Георгій Хрысанфавіч Даўгяла
Георгій Хрысанфавіч Даўгя́ла (26 лістапада (9 снежня) 1902, Віцебск — 29 ліпеня 1974, Мінск) — беларускі вучоны-тэрапеўт. Доктар медыцынскіх навук (1955), прафесар (1956). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1966)[2]. Брат беларускага мастака Міхаіла Даўгялы (1908—1978). БіяграфіяНарадзіўся 26 лістапада (9 снежня) 1902 года. У якасці месца нараджэння розныя крыніцы называюць тры варыянты Віцебск[2][3], Веліж[4] або вёска Крутое[5][6] Веліжскага павета Смаленскай губерні. На карыць апошняга варыянта сведчыць тое, што там нарадзіўся ягоны брат Міхаіл. Скончыў у 1928 годзе медыцынскі факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе вучыўся ў вядомых вучоных-тэрапеўтаў С. М. Мелкіх і Ф. А. Гаўсмана[7]. Пасля заканчэння ўніверсітэта малады ўрач быў накіраваны на працу ў вясковыя бальніцы Коханаўскага і Асвейскага раёнаў Віцебскай вобласці, потым працаваў у тэрапеўтычным аддзяленні Полацкай бальніцы чыгуначнікаў[7]. З 1935 года асістэнт кафедры шпітальнай хірургіі ў Віцебскім медыцынскім інстытуце. У гэты перыяд малады вучоны падрыхтаваў і абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Карэлятыўныя адносіны паміж функцыяй пячонкі і функцыяй кішэчніка ў вугляводным абмене»[7]. У 1939 годзе Даўгяла прызваны ў армію. Быў начальнікам палявога рухомага шпіталя падчас ваеннай аперацыі ў Заходняй Беларусі. У гады Вялікай Айчыннай вайны ўзначальваў тэрапеўтычныя аддзяленні шпіталяў Калінінскага, Беларускага і Прыбалтыйскага франтоў[7]. Пасля дэмабілізацыі ў 1946 годзе працаваў у Мінскім медыцынскім інстытуце дацэнтам кафедры шпітальнай тэрапіі, у 1955—1974 гадах загадчык кафедры. У 1955 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Эрытрацытатэрапія пры захворванні Адзісана-Гусерава-Бірмера». Высокая кампетэнцыя вучонага не абмяжоўвалася вузкай спецыялізацыяй, сярод яго навуковых інтарэсаў — кардыялогія, рэўматалогія, гастраэнтэралогія, гематалогія[7]. У 1953—1959 гадах галоўны тэрапеўт Міністэрства аховы здароўя БССР[2][8]. Рэдактар аддзелаў Беларускай савецкай і Вялікай медыцынскай энцыклапедый; член рэдакцыйнай калегіі часопіса «Тэрапеўтычны архіў»[9]. Старшыня праблемнай камісіі «Фізіялогія і паталогія сардэчна-сасудзістай сістэмы», старшыня Рэспубліканскага навуковага таварыства тэрапеўтаў у 1955—1974 гадах[9]. Член Прэзідыума Усесаюзнага навуковага таварыства тэрапеўтаў[8], Рэспубліканскага таварыства кардыёлагаў. Член Міжнароднага таварыства інтэрністаў[9]. Памёр 29 ліпеня 1974 года ў Мінску. Пахаваны на Усходніх могілках Мінска[8]. Навуковая дзейнасцьАўтар больш за 150 навуковых прац, прысвечаных гематалогіі, кардыялогіі, рэўматалогіі, атэрасклерозу, хранічным пнеўманіям, гастраэнтэралогіі і інш. Сярод прац вучонага: «Клініка і лячэнне інфаркта міякарда» (1957), «Лячэбная фізічная культура пры сардэчна-сасудзістых захворваннях (стэнакардыя, інфаркт міякарда)» (1959), «Клінічная характарыстыка цячэння розных відаў рэўматызму» (1972) і інш[7]. Пад яго кіраўніцтвам былі распрацаваны новыя метады дыягностыкі і лячэння захворванняў крыві[7]. Шматгадовая навуковая і практычная дзейнасць Георгія Хрысанфавіча садзейнічала развіццю клінічнай гематалогіі ў краіне. Ён з’яўляецца аўтарам і суаўтарам прац «Да клінікі вострых лейкозаў» (1950), «Злаякаснае малакроўе» (1951), «Практычны дапаможнік па даследаванні згусальнай сістэмы крыві» (1969), «Сістэма гемастазу ў норме і паталогіі» (1973) і інш[7]. Пад кіраўніцтвам вучонага былі падрыхтаваны 52 дысертацыйныя працы, 12 з якіх — доктарскія. Многія вучні вучонага ў далейшым сталі вядомымі вучонымі-тэрапеўтамі, узначалілі кафедры тэрапеўтычнага профілю ў Мінскім і Гродзенскім медыцынскіх інстытутах, Беларускім інстытуце ўдасканальвання ўрачоў, навукова-даследчых інстытутах краіны[7]. Сачыненні
УзнагародыУ 1966 г. вучонаму было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі БССР»[7]. Ён з’яўляецца кавалерам ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і «Знак Пашаны», узнагароджаны таксама медалямі[7][6], ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, значком «Выдатнік аховы здароўя»[7][8]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia