Гальшанскія (літ.: Alšėniškiai) — арыстакратычны род літоўскага паходжання. Карысталіся гербам «Гіпацэнтаўр»[1]. Мелі буйныя землеўладанні на тэрыторыі сучаснай Беларусі і Украіны, займалі высокія дзяржаўныя і царкоўныя пасады ў ВКЛ. Род згас у 1556 годзе.
Генеалагічныя легенды XVI стагоддзя звязвалі паходжанне Гальшанскіх з міфічнай літоўскай дынастыяй Кітаўрасаў, што панавала ў Літве перад дынастыяй Віценя i Гедзіміна. Паводле гэтых легенд, Гальшанскія паходзілі ад Гольшы, які вёў свой радавод ад легендарнага жамойскага князя Гімбута, унука Палямона.
Магчыма, князі Гальшанскія сапраўды паходзілі ад кагосьці з родзічаў вялікага князя Трайдзеня (1270—1282) і былі нашчадкамі ўдзельных літоўскіх князёў, пазбаўленых улады новай дынастыяй, але, імаверней, яны атрымалі княжацкі тытул толькі пры вялікім князю Вітаўце праз сваяцтва з ім па некалькіх шлюбах.
Гісторыя
Шэраг позніх летапісаў, напрыклад, Летапіс Археалагічнага таварыства, згадвае арыстакратаў часоў вялікага князя Гедзіміна «Міндоўгава сына Альгімонта, вялікага князя Гальшанскага». Яўрэінаўскі летапіс называе гэтага ж персанажа «сынам Гольшыным». У той жа групе позніх летапісаў у звестках пра Гольшу, легендарнага заснавальніка Гальшанаў, згадваецца яго сын Альгімонт, Хроніка Быхаўца называе Гольшынага сына Міндоўга, Хроніка літоўская і жамойцкая — абодвух. Калі гэтыя звесткі прынамсі часткова слушныя ў частцы імёнаў і роднасных сувязяў, можна атрымаць генеалогію першых пакаленняў (гл. пункцір агульнага радаводу).
Аляксандр Гальшанскі (каля 1440—1511) — сын Юрыя Сямёнавіча Гальшанскага, краўчы літоўскі, падчашы і намеснік гродзенскі (з 1488), кашталян віленскі (1493—1511), староста берасцейскі (з 1506). Быў жанаты з Соф’яй, дачкой ваяводы віленскага Алехна Судзімонтавіча. Дзеці: Януш, Павел, Юры, Ганна, Ядвіга, Аляксандра і Барбара.
Юрый Іванавіч Гальшанскі (каля 1480—1536) — сын Івана Юр’евіча Гальшанскага, князь Дубровіцкі, Сцяпанскі і Гальшанскі. Быў жанаты з Юліянай Іванаўнай Бароўскай і Марыяй Андрэеўнай Сангушка. Дзеці: Януш, Фёдар, Уладзімір, Сямён, Багдана, Андрэй, Настасся, Марыя, Соф’я, Алена, Ганна і Фядора.
Сямён Юр’евіч Гальшанскі (каля 1515—1556) — сын Юрыя Іванавіча, князь Дубровіцкі і Гальшанскі (1549—1556), вялікі стольнік літоўскі (1555). Быў жанаты з Ганнай Юр'еўнай Радзівіл(польск.) (бел. (пам. 1558). Апошні мужчынскі прадстаўнік роду Гальшанскіх.
Крыніцы
↑Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. — Warszawa, 1895. — S. 94-115
↑ абвНасевіч В. Гальшанскія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4. — С. 491—493.
Літаратура
Славянская энциклопедия // Автор-составитель В. В. Богуславский. — T .2. — М., 2002.
Ochmanski J. Biskupstvo wilenskie w sredniowieczu. — Poznan, 1972.
Tegowski J. Przodkowie Zofii Holszańskiej, czwartej żony Władysława Jagiełły // Genealogia. Studia i materiały historyczne. 8, 1996.
Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. — Warszawa, 1895. S. 94-115;
Pułaski K. Ks. Holsyańscy. Kraków, 1887;
Насевіч В. Гальшанскія // ЭВКЛ. Т. 1. С. 491—493.
Полное собрание русских летописей. Т. 32. М., 1975;
Полное собрание русских летописей. Т. 35. М., 1980.