністрацыйнай адзінкай для роты сапёраў «Столін» і паліцэйскага ўчастка (пастарунка) «Давыд-Гарадок». Падчас рэалізацыі праграмы «R.3» было загадана разабраць будынкі ліквідаванай стражніцы «Хутар Тэйса». Таксама былі знесены будынкі стражніцы «Дубок», з матэрыялаў якой пачалося ўзвядзенне казармаў для стражніцы «Малешава»[8]. Ад 15 мая 1939 года падраздзяленне стала гаспадарчым аддзелам, у выніку чаго пасада кватэрмайстара была пераназвана ў пасаду намесніка камандзіра. Улетку таго ж года «Давыд-Гарадок» стаў мабілізацыйнай адзінкай у складзе 38-й рэзервовай дывізіі для 97-га пяхотнага палка. Пасля пачатку ўсеагульнай мабілізацыі ў верасні 1939 г. прымаў удзел у кампаніі разам з палком у складзе арміі «Карпаты»[9]. Пасля ад’езду асабовага склада батальёна, гарнізон у Давыд-Гарадку праз прыцягненне рэзервістаў і рэкрутаў рэканструяваў сваю частку, пасля чаго даўжыня ахоўванага ім адрэзка мяжы паменшылася і склала 78.205 км. Напад на батальён17 верасня 1939 г. на дзяржаўную мяжу, якую ахоўваў батальён, быў учынены напад з усходняга боку, здзейснены ў межах пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Памежнікі распачалі бой з падраздзяленнямі 18-га аддзела памежных войскаў НКУС, аднак на працягу дня стражніцы здолелі ўтрымаць свае пазіцыі. Увечары служачыя батальёну адступілі, за выняткам стражніцы «Малешава», якая была захоплена толькі 19 верасня ў выніку кароткачасовага бою, падчас якога загінула двое польскіх жаўнераў, адзін быў паранены, а восемь памежнікаў былі ўзяты ў палон[10]. У сувязі з наступам чырвонаармейцаў 17 верасня камандзір Корпуса аховы памежжа Вільгельм Орлік-Рукеман выдаў ліст да служачых батальёна «Давыд-Гарадок», у якім загадваў сканцэнтравацца на фартафікацыйнай лініі на рацэ Случ у раёне Любашава, Марочна і Сядлішча. Канцэнтрацыя павінна была праводзіцца пад абаронай палка «Сарны», які мусіў быў заняць фартыфікацыйныя збудаванні[11]. Аднак, пад націскам савецкіх войскаў, батальён быў вымушаны адыйсці раніцай 19 чэрвеня ў кірунку Століна і на наступны дзень фарсіраваў Стыр пад Старымі Коньмі. Нягледзячы на кепскае ўзбраенне, ён усё яшчэ быў здольнай да бою адзінкай. Урэшце батальён далучыўся да іншых польскіх вайскоўцаў, якія сабраліся разам каля вёскі Кухецкая Воля і працягнуў удзел у вайне ў складзе гэтак званага злучэння генерала Орлік-Рукемана, якое налічвала каля 8700 памежнікаў і 300 афіцэраў[12]. Будынак батальёнаЧасткова захаваўся будынак колішніх казармаў батальёна «Давыд-Гарадок», які быў узведзены паводле праекта архітэктара Тадэвуша Навакоўскага ў стылі мадэрн. Гэта адзін з дзвюх захаваных на тэрыторыі Беларусі будынкаў падобнага тыпу, іншы знаходзіцца ў Клецку[13].
Рота сапёраў «Столін»Дзеля павелічэння колькасці кваліфікаваных сапёраў з 1 красавіка 1928 года пры батальёне пачаў працаваць адмысловы цэнтр для іх падрыхтоўкі[4]. 6 красавіка 1928 г. на пасаду каменданта цэнтра быў назначаны паручнік Геранім Курчэўскі з 7-га сапёрнага палка. 1 сакавіка 1931 года цэнтр быў ліквідаваны, а на яго базе пры ўдзеле сапёрскіх дружынаў была ўтворана рота сапёраў «Палессе». У той час яна была размешчана ў Давыд-Гарадку, у памяшканнях 17-га памежнага батальёна. Камандзірам роты стаў папярэдні камендант цэнтра падрыхтоўкі сапёраў. З пункту гледжання службы рота падпарадкоўвалася камандзіру брыгады, а з навучальнага пункту гледжання — камандзіру Корпуса аховы памежжа. Для патрэбаў фарміравання роты 18-ы пяхотны і 30-ы стралковы палкі камандзіравалі 62 шараговых жаўнераў[14]. Ад 18 мая 1934 г. у складзе сапёрнай роты знаходзіліся наступныя вайсковыя падраздзяленні: камандаванне, гаспадарчая дружына, 1-ы сапёрны ўзвод па чатыры дружыны і 2-і і 3-і ўзводы па тры дружыны. Службу неслі 123 жаўнеры, у тым ліку 4 афіцэры, 13 унтэр-афіцэраў і 106 сапёраў[15]. У сакавіку 1939 г. рота пад камандаваннем капітана Чэслава Павульскага была мабілізавана і перадыслакавана ў раён дзеянняў арміі «Познань» пад Калішам. Там яна ўвайшла ў склад сфармаванага 25-га сапёрнага батальёна. Праводзіла фартыфікацыйныя працы на лініі Кратошын—Остраў Велькапольскі і на рацэ Просна. Ад пачатку вераснёвай кампаніі рота была перамешчана ў кірунку Варшавы. 9 верасня была прызначана да 17-й Велькапольскай пяхотнай дывізіі і ў яе складзе брала ўдзел ў бітве на Бзуры — адным з першых буйных баёў Другой сусветнай вайны. Падчас бітваў рота забяспечвала праходы лагераў праз калоны і арганізоўвала пасіўную супрацьтанкавую абарону. Пасля бітвы рота была перадыслакавана ў польскую сталіцу, дзе ўвайшла ў склад рэзерву камандавання абаронай Варшавы. Брала ўдзел у абароне ажно да капітуляцыі горада[16]. Структура
Кіраўніцтва
Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia