Гальшанскі замак
Гальшанскі замак — палацава-замкавы комплекс, рэзідэнцыя магнацкага роду Сапегаў у XVI—XVII стагоддзях. Размешчаны ў даліне ракі Гальшанкі (у ніжнім цячэнні Альшанка, гістарычныя назвы Луста, Жыгянка, Вішнеўка) каля мястэчка Гальшаны. ГісторыяПаселішча Гальшаны з драўляным замкам, вядомае па летапісах з XIII стагоддзя, узнікла на высокай самароднай гары над ракой Карабель, на паўночны ўсход ад мястэчка Гальшаны. Князі Гальшанскія валодалі замкам да 1525 года, потым, пасля шлюбу князёўны Алены Гальшанскай з Паўлам Сапегам, перайшоў да Сапегаў. Пры Сапегу рэзідэнцыю перанеслі на бераг Гальшанкі. Гальшанскі мураваны замак, узведзены ў першай палове XVII стагоддзя, — наглядная ілюстрацыя тых значных змен у архітэктуры, якія адбыліся на працягу стагоддзя. Сваёй кампазіцыяй ён аддалена нагадвае Мірскі замак і ўяўляе сабой прамавугольны (88,6 × 95,6 м) замкнуты будынак. Жылыя карпусы з вежамі на вуглах утвараюць замкнёны квадратны двор. Аднак магутныя абарончыя сцены, характэрныя для замкавага будаўніцтва XVI ст., у Гальшанах саступілі месца фасаду жылога дома. Тут ужо няма надбрамнай вежы, а шасцікантовыя вежы сталі меншыя і больш стройныя. У іх размяшчаліся жылыя і гаспадарчыя памяшканні. Вежы яшчэ канчаткова не страцілі свайго абарончага значэння, аднак аснова абароны Гальшанскага замка перамясцілася ўжо на земляныя магутныя валы і вадзяныя равы, што абкружалі замак. Уязная брама размяшчалася па цэнтры паўночна-ўсходняга фасаду, які з гэтага боку вызначаецца манументальнай прастатой. Арачны партал абрамляўся архівольтам. Сцены замка мелі фігурную муроўку з лепкай, былі расчлянёны вялікімі вокнамі. На ўзроўні другога паверха паўночна-ўсходняга корпуса з боку двара праходзіла адкрытая галерэя. Пад замкам размяшчаліся вялікія скляпы. Інтэр’еры былі багата аздоблены. Сцены ўпрыгожаны жывапісам. Значную дэкаратыўную ролю адыгрывалі кафляныя печы, стукавая лепка па столі і камінах, а таксама падлога з керамічных тэракотавых, паліваных зялёных і карычневых крыжа-, зоркападобных, прамавугольных і квадратных плітак. У замку была праведзена ўнікальная сістэма ацяплення, водаправод і каналізацыя. Багацця Сапегі хапіла нават на тры штучныя возеры, дно якіх выкладзена пліткай. Сапегі сабралі ўнікальную бібліятэку, калекцыю карцін і зброі. Насупраць замкавай брамы, на процілеглым баку падворка знаходзілася невялікая каплічка, убудаваная ў жылы корпус. ![]() Кампазіцыя вонкавага фасада Гальшанскага замка нагадвае адначасныя галандскія замкі Батэстэйн і Клейдал пад Антверпенам. Такое падабенства тлумачыцца тым, што Беларусь адчувала моцны ўплыў галандска-фламандскай архітэктуры, які быў вынікам ажыўленых культурных і гандлёвых сувязей з краінамі Заходняй Еўропы. З канца XVI і да пачатку XVIII стагоддзя на землях Рэчы Паспалітай рэзідэнцыі магнатаў будаваліся з анфіладнай планіроўкай памяшканняў, з аркаднымі галерэямі і нарожнымі вежамі. Паводле такога прынцыпу, у прыватнасці, пабудаваны ў канцы XVI — пачатку XVII стагоддзяў польскія замкі Баранаў, Красічын, Суха. Архітэктурная кампазіцыя, планіроўка і часткова іх памеры вельмі блізкія і падобныя да архітэктурна-планіровачных элементаў Гальшанскага замка. Замак неаднаразова быў разбураны і перабудаваны, што значна змяніла яго знешні выгляд і аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю (страчаны галерэі, дэкаратыўнае афармленне сцен, прыбудаваны да паўночна-заходняга і паўднёва-ўсходняга карпусоў 2 пяцігранныя вежачкі). У выніку абследавання помніка ў 1981—1983 гадах архітэктурна-археалагічнай экспедыцыяй Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрняў Міністэрства культуры выяўлены 3 розначасовыя этапы будаўніцтва, якія адрозніваюцца характарам выкарыстанай цэглы, вапнавага раствору і тэхнікай муроўкі. Дрэнная захаванасць замка ў Гальшанах не дазваляе дастаткова поўна вызначыць яго планіроўку. Можна толькі сцвярджаць, што справа ад уваходу знаходзілася вялікая квадратная зала з чатырма калонамі, на якія абапіраліся крыжовыя скляпенні. Ужо ў XVII стагоддзі Гальшанскі замак ад Сапегаў трапіў да іншых гаспадароў і на працягу стагоддзяў часта пераходзіў з рук у рукі. У 1880 годзе ўладальнік замка Гарбанёў пачаў узрываць вежы і сцены, а цэглу прадаваў на пабудову карчмы. Сучасны стан![]() Паводле пастановы Савета Міністраў ад 3 чэрвеня 2016 года № 437 Гальшанскі замак быў уключаны ў лік 27 аб’ектаў, выдаткі на захаванне якіх (у частцы капітальных выдаткаў) могуць фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту[1]. У 2018 годзе праведзеная гідраізаляцыя фундамента, адноўлены сцены паўночнай вежы, а таксама аконныя і дзвярныя праёмы. Муры вежы для ўмацавання былі сцягнутыя спіралепадобнымі стрыжнямі, між’ярусныя перакрыцці — умацаваныя, а наверсе ўсталяваны дах з флюгерам. Адбываецца рэканструкцыя фрагментаў сцен, якія прылягаюць да вежы[2]. 6 мая 2021 года адбылося ўрачыстае адкрыццё Паўночнай вежы Гальшанскага замка і турыстычна-інфармацыйнага цэнтра пры ім[3]. Галерэя
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia