Дажджавыя лясы ўсходняга ўзбярэжжа Аўстраліі
Дажджавыя лясы ўсходняга ўзбярэжжа Аўстраліі (англ.: Gondwana Rainforests of Australia) — аб'ект Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА на ўсходнім узбярэжжы мацерыковай часткі Аўстраліі, на мяжы паміж штатамі Квінслэнд і Новы Паўднёвы Уэльс. Уключаны ў спіс сусветнай спадчыны ў 1986 годзе (пашыраны ў 1994 годзе) пад назвай Паркі ўмераных і субтрапічных лясоў аўстралійскага ўсходняга ўзбярэжжа (англ.: Australian East Coast Temperate and Subtropical Rainforest Parks). Тады ён складаўся з 16 участкаў дажджавых лясоў на тэрыторыі Новага Паўднёвага Уэльса (плошча каля 203 500 га). У 1994 годзе аб'ект быў пашыраны: у яго ўключылі яшчэ 40 аб'ектаў, большасць з якіх была размешчана на тэрыторыі штата Квінслэнд. У перыяд паміж 1994—2007 гадамі ён насіў назву Запаведнікі трапічных лясоў Усходне-Цэнтральнай Аўстраліі (англ.: Central Eastern Rainforest Reserves). У наш час на яго тэрыторыі размешчана каля 50 асобных запаведнікаў, размешчаных паміж аўстралійскімі гарадамі Ньюкасл і Брысбен. Усе яны цягнуцца на 500 км уздоўж Вялікага Водападзельнага хрыбта ва ўсходняй частцы штата Новы Паўднёвы Уэльс і паўднёвай часткі Квінслэнда, а сам аб'ект уяўляе сабою вялікую колькасць шматлікіх участкаў дажджавых лясоў, якія акружаны эўкаліптавымі лясамі і сельскагаспадарчымі ўгоддзямі. Дажджавыя лясы ўсходняга ўзбярэжжа Аўстраліі з'яўляюцца самымі шырокімі субтрапічнымі дажджавымі лясамі ва ўсім свеце.[1] Агульная плошча аб'екта складае каля 370 тысяч га. З навуковага пункта гледжання, яны маюць важнае значэнне, бо ўяўляюць сабою велізарную скопішча старажытнай расліннасці Аўстраліі, якая сфармавалася падчас, калі сучасны мацярык быў яшчэ часткай суперкантынента Гандвана.[1] Рэльеф мясцовасці, на якой размясціліся лясы, разнастайны. Ён складаецца з шматлікіх цяснін, дагістарычных вулканаў, вадаспадаў і рэк. Свет флоры і фаўны вельмі багаты: у лясах зарэгістравана каля паловы ўсіх сямействаў аўстралійскіх раслін і прыкладна трэць аўстралійскіх відаў сысуноў і птушак (пры тым, што лясы займаюць толькі 0,3% усёй плошчы мацерыковай часткі Аўстраліі).[1] Зноскі
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia