Вольга Міхайлаўна Іпатава
Во́льга Міха́йлаўна Іпа́тава (нар. 1 студзеня 1945, Мір, Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць) — беларуская пісьменніца, перакладчыца, грамадскі дзеяч. БіяграфіяНарадзілася ў гарадскім пасёлку Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці ў сям’і служачых. Пасля смерці маці выхоўвалася ў дзіцячым доме (1956—1961). У 1961 годзе скончыла ў Гродне сярэднюю школу № 7 і паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1963 г. перавялася на завочнае аддзяленне (скончыла ў 1967). Працавала настаўніцай у вёсцы Руба на Віцебшчыне, таваразнаўцам у Віцебскім абласным кнігагандлі (1964), інструктарам, загадчыкам сектара ў Гродзенскім гаркаме камсамола (1965—1968), рэдактарам на абласной студыі тэлебачання (1968—1970). У 1970—1973 гадах — літаратурны супрацоўнік газеты «Літаратура і мастацтва», затым літкансультант газеты «Чырвоная змена». У 1975—1978 гадах — аспірантка Літаратурнага інстытута ў Маскве. У 1978—1979 — зноў працавала літкансультантам у «Чырвонай змене», у 1985—1989 — галоўным рэдактарам літаратурна-драматычных перадач Беларускага тэлебачання. З 1989 года — загадчык аддзела, з 1990 года — намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Спадчына»[1]. У 1991—1995 гадах Вольга Іпатава была галоўным рэдактарам газеты «Культура». У 1998—2001 гадах — намесніца старшыні, у 2001—2002 — старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў. УзнагародыУзнагароджана ордэнам «Знак Пашаны», медалямі Францыска Скарыны і 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі[2], лаўрэатка прэміі імя Барыса Кіта (2003), «Залаты апостраф» (2006, за аповесць «Апошняя ахвяра свяшчэннага дуба»), прэміі імя Міколы Ганька (2009, за «вялікую асветніцкую працу і прапаганду духоўных дасягненняў беларускай эміграцыі ў Канадзе») і іншыя. ТворчасцьДрукуецца з 1959 года. Аўтар зборнікаў вершаў «Раніца» (1969), «Ліпеньскія навальніцы» (1973), «Парасткі» (1976), «Крыло» (1976, на рускай мове), зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Вецер над стромай» (1977, расійскае выданне, Масква, 1980, адзначана на Усесаюзным конкурсе імя М. Горкага, 1981), «Дваццаць хвілін з Немезідай» (1981), «Перакат» (1984), «Агонь у жылах крэменю» (1989), «Чорная княгіня» (1989), «За морам Хвалынскім» (1989), кніжак для дзяцей «Снягурка» (1974), «Казка пра Паўліна» (1983). Напісала тэлеп’есу «Давыд Гарадзенскі» (пастаўлена ў 1988). У 1996 годзе выдадзена кніга «Паміж Масквой і Варшавай», у 2002 годзе выйшла трылогія «Альгердава дзіда» («Залатая жрыца Ашвінаў», «Вяшчун Гедыміна», «Альгердава дзіда») і інш. Творы Вольгі Іпатавай пераведзены на рускую, англійскую, нямецкую, узбекскую, балгарскую, польскую, славацкую, чэшскую мовы, а таксама на мову хіндзі. Акрамя таго, Вольга Іпатава выступае ў друку з крытычнымі артыкуламі і публіцыстычнымі нататкамі, перакладае на беларускую мову творы рускіх, літоўскіх, украінскіх, узбекскіх, армянскіх пісьменнікаў, займаецца грамадскай дзейнасцю[3]. Пераклала на беларускую мову асобныя творы Аалы Такамбаева[4]. Бібліяграфія
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia