Дыега дэ Ланда
Дыега дэ Ланда Кальдэрон (ісп.: Diego de Landa Calderon; 12 лістапада 1524, Сіфуэнтэс, Іспанія — 1579, Мерыда, Мексіка) — другі епіскап Юкатана. Увайшоў у гісторыю як вельмі супярэчлівая асоба: з аднога боку, быў аўтарам кнігі «Паведамленне аб справах на Юкатане» (1566), якая ўтрымлівала ў сабе шмат каштоўнай інфармацыі пра цывілізацыю Мая, увёў на Юкатане сістэму адукацыі, стварыў лацінскі алфавіт для мовы юкатэка. Аднак, ён таксама заснаваў на Юкатане інквізіцыю, на аўтадафэ спаліў рукапісы мая, тым самым знішчыўшы вялікую частку маянскай літаратуры. З’яўляецца адной з ключавых постацей так званай «Чорнай легенды». БіяграфіяНарадзіўся ў Сіфуэнтэсе дэ Алькарыя, паходзіў з дваранскага роду Кальдэронаў. У 1541 годзе прыняў манаства ў францысканскім манастыры San Juan de los Reyes у Таледа. У жніўні 1549 года адправіўся місіянерам на Юкатан у ліку пяці францысканцаў, адабраных Нікаласам дэ Альбалатам. Дзякуючы выдатным здольнасцям, адразу зрабіўся памочнікам настаяцеля новазаснаванага манастыра Сан-Антоніа ў Ісамалі. Служыў настаўнікам дзяцей дваранскіх родаў мая, гвалтоўна звернутых у хрысціянства. У 1553 годзе стаў абатам Сан-Антоніа і неўзабаве стаў «захавальнікам» (custodio) Юкатанскай місіі. У 1561 годзе, пасля зліцця Юкатана і Гватэмалы ў адну епархію, стаў кіраўніком францысканскага ордэна ў гэтай царкоўнай правінцыі. У 1562 годзе заснаваў інквізіцыю на Юкатане, выявіўшы адпадзенне ад хрысціянства нядаўна хрышчоных індзейцаў. 12 ліпеня 1562 года ў Ваб адбылося знакамітае аўтадафэ, дзе былі знішчаны амаль усё помнікі літаратуры мая. Гэта выклікала незадаволенасць Франсіска дэ Тараля (Francisco de Toral), тагачаснага епіскапа Юкатана і правінцыяла (кіраўніка ордэна) францысканцаў, і ў 1564 годзе Ланда быў вымушаны адправіцца ў Іспанію каб адчытацца аб сваёй дзейнасці. Ён быў апраўданы і ў 1573 годзе прызначаны епіскапам Мерыды, на змену Таралю, які памёр. Сканаў у манастыры Сан-Франсіска ў Мерыдзе, «акружаны арэолам святасці» (па выразе Кагальлюда). «Паведамленне аб справах на Юкатане»![]() Дэ Ланда вядомы як выдатны знавец мовы мая, нораваў ды звычаяў гэтага народу. Выправіў і дапоўніў граматыку юкатэка, створаную Луісам дэ Вільяльпанда. Напісаў катэхізіс і зборнік пропаведзей на мове мая. Архіў Ланда бясследна знік пасля выгнання манахаў з Мерыды ў 1820 годзе. Найважнейшаю працаю Ланды лічыцца «Паведамленне аб справах на Юкатане» (Relacion de las cosas de Yucatan), напісанае ў Іспаніі каля 1566 года. Мяркуючы па змесце тэксту, дэ Ланда працаваў над гэтай працай не менш чым 15 гадоў, бо каляндарныя знакі, прыведзеныя ім, датычацца 1553 года. Вярнуўшыся ў Мерыду, дэ Ланда ўзяў рукапіс з сабою. Неўзабаве з рукапісу была знята копія і адпраўлена ў Іспанію. Поўным тэкстам дэ Ланды карысталіся гісторыкі XVII стагоддзя, такія як Антоніа дэ Эрэра-і-Тардэсільяс, Васкес дэ Эспіноса і Дыега Лапэс дэ Кагальюда (1609—1670), аўтар «Гісторыі Юкатана» і першы біёграф дэ Ланды. У Іспаніі ў 1616 годзе невядома кім была зроблена скарочаная копія «Паведамлення аб справах на Юкатане», напісаная трыма рознымі почыркамі. Пісары-капіравальшчыкі захавалі істотныя часткі працы дэ Ланды, а трэці з іх дадаў «Крытычныя заўвагі» і апалагетыку іспанскага валадарства. У 1862 годзе гэты рукапіс адшукаў у Мадрыдзе вялікі маяніст Шарль-Эцьен Брасер дэ Бурбур, які апублікаваў у 1864 годзе іспанскі тэкст і ўласны французскі пераклад з разбіўкаю на часткі, які выкарыстоўваецца дагэтуль. Спадчына дэ Ланды ацэньваецца сучаснай навукай вельмі высока. Нягледзячы на шэраг памылак, яго праца доўгі час заставалася адзінай крыніцай звестак па ўсіх баках жыцця народу мая і адыграла важную ролю ў пацвярджэнні правільнасці расшыфроўкі пісьменнасці мая Юрыем Кнарозавым[4]. «Алфавіт дэ Ланды»Мяркуючы, што выкарыстанне місіянерамі мовы мая паскорыць зварот індзейцаў у хрысціянства, дэ Ланда вырашыў вынайсці свой уласны «алфавіт мая». Пры дапамозе двух іерагліфічна пісьменных індзейцаў, ён склаў спіс адпаведнасцей паміж маяскімі іерогліфамі і іспанскімі літарамі. Дэ Ланда не ведаў, што пісьменнасць мая была не алфавітная, а логасілабічная, а мая, якія дапамагалі яму, ў некаторых выпадках запісвалі не вымаўленне іспанскіх літар, а іх назвы (напрыклад, be, hache, ka, cu). Усяго дэ Ландам было запісана 27 знакаў (плюс 3 знакі ў прыкладах напісання слоў), якія, па яго меркаванню, адпавядалі літарам іспанскага алфавіта. Дэ Ланда таксама браў удзел у стварэнні лацінскай пісьменнасці для юкатэкскай мовы — верагодна, першай лацінскай пісьменнасці для месаамерыканскіх індзейцаў. ![]() Дэ Ланда пра іспанскі каланіяльны рэжым
(Паведамленне аб справах на Юкатане. Частка LI. Пер. Ю. Кнарозава) Гл. таксамаЗноскі
ЗноскіЛітаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia