Дзятлаўка (рака)
Дзятлаўка, Дзянцелка, Зецела, Зітала, Памарайка — рака ў Дзятлаўскім раёне, левы прыток Моўчадзі (басейн Нёмана). ГідраграфіяДаўжыня 26 км. Плошча вадазбору 151 км². Сярэдні нахіл воднай паверхні 2,1 %. Пачынаецца каля в. Юравічы, у межах Навагрудскага ўзвышша цячэ праз горад Дзятлава, упадае ў Гезгальскае вадасховішча (на р. Моўчадзь) на паўднёва-ўсходняй ускраіне в. Гезгалы. На ўсім працягу каналізаваная. Каля в. Нагародавічы створана сажалка (пл. 0,06 км²). Асноўны прыток — ручай Карачоўка (справа). У вытоку рэчкі і ў рэчышчы на поўнач ад Дзятлава ніжэй па цячэнні ў бок вёскі Засецце знаходзяцца наслаенні торфу. Ніжэй Дзятлаўка рэзка паварочвае ўправа, сустракаючы пясчаную граду, што імаверна прывяло да існавання ў мінулым возера ў гэтай мясцовасці. НазваНазва зрусіфікаваная разам з назвай мястэчка Дзятлава. Адпачатная балцкая форма гэтай рачной назвы засведчаная ва ўжыванні носьбітамі мясцовай аўтахтоннай літоўскай гаворкі: Zietela. Сярод мясцовых літоўскамоўных жыхароў так называлі само мястэчка, рэчку і зніклае на сёння возера, праз якое рэчка цякла і якое старыя жыхары яшчэ памяталі. На сёння, са знікненнем літоўскамоўнага астраўка пад Дзятлавам, пра старую назву сведчыць толькі мікратапонім (назва выгану каля ракі ля вёскі Засецце) «Пазытэлі»[1]. Рачная назва Zietela ўтварылася з дапамогай пашыральніка -el- (як і назвы ракі *Скідзела або ракі Дрысела на Павоччы) ад карацейшай назвы возера, якая засведчаная ў старарускім Іпацьеўскім летапісе. У 1253 г. дасланае князем Таўцівілам літоўскае войска выйшла насустрач войску галіцка-валынскага князя Данілы, што ішло ад Пінска, і ад возера «Зъято» гнала іх «праз балоты да ракі Шчары»[2][3]. Па цячэнні ракі Дзятлаўкі ніжэй за Дзятлава сапраўды яшчэ на картах пачатку XX ст. пазначанае праточнае возера, выцягнутае з захаду на ўсход (яго ўсходні край упіраўся б у цяперашнюю вуліцу Вахоніна ў Дзятлаве). Назва «Зъято» гэта яцвяжскі гідронім, які аднаўляецца як *Zeitō. Па-літоўску назва гучала б як Žieta, але ў заходнябалцкіх мовах (да якіх належала і яцвяжская) ž пераходзіла ў z. Пачатковы зычны Z- у назве Zietela гэта яцвяжскі моўны след. Але ў гэтай літуанізаванай яцвяжскай назве адбыўся пераход яцвяжскага дыфтонга -еі- ў літоўскае -іе-[1]. Азёрная назва *Zeitō пайшла ад балцкага кораня *žei- / ži- «гарэць; свяціць, ззяць»[4], далей да індаеўрапейскага *ĝei- «ззяць; мігцець»[4]. Назва значыла «Блішчастае (возера)» і была матываваная блішчастасцю воднай гладзі. Такая ж матывацыя і ў яцвяжскай назве возера Свіцязь[5]. З сярэдзіны XVI стагоддзя вядомае таксама балота Zyatha (былое возера) значна больш на поўдзень ад Дзятлава, паміж цячэннямі рэк Шчара і Ясельда, каля в. Калонск[6]. Той жа балцкі корань *žei- / ži- (у форме *ži-d-) мяркуецца і ў назве «Жыд-возера» (у басейне Прыпяці). Да гідранімічнай спадчыны яцвягаў у гэтым рэгіёне яшчэ далучаюць гідронімы *Зэльва, Ясельда, Грыўда, Саколда, Голда, Нёўда, Сёгда[7]. Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia