Дубрава (Маладзечанскі раён)
Ду́брава[1] (трансліт.: Dubrava, руск.: Дуброво) — вёска ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Аляхновіцкага сельсавета. За 36 км на паўднёвы усход ад Маладзечна, 42 км на паўночны захад ад Мінска, 3 км ад чыгуначнай станцыі Дубрава на лініі Мінск-Маладзечна. На рацэ Заходняй Бярэзіне.[2] ГісторыяЗа 0,3 км на поўнач ад вёскі знаходзіцца гарадзішча, што сведчыць пра даўнюю гісторыю паселішча.[2] Уваходзіла ў Заслаўскае княства. Прынамсі з 1-й паловы XV ст. належала Мантыгердавічам. Пасля гібелі ў бітве на Вядрошы (1500) апошняга Мантыгердавіча — Яна Пятровіча, маёнткі роду перайшлі да яго сястры Соф'і, жонкі Станіслава Кішкі. У 1524 годзе пры падзеле маёнткаў паміж Кішкамі і Радзівіламі Дубрава дасталася апошнім. Радзівілы валодалі Дубрава амаль да канца XVI ст. Паводле Яна Ходзькі, у 1453 годзе Глябовічы ў Дубраве пабудавалі касцёл[3] гэтыя звесткі часта сустракаюцца ў даведачнай літаратуры[2]. Аднак, вядома, што да Глябовічаў гэтыя ўладанні перайшлі значна пазней. У крыніцах касцёл згадваецца з 1576 года[2]. У даведачнай літаратуры можна сустрэць звесткі пра бернардынскі кляштар у Дубрава, а таксама пра аднаўленне Марцыбелай Глябовіч у 1670 годзе дубраўскага касцёла, аднак, гэтыя звесткі тычацца кляштара і касцёла ў Дуброўне. У XVIII ст. — мястэчка Мінскага ваяводства ВКЛ. У 1787 годзе ў ім быў пабудаваны мураваны касцёл. Станам на 1791 год у мястэчку змяшчаўся маёнтак пана С. Марцінкевіча, таксама тут знаходзіліся 2 карчмы і бровар.[2] У Марцінкевічаў маёнтак быў куплены апошнім менскім ваяводам Адамам Хмарай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) мястэчка апынулася ў Расійскай імперыі. Станам на 1796 год з'яўлялася ўласнасцю тайнага саветніка Адама Хмары[4]. Хмара пабудаваў у Дубрава палац, а таксама замест згарэлага новы касцёл, дзе пазней быў пахаваны (1805). Станам на 1800 год — сяло, цэнтр маёнтка куды таксама ўваходзілі вёскі Навасёлкі і Татарскія. Частка Дубрава належала Дубраўскай уніяцкай плябаніі. У Дубрава быў гаспадарчы двор маёнтка, касцёл з плябаніяй, драўляная ўніяцкая царква, 2 карчмы, вадзяны млын на Заходняй Бярэзіне.[4] Станам на 1833 год у Дубраўскім маёнтку, які належаў мінскаму павятоваму маршалку Г. Хмары, агулам 552 сялянскія душы, 1483 дзесяціны зямлі, вінакурнае прадпрыемства, 3 млыны, 3 карчмы.[4] У 1861 годзе — сяло з касцёлам, капліцай і вадзяным млыном. У 1868 годзе касцёл перароблены ў праваслаўную царкву Раства Багародзіцы.[4] У 1880 годзе — мястэчка, цэнтр сельскай грамады ў Ракаўскай воласці Мінскага павета Мінскай губерні. У 1886 годзе ў Дубраве працавала народнае вучылішча. У 1897 годзе ў сяле Дубрава — царква, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін; у маёнтку Дубрава — вінакурны завод, млын, сукнавальня; побач таксама было аднайменнае ўрочышча Дубрава.[4] З лютага да снежня 1918 года занята нямецкімі войскамі. З ліпеня 1919 да ліпеня 1920 года і з кастрычніка 1920 года занята польскімі войскамі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора (1921) у складзе Польшчы. Станам на 1938 года вёска Дубрава і засценак Дубрава ў Ракаўскай гміне Маладзечанскага павета Віленскага ваяводства. З прыходам палякаў касцёл у Дубрава быў павернуты каталікам[4] З 1939 года ў БССР, з 12.10.1940 года — цэнтр Дубраўскага сельсавета Радашковіцкага раёна Вілейскай вобласці.[4] З канца чэрвеня 1941 да пачатку ліпеня 1944 года акупіравана нямецкімі войскамі. У баях за вызваленне вёскі загінула 14 салдат і 11 партызан (брацкая магіла знаходзіцца каля развілкі дарог на Аляхновічы і Навасёлкі, абеліск устаноўлены ў 1965 годзе).[4] З 20 верасня 1944 года ў Маладзечанскай вобласці, з 20 студзеня 1960 года — у Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці. 27 кастрычніка 1964 года Дубраўскі сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Аляхновіцкага сельсавета. Пэўны час у вёсцы размяшчалася цэнтральная сядзіба саўгаса «Дубрава».[4] Станам на 2010 год, працуе сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, крама.[4] Выдатныя мясціны![]()
Насельніцтва
Вядомыя асобы
У вёсцы пахаваны празаік і публіцыст Іван Іванавіч Галубовіч (1942—2014). Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia