Камянецкая вежа
Камянецкая вежа, Камянецкі стоўп — найбольш добра захаваная абарончая вежа валынскага тыпу[1][2] і найвышэйшая з іх -- 29,4 метры[крыніца?]. Пабудавана ў 1276—1288 гадах. Помнік раманскага стылю з элементамі ранняй готыкі. Знаходзіцца ў Каменцы (Брэсцкая вобласць, Беларусь). Цяпер вежа лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, з 1960 года ў ёй размешчаны філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. Часам памылкова завецца «Белай вежай»[3]. ГісторыяПабудавана ў 1276—1288 гадах на левым беразе Лясной. Адзіная вежа валынскага тыпу, якая захавалася на Беларусі да цяперашняга часу. Помнік архітэктуры раманскага стылю з элементамі готыкі. У XIV ст. вежа шмат разоў вытрымала набегі і штурмы крыжаносцаў і палякаў. У XVII ст. па ваколіцах Каменца прайшлася вайна 1654-1667 гадоў, таму ў 1661 годзе Каменец вызвалены ад выплаты падаткаў на 4 гады. Вежа служыла складам і арсеналам — у ніжніх ярусах захоўвалі правізію, у верхнім была баявая пляцоўка, на сярэдніх захоўвалі зброю і боепрыпасы. Таксама на сярэдніх ярусах размяшчаліся ваяры гарнізона. Вельмі пацярпела вежа да выкалупвання з яе цэглы на гаспадарчыя патрэбы ў XVIII-XIX стст. З удасканаленнем тэхнікі аблогі вежа страціла абароннае значэнне. Інвентар XVIII ст. дае сумную карціну занядбанасці: «Ніжні ярус без дзвярэй і якога-небудзь закрыцця; вежа зверху замуравана, унутры зруйнавана, у вокнах няма шыб» (1728). Як і многія гісторыка-архітэктурныя помнікі, яе спрабавалі разабраць на цэглу ў 1822 годзе, але не змаглі: звязка і вапнавая цэгла так зацвярдзелі за стагоддзі, што ўвесь стоўп нібы ператварыўся ў адзін вялікі камень. Вежа знаходзілася ўнутры кальцавога вала і дамінавала над драўлянымі ўмацаваннямі. З боку ракі да ўмацаванняў падступала балоцістая нізіна, з трох бакоў іх акружаў роў. Рэшткі землянога вала і драўлянага замка канчаткова зніклі ў 1903 годзе, пры правядзенні рэстаўрацыйных і зямельных работ. Па праекце архітэктара У. В. Суслава вакол вежы быў зняты трохметровы слой зямлі, у выніку чаго яе першы ярус, які раней памылкова лічыўся склепам, зноў апынуўся на паверхні. Аднак пры земляных работах бясследна зніклі старажытны вал і роў. Тады ж былі разабраны скляпенні над першым і другім ярусамі і заменены драўлянымі бэлькамі. Цэглу для рэстаўрацыі зубцоў і сцяны (каля 10 тыс. штук) была заказана селяніну Матыкальскай воласці С. Дранюку. Для правядзення земляных і цагляных работ быў запрошаны з Гродна вопытны майстар А. Арцішэўскі. Вакол вежы быў насыпаны і абкладзены каменем кальцавы вал. У такім выглядзе помнік захаваўся да нашых дзён. У пачатку 1950-х гадоў вежу ўпершыню пабялілі, а падлогу выбрукавалі каменем. Рэстаўрацыйныя работы праводзіліся ў вежы таксама ў 1968—1973 і 1996—2003 гады. АрхітэктураВежа круглая ў плане, дыяметрам 13,6 м пры таўшчыні сцен 2,5 м, вышыня яе 29,4 м. Стаіць вежа на магутным каменным падмурку вышынёй каля 2,3 м, дыяметрам 16 м. Змуравана з брусчатых цаглін цёмна-чырвонага і жаўтаватага колераў з характэрнымі прадаўгаватымі раўкамі ў ніжняй частцы. Мураванне «балтыйскае» — два «лажкі» паслядоўна чаргуюцца з адным «тычком». Звонку на сценах захавалася вялікая колькасць прамавугольных адтулін ад «пальцаў» рыштаванняў. Унутры захаваліся заглыбленні ад драўляных бэлек — перакрыццяў пяці ярусаў. Перакрыцці другога і трэцяга ярусаў былі падвойныя. Вежа мае пяць ярусаў (паверхаў), злучаных лесвіцамі, на якіх можна было размясціць значную колькасць воінаў. Маючы выключна абарончае прызначэнне, Камянецкая вежа пазбаўлена якіх-небудзь архітэктурных упрыгажэнняў. Вежы аналагічнага характару і прызначэння былі пабудаваны ў XIII ст. ў Полацку, Тураве, Навагрудку, на тэрыторыі Старога замка ў Гродне, на замчышчы старажытнага Бярэсця. Галерэя
Зноскі
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia