Рота памежная КАП «Коласава»
Ро́та паме́жная Ко́рпуса ахо́вы паме́жжа «Ко́ласава» (польск.: Kompania graniczna KOP «Kołosowo») — трэцяя памежная рота батальёна «Стоўбцы» Корпуса аховы памежжа часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі, якая размяшчалася каля станцыі Коласава ў 1924—1939 гадах. ГісторыяНа паседжанні палітычнага камітэта Рады міністраў Польскай Рэспублікі, якое адбывалася 21—22 жніўня 1924 года было прынята рашэнне аб стварэнні адмысловага ўзброенага фармавання для аховы ўсходняй мяжы, з прычыны чаго 12 верасня 1924 г. польскае Міністэрства вайсковых спраў выдала распараджэнне аб стварэнні Корпуса аховы памежжа, а 17 верасня таго ж года — дапаўненне з указаннем яго структуры[1]. На першым этапе арганізацыі гэтага вайсковага ўтварэння на падставе загада начальніка генеральнага штаба ад 27 верасня 1924 года была заснавана другая памежная брыгада, а ў яе складзе — восьмы памежны батальён[2]. Памежная рота «Коласава» з’яўлялася трэцяй адзінкай падобнага тыпа ў складзе батальёна «Стоўбцы». Па стане на лістапад 1936 г., у ёй служылі 2 афіцэры, 7 унтэр-афіцэраў, 4 звыштэрміновых і 82 жаўнеры тэрміновай службы — разам 95 вайскоўцаў[3]. Галоўнай задачай памежнікаў была ахова савецка-польскай мяжы. Да абавязкаў таксама адносіліся патруляванне памежнай зоны, назіранне за станам памежнай паласы, арганізацыя засадаў у небяспечных месцах, праверка дакументаў і затрымоўванне падазраваных, а таксама наладжванне шчыльнай сувязі паміж адзінкамі Корпуса аховы памежжа і прадстаўнікамі выканаўчай улады[4]. Мясцовасць, у якой знаходзілася рота, атрымлівала статус гарнізона Корпуса аховы памежжа[5]. У 1934 годзе рота ахоўвала адрэзак дзяржаўнай мяжы даўжынёй 18.780 км. З савецкага боку гэты ўчастак памежнай паласы ахоўваўся заставай «Асінаўка» камендатуры «Паланевічы» і заставамі «Коласава» і «Прусінава» камендатуры «Магільна»[6]. 17 верасня 1939 г. пачаўся паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Украіну, у ходзе якога памежная рота «Коласава» была атакавана савецкімі войскамі і пасля непрацяглай абароны апынулася захопленай[7]. На цяперашні момант захаваліся парэшткі будынка колішняй роты «Коласава» у выглядзе часткаў падмурка і насыпа, а таксама атрыбуты былой мяжы: бетонныя пастаменты для памежных знакаў, калючы дрот. На думку беларускага гісторыка Ігара Мельнікава, месца размяшчэння колішняга гарнізона варта было б зрабіць турыстычным аб’ектам, а таксама правесці кансервацыю захаваных парэшткаў, якія «з’яўляюцца лепшай ілюстрацыяй няпростай гісторыі Беларусі першай паловы XX стагоддзя»[7].
Структура
Факты
Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia