Беластоцкі драматычны тэатр
Беластоцкі драматычны тэатр імя Аляксандра Вянгеркі (польск.: Teatr Dramatyczny im. Aleksandra Węgierki w Białymstoku) — тэатр y Беластоку. Названы ў гонар Аляксандра Вянгеркі (1893—1941) — першага дырэктара і мастацкага кіраўніка Дзяржаўнага польскага тэатра БССР у Беластоку. Гісторыя![]() У 1938 годзе скончылася будаўніцтва будынка гарадскога тэатра імя маршала Юзэфа Пілсудскага. Адразу пасля свята Нараджэння Хрыстова там прайшоў спектакль «Цудзік і С-ка» Гродзенскага вандроўнага тэатра. Афіцыйнае адкрыццё тэатра ўвесь час адкладвалася. Запрошаны на адкрыццё маршал Э. Рыдз-Сміглы, хоць і пагадзіўся, але даехаць да Беластока так і ня здолеў: адкрыццё перанеслі на май, а потым на верасень 1939 года[1]. 28—30 кастрычніка 1939 года ў будынку гарадскога тэатра Беластока прайшоў Народны Сход Заходняй Беларусі[2]. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у будынку гарадскога тэатра размяшчаўся Дзяржаўны польскі тэатр БССР. У ліпені 1940 года ў Беласток прыехаў тэатральны рэжысёр Аляксандр Вянгерка. Стаўшы дырэктарам Дзяржаўнага польскага тэатра БССР, карыстаючыся аўтарытэтам у мастацкім асяроддзі і ў савецкай улады, ён здабыў сродкі і пашырыў гмах тэатра. Аляксандр Вянгерка стварыў першую пастаянную групу тэатра, якая складалася пераважна з акцёраў варшаўскіх сцэн, якія ўцяклі на ўсход ад немцаў. У спектаклях удзельнічалі Ірына Барадоўская, Яцэк Вашчаровіч, Севярын Бутрым, Толя Манкевічуўна і Анатоль Шалоўскі. Спектаклі ішлі на польскай мове. Гучалі творы польскіх і замежных драматургаў, у тым ліку: «Падступства і каханне» Фрыдрыха Шылера, «Мараль пані Дульскай» і «Панна Малічэўская» Габрыелі Запольскай, «Дажывоцы» Аляксандра Фрэдра, «Кардыян» Юльюша Славацкага, «Вяселле» і «Лістападаўская ноч» Станіслава Выспяньскага. Калектыў выязджаў на гастролі ў Мінск і Брэст, а ў гэты час пачалася Вялікая Айчынная вайна. На зваротным шляху некаторыя з артыстаў – у тым ліку сярод іншых Вянгерка, была арыштавана немцамі, у Беласток не вярнулася. Пацярпеў і сам тэатр: частка будынка згарэла падчас бамбёжкі горада. Казалі нават, што Венгерка памёр у сценах беластоцкага тэатра. Аднак гэта толькі прыгожая легенда, якая паказвае, наколькі тэатр асацыяваўся ў свядомасці жыхароў Беластока з гэтым артыстам. Сам ён загінуў у гета ці ў турме Павяк у Варшаве, дакладна невядома[1]. З 1941 года, ў сувязі з Вялікай Айчыннай вайной, тэатр спыніў сваё існаванне. Тэатр аднавіў працу ў 1944 годзе. Неўзабаве пасля перадачы СССР Беластока ў склад Польшчы, 22 верасня 1944 года ў тэатры адбылася прэм’ера п’есы «Уцякла мая перапёлачка» Стэфана Жаромскага[1]. У 1945 годзе быў створаны Беластоцкі драматычны тэатр. Першы калектыў не змог выступіць у будынку гарадскога тэатра, які часткова згарэў. У першыя пасляваенныя гады сядзібай тэатра ў Беластоку быў будынак кінатэатра «Тон». Хоць рэканструкцыя будынка тэатра ў парку ў Плянтах пачалася ў 1945 годзе і стала адна з першых буйных будоўляў у горадзе, аднак першы спектакль на сцэне Драматычнага тэатра быў пастаўлены толькі праз тры гады. 23 верасня 1948 года адбылася прэм’ера п’есы Мальера «Тарцюф» ў пастаноўцы Станіслава Дачынскага ў галоўнай ролі[1]. У рэпертуары тэатра — п’есы Ф. Шылера, У. Шэкспіра, Мальера, К. Гальдоні, Ю. Тувіма, В. Багуслаўскага, А. Міцкевіча, С. Выспянскага, С. Мрожака, Б. Шэфера, Т. Ружэвіча, В. Гамбровіча. Тэатр гастраліруе і за мяжой. У 1991 і 1992 браў удзел y Міжнародным фестывалі «Балтыйская тэатральная вясна» ў Гродне, y лістападзе 1992 y «Фестывалі сяброў» y Мінску, дзе паказаны спеклаклі «Тэрмінатар» П. Хандке, «Эмігранты» С. Мрожака (галоўныя ролі ў абодвух выканаў акцёр Нацыянальнага тэатра імя Я.Купалы У. Кін-Камінскі), «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» С. Пясецкага, «3 нагоды мокрага снегу» паводле «Запісак з падполля» Ф. Дастаеўскага (рэжысёр — мастацкі кіраўнік тэатра імя Я.Купалы В. Раеўскі, сцэнаграфія народнага мастака Беларусі Б. Герлавана). У 1993 годзе Раеўскі паставіў y тэатры спектакль «Рэвізор» М. Гогаля, дзе разам з польскімі ігралі акцёры тэатра імя Я. Купалы Ю. Авяр'янаў і У. Кін-Камінскі. 3 1987 года дырэктар, мастацкі кіраўнік і галоўны рэжысёр А. Якімец. З 2021 года вядзецца рамонт галоўнага будынка тэатра[3]. Літаратура
Крыніцы
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia