Дзмітрый Сямёнавіч Зубравіцкі
Дзмітрый Сямёнавіч «Сякіра», князь Зубравіцкі з роду Друцкіх, Мітка Сякіра, Дзмітрый Друцкі-Зубравіцкі (Митко Семенович, Митко Зубревицки, Митко Секира, dux Mithko filius Syemoni ducis Druschnensis; каля 1400 — пасля 1444) — староста асцёрскі. БіяграфіяСын князя друцкага Сямёна Дзмітрыевіча. У Друцкім княстве меў удзел з цэнтрам у Зубравічах на рацэ Ульянаўцы. Ад вялікага князя Вітаўта трымаў вялікую Асцёрскую воласць на левабярэжжы Дняпра ў Кіеўскай зямлі.[2] Крыніцамі згадваецца з 1425 года, калі кароль Уладзіслаў Ягайла даў яму 60 грыўняў на перамышльскіх і драгабыцкіх саляных капальнях і львоўскім мыце. У 1427 годзе атрымаў таксама ад караля маёнткі Хлопы, Вангерчэ, Какаловічэ, Камарна, Літэўчыцэ ў Градоцкім і Кліцка ў Шчырэцкім паветах, агулам на 300 грыўняў.[2] Паводле Хронікі Быхаўца, адыграў значную ролю ў канфлікце паміж вялікім князем Свідрыгайлам і каралём Уладзіславам Ягайлам. На баку вялікага князя Свідрыгайлы браў удзел у феадальнай вайне, у бітве пад Ашмянамі (1432) разам з братам князем Васілём Красным трапіў у палон да вялікага князя Жыгімонта. Урэшце прызнаў уладу Жыгімонта.[2] У 7-м індыкце (прыпадае на 1429 або 1444, звычайна дакумент датуюць 1444 годам) склаў тастамент на карысць жонкі Соф’і, дзяцей і нашчадкаў. Паводле тастамента ўладанні князя Дзмітрыя Друцкага-Зубравіцкага складаліся з «двароў» Зубравічы і Хімы, «зямлі пустой» Дубровенскай, «двароў» Быхаў (напэўна, пазнейшы Новы Быхаў), Добасна і даннікаў у Турцы (сярод зямель Свіслацкай воласці).[2] Памёр на пачатку валадарства вялікага князя Казіміра. Сям’яЖонка — княгіня Соф’я, невядомага паходжання. Паводле Хронікі Быхаўца, Соф’я была пляменніцай («братанкай») Ягайлы і Свідрыгайлы — дачкой князя Жэдзівіда, і ёй належалі спадчынныя правы на Падольскую зямлю, за якую і адбываўся канфлікт паміж Польшчай і ВКЛ. Аднак, Жэдзівіда сярод сыноў вялікага князя Альгерда крыніцы, апроч самой Хронікі Быхаўца, не ведаюць, а быў ён сынам нейкага князя Фёдара[3]. На думку Юзафа Вольфа, Соф’я магла быць дачкой або ўнучкай кагосьці з Карыятавічаў.[2] Меў дачку Марыну, жонку князя Сямёна Трабскага.[4] Ёсць думка, што мог мець яшчэ дачок, праз якіх часткі Друцкага княства трапілі да князёў Мошкаўскіх і іншых. ЗноскіЛітаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia