Вера Міхайлаўна Ермалаева
![]() Вера Міхайлаўна Ермалаева (2 лістапада 1893, с. Ключы Пятроўскага павета Саратаўскай губерні, цяпер Маласярдобінскі раён Пензенскай вобласці Расіі — 26 верасня 1937, Карагандзінскі ППЛ) — руская і савецкая мастачка-жывапісец, графік і ілюстратар, дзяячка рускага авангарда. У 1921-1922 гадах узначальвала Віцебскае народнае мастацкае вучылішча. БіяграфіяБацька, Міхаіл Сяргеевіч Ермалаеў, памешчык, старшыня земскай павятовай управы. Маці, Ганна Уладзіміраўна, баранэса фон Унгерн-Ункоўская (1854—?). У дзяцінстве Вера упала з каня, што выклікала параліч ног. Пасля яна магла хадзіць толькі з дапамогай мыліц. Ермалаева атрымала адукацыю ў Еўропе — у свецкай школе ў Парыжы і ў гімназіі ў Лазанне. Знаходжанне за мяжой было абумоўлена яшчэ і неабходнасцю лячэння. У 1904 годзе сям’я Ермалаевых вярнулася ў Расію, а ў 1905 годзе яны пераехалі ў Пецярбург. Бацька Веры Міхайлаўны прадаў маёнтак, заснаваў кааператыўнае таварыства «Працоўны саюз» і пачаў выдаваць журнал «Жыццё (Жизнь)» ліберальнага характару. У 1911 годзе Міхаіл Сяргеевіч памёр. У 1910 году Вера скончыла гімназію кн. Абаленскай, у 1911 годзе паступіла ў студыю Міхаіла Бернштэйна, дзе стала цікавіцца кубізмам і футурызмам. У 1914 годзе яна паехала ў Парыж, дзе пазнаёмілася з творамі сучасных мастакоў-наватараў. Класічнае мастацтва яе пакінула абыякавай: «Адно неўразуменне вынесла ў мінулым годзе з лесу статуй у Луўры. Наогул Луўр нагадвае гарышчы, куды скінуты не хлам, а chef-d`ouvres, якія аддадзены самім сабе да іх шчасця ці няшчасця»[5]. Пасля пачатку Першай сусветнай вайны вымушаная была вярнуцца ў Расію. У 1915—1916 гадах уваходзіла ў футурыстычны гурток «Бяскроўнае забойства» (разам з Мікалаем Лапшыным, у будучыні адным са заснавальнікаў расійскай школы ілюстрацыі). Сябры гуртка выпускалі аднайменны часопіс. Апроч малявання, Вера Ермалаева цікавілася гісторыяй — у 1917 годзе скончыла Археалагічны інстытут. Адначасова яна была ўдзельнікам мастацкіх аб’яднанняў «Свабода мастацтву» і «Мастацтва і рэвалюцыя». У 1918 годзе Ермалаева заснавала кнігадрукарную арцель «Сёння», якая маленькімі тыражамі выпускала лубкі і кнігі-карцінкі, што ствараліся практычна ўручную. Па меркаванню некаторых даследчыкаў, гэтае быў «першы вопыт канструявання дзіцячай кнігі, зразуметай як цэласны мастацкі арганізм».[6] Ермалаева аформіла тры кнігі арцелі: «Мышаняты» і «Певень» Натана Венграва і «Піянеры» Уолта Уітмена. Ілюстрацыі ў кнігах рабіліся пры дапамозе гравюр на лінолеуме і затым у большасці выпадкаў расфарбоўваліся ўручную, тэкст у некаторых кнігах не быў наборным, а таксама выразаўся на лінолеуме. Пасля рэвалюцыі Вера Міхайлаўна ўдзельнічала у конкурсах жывапісанага аддзела Наркампроса, спрабавала працаваць як мастак тэатра, стварыла (у той ж тэхніцы расфарбаванай гравюры) тэатральныя эскізы да оперы М. Мацюшына і А. Кручоных «Перамога над сонцам». У 1922 годзе эскізы выставляліся на выстаўцы ў Берліне. ![]() ![]() У 1919 годзе жывапісны аддзел Наркомпроса па просьбе Марка Шагала накіраваў Ермалаеву у Віцебск выкладчыцай у Народнае мастацкае вучылішча, дзе ўзначаліла жывапісную майстэрню. У Віцебску пад уплывам Малевіча, якога яна запрасіла выкладаць, Вера Міхайлаўна захапілася беспрадметным мастацтвам. Разам з Малевічам і яго вучнямі Ермалаева ўдзельнічала ў арганізацыі УНОВИСа (Утвердители нового искусства) — таварыства, якое пазіцыяніравала сябе як даследчыцкую лабараторыю, дзе вывучаюцца праблемы развіцця мастацтва і мастацкай формы. Таксама ў арганізацыі прапагандаваліся ідэі супрэматызму. Сябры таварыства хацелі быць не «вечнымі носьбітамі магільнай мудрасці прабацькоў, прадзедаў і т. п. радні і продкаў», але «тварцамі самога жыцця», «носьбітамі і выразнікамі новага мастацтва як сягонняшняй свядомасці сучаснага чалавека, быць вынаходнікамі міравай падзеі, быць вяшчальнікамі мастацтва як самасвядомага свету».[7] Брала ўдзел у супрэматычным дэкаратыўна-святочным афармленні Віцебска (эскізы манументальных роспісаў, шыльдаў, праекты ўпрыгожанняў розных будынкаў) да 1 мая і 9 лістапада, стварыла сцэнаграфію для другой рэдакцыі авангарднай оперы «Перамога над сонцам» М. Мацюшына і А. Кручоных, падрыхтавала сцэнарый (разам з К. Малевічам і Н. Коган) «супрэматычнага балета», які быў паспяхова выкананы 6 лютага 1920 года, а таксама цыкл тэарэтычных артыкулаў. «Ермалаева стала не проста вернай вучаніцай і супрацоўніцай Малевіча, але і яго абаронцай, яго падтрымкай, яго апірышчам у Віцебску. Яна ж была неадменным сакратаром Творчага камітэта УНОВИСа»[8]. У 1921 годзе пасля сыхода з пасады Марка Шагала ўзначаліла вучылішча, якое ў 1921 годзе стала называцца Вышэйшымі дзяржаўнымі мастацка-тэхнічнымі майстэрнямі, а з 1922 года — Дзяржаўным мастацка-практычным інстытутам. Ермалаева стала рэктарам гэтага інстытута. 30 студзеня 1922 года Ермалаева выступіла з дакладам пра «безнадзейнае становішча майстэрняў з-за адсутнасці сродкаў, дроваў і матэрыялаў». Яна нават вырашыла прадаць люстраную шафу, каб набыць дровы і стварыць магчымасць работы ў майстэрнях[5]. У 1922 годзе Ермалаева вярнулася ў Петраград, дзе атрымала пасаду кіраўніцы лабараторыі колеру ў Дзяржаўным інстытуце мастацкай культуры, які ўзначальваў Малевіч. Тут працавалі многія віцебскія вучні Малевіча — І. Чашнік, М. Суэцін, Л. Юдзін, Я. Магарыл. У лісце да Міхаіла Ларыёнава 17 ліпеня 1926 года Ермалаева пісала: «Мы капаемся ў сваім жывапісе і колеры, у колеравых палях, у будове формы. Ва ўсім тым спецыфічным, што розніць мастака ад фатаграфіі і кіно, рэкламы, газеты, кнігі і іншых носьбітаў хадзячых ідэй». У 1927 годзе інстытут быў разгромлены, многія мастакі арыштаваныя[5]. У канцы 1920-х гадоў супрацоўнічала з часопісамі «Веробей», «Новы Робинзон», «Чиж» і «Ёж». Працавала як жывапісец і графік. У 1920-я гады стала ілюстратарам такіх кніг, як «Топ-топ-топ» Мікалая Асеева, «Зашмат звяроў» і «Рыбакі» Аляксандра Увядзенскага, «Цягнік» Яўгена Шварца (1929), «Іван Іваныч Самавар» Данііла Хармса (1930) і многіх іншых, афармляла серыю баек Крылова. Вяла выкладчыцкую работу. З 1931 года мастачка М. Казанская стала браць урокі у В. Ермалаевой. У 1929 годзе разам з мастакамі У. Сцерлігавым, К. Ражджэственскім, Л. Юдзіным, М. Суэціным, А. Лепорскай стварыла «групу жывапісна-пластычнага рэалізму». На кватэры В. Ермалаевой адбываліся творчыя «аўторкі» гэтых мастакоў і «кватэрныя» выстаўкі, якія суправаджаліся абмеркаваннямі. Выставачная дзейнасць, што адбывалася ў вузкім крузе аднадумцаў, стала повадам для напісанага даносу. 25 снежня 1934 года Веру Ермалаеву арыштавалі. 29 сакавіка 1935 была асуджаная паводле пастановы УНКУС па артыкуле 58-10, 58-11. Паводле матэрыялаў справы, В. Ермалаеву абвінавачвалі ў «антысавецкай дзейнасці, што выяўлялася ў прапагандзе антысавецкіх ідэй і спробе арганізаваць вакол сябе антысавецкі настроеную інтэлігенцыю». 29 сакавіка 1935 года накіравана адбываць пакаранне (трохгадовае зняволенне) у 1-е аддзяленне 3-га аддзела Карагандзінскага лагера[9] Паўторна асуджана 20 верасня 1937 года тройкай УНКУС па артыкулах 58-10, 58-11 да расстрэла. 26 верасня 1937 года расстраляна ў лагеры каля Караганды. 20 верасня 1989 года рэабілітавана. У 2013 годзе ў Маскве заснаваны Фонд Веры Ермалаевай (ВЕРФ), які мае мэтай падтрымку жаночых ініцыятыў у сучасным мастацтве.[10] Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia