Беларускае навукова-культурнае таварыстваБелару́скае навуко́ва-культу́рнае тавары́ства (БНКТ). Існавала ў Маскве ў 1918—1919 гадах. Створана пры садзеянні Беларускага нацыянальнага камісарыята[1]. Мела на мэце развіццё навукі і культуры Беларусі, правядзенне культурна-асветнай работы сярод беларусаў. У таварыства ўваходзілі В. Р. Брайцаў (сакратар праўлення), Я. Л. Дыла, В. І. Качалаў, М. К. Любаўскі, У. І. Пічэта (старшыня праўлення), Ф. Ф. Турук, М. А. Янчук і іншыя. На першым публічным пасяджэнні таварыства, якое адбылося 14 ліпеня 1918 года, прысутнічала больш за 1000 чалавек, з дакладам «Асноўныя моманты гісторыі Беларусі» выступіў Любаўскі. Таварыства планавала выдаць матэрыялы і даследаванні па этнаграфіі Беларусі пад рэдакцыяй Янчука, зборнікі беларускага фальклору і нарысаў беларускай літаратуры, гісторыка-эканамічную хрэстаматыю, 46 кніг па гісторыі Беларусі, працы па эканамічных і сельскагаспадарчых ведах. Падрыхтавала да выдання ў лютым 1919 года часопіс «Белорусская жизнь», у які ўключаны творы Я. Купалы, М. Багдановіча, Ц. Гартнага, артыкул пра палітычныя кірункі ў беларускім нацыянальным руху (з дадаткам дакументаў), народныя песні з архіва В. Бадзянскага, артыкул пра вырабы са скуры і дрэва; часопіс у свет не выйшаў. Прадстаўнікі таварыства Янчук і Брайцаў 22 сакавіка 1919 года ўдзельнічалі ў нарадзе па арганізацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, скліканай Наркамасветы РСФСР. Умовы грамадзянскай вайны не далі таварыству разгарнуць актыўную работу. Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia