Генеалагічная класіфікацыя моў — вывучэнне і групаванне моў свету (аднясенне да пэўнай групы, сям’і і інш.) на аснове іх падабенства, звязанага з наяўнасцю роднасных сувязей паміж імі.
Тэарэтычныя асновы
Роднасныя сувязі абумоўлены тым, што мовы пэўнай групы або сям’і ўтвараюцца з адной мовы-асновы (прамовы) шляхам яе распадзення. Прамова — гэта рэальная мова, якая некалі існавала і якую нельга аднавіць поўнасцю, але можна рэканструяваць яе фанетыку, граматыку і лексіку. Рэканструкцыя адбываецца шляхам супастаўлення роднасных моў на падставе параўнальна-гістарычнага метаду. Найбольш дакладны матэрыял дае параўнанне граматычнай структуры, што тлумачыцца абмежаванасцю набору граматычных значэнняў у мовах свету і іх устойлівасцю ў адносінах да змянення, а таксама тым, пгго словазмяняльныя формы амаль не запазычваюцца. Больш складанае выкарыстанне лексічных адпаведнасцей паміж мовамі: вялікая колькасць супадзенняў на гэтым узроўні тлумачыцца запазычаннямі (напр., беларускае «бурбалка» < літ.: burbulas). Для лексікалагічных параўнанняў бяруць словы, якія гістарычна належаць да эпохі прамовы: назвы роднасці і сваяцтва, некаторых жывёл, раслін, прылад працы, частак цела, некаторыя невытворныя займеннікі і інш. Важную ролю адыгрывае і гукавое афармленне таго, што параўноўваецца. Самы надзейны крытэрый роднасці моў — частковыя супадзенне і разыходжанне гукавой абалонкі пры ўмове рэгулярных гукавых адпаведнасцей і ўліку фанетычных законаў кожнай мовы. Напрыклад, лац.: ferunt адпавядае рускаму «берут», што пацвярджаецца рэгулярным узнікненнем рускага «б» замест лацінскага «f» («брат» — frater, «боб» — faba).
Пры генеалагічнай класіфікацыі блізкароднасныя мовы аб’ядноўваюць у падгрупу, потым — групу, сям’ю моў. У свеце налічваецца некалькі тысяч моў. Найбольш вядомыя даведнікі ўключаюць толькі сучасныя (=жывыя і нядаўна вымерлыя) мовы. Паводле Ethnologue такіх 6909[1], а па Рэестру Лінгвасферы[2] — 4994[3].
Сям’я моў — генетычнае моўнае аб’яднанне прыкладна такога жа ўзроўня глыбіні, як індаеўрапейскія мовы, гэта значыць, распалае прыкладна 6-7 тыс. гадоў таму. Некаторыя сем’і, традыцыйна так названыя, на паверку апыняюцца глыбейшымі аб’яднаннямі (напр., аўстранезійскія мовы, кушыцкія мовы). Ніжэй яны мянуюцца надсем’ямі.
Сем’і нярэдка аб’ядноўваюцца ў адзінкі больш высокага ўзроўня — макрасем’і, аднак большасць з іх з’яўляюцца навукова недаказанымі і/ці непрызнанымі большасцю лінгвістаў. Як дакладныя можна разглядаць толькі гіпотэзы аб існаванні настратычнай і афразійскай макрасям’і.
Некаторыя мовы лічацца ізаляванымі (ізалят).Гэта значыць, што яны з’яўляюцца аднамоўнымі сем’ямі або застаюцца некласіфікаванымі.
Усяго налічваецца каля 240 моўных сем’яў, больш за 100 ізалятаў і больш 100 некласіфікаваных моў.
Класіфікацыя папуаскіх моў з’яўляецца найменш распрацаванай. Традыцыйна (па Вурму) яны дзеляцца на 5 макрасямей (83 сем’і і 14 ізалятаў), 8 асобных сем’яў і 32 ізалята.
Усе карэнныя мовы Амерыкі, акрамя эскімоска-алеўцкіх, мянуюцца таксама індзейскімі мовамі. Аднак яны (насуперак Грынбергу) не з’яўляюцца генетычным аб’яднаннем.
↑вылучэнне ў асобную сям’ю з’яўляецца спрэчным па прычыне наяўнасці лексічных паралеляў з паўднёвымі аўстралійскімі мовамі, аднак захаваны лінгвістычны матэрыял настолькі малы, што не дазваляе надзейна класіфікаваць тасманійскія мовы