Юрый Валянцінавіч Кнарозаў
Ю́рый Валянці́навіч Кнаро́заў[3][4][5] (19 лістапада 1922, Паўднёвы, Харкаўскі павет, Харкаўская губерня — 30 сакавіка 1999, Санкт-Пецярбург) — савецкі гісторык і этнограф, лінгвіст і эпіграфіст, заснавальнік савецкай школы маяністыкі. Вядомы сваёй дэшыфроўкай пісьменнасці мая, у пашырэнні матэматычных метадаў даследавання нерасшыфраваных пісьменнасцей. У групу даследчыкаў пад яго кіраўніцтвам у розны час уваходзілі такія вядомыя гісторыкі, этнографы і мовазнаўцы, як Аляксандр Кандратаў, Маргарыта Альбедзіль, Мікалай Буцінаў і інш. У сярэдзіне 1950-х гадоў яны ўнеслі вялікі ўклад у дэшыфроўку пісьменнасці вострава Пасхі. У 1960-я гады група Кнарозава прапанавала дэшыфроўку пісьменнасці даліны Інда. Доктар гістарычных навук (1955). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1977). Кавалер ордэна Ацтэкскага арла (Мексіка), удастоены Вялікага залатога медаля прэзідэнта Гватэмалы. Ганаровы член Мадрыдскага таварыства па вывучэнню мая, член Нацыянальнага геаграфічнага таварыства ЗША[6]. У 2012 годзе ў Канкуне (Мексіка) Юрыю Кнарозаву быў устаноўлены помнік, створаны Рыгорам Патоцкім, а ў сакавіку 2018 года — яшчэ адзін, у горадзе Мерыда, аўтарства скульптара Рэйнальда Баліа Суарэса. У 2016 адна з вуліц Харкава атрымала імя Юрыя Кнарозава[7]. БіяграфіяНарадзіўся ў пасёлку Паўднёвы (тады пасёлак руск.: Южный, цяпер горад укр.: Південне) пад Харкавам, які быў тады сталіцаю УССР, у сям'і рускіх інтэлігентаў і заўсёды лічыў сябе рускім[5]. Бацька — Валянцін Дзмітрыевіч Кнарозаў — быў галоўным інжынерам Паўднёвага трэста будматэрыялаў, маці — Аляксандра Сяргееўна — хатняй гаспадыняй[8]. Яны пазнаёміліся на Бехцераўскіх лекцыях у Пецярбургу, дзе і пажаніліся, у сям'і было пяцёра дзяцей, Юрый — самы малодшы[9]. Браты: Сяргей — інжынер-геадэзіст, доктар тэхнічных навук, лаўрэат Ленінскай прэміі[10]; Барыс — выкладчык Ваеннай акадэміі імя Ф. Э. Дзяржынскага; Леанід — ваенны ўрач, выкладчык Сталінградскага мед'інстытута; сястра Галіна — старшы навуковы супрацоўнік Усеўкраінскага інстытута эндакрыналогіі (Харкаў)[8]. Бабуляй па бацькоўскай лініі была вядомая тэатральная актрыса, першая народная артыстка Арменіі Марыя Давыдаўна Сахавян[11] (у замужжы Кнарозава, псеўданім Мары Забе́ль; 1858 г., Бітліс, Заходняя Арменія — 12 января 1926, Тыфліс). Па сцвярджэнню самога Юрыя Валянцінавіча, яго датай нараджэння было 31 жніўня[5], па пашпарту — 19 лістапада. У школе ён быў здольным, але вельмі наравістым вучнем. Нягледзячы на свае эксцэнтрычныя паводзіны, будучы вучоны адзначыўся ў вывучэнні як прыродазнаўчых, так і гуманітарных навук, а таксама цікавіўся рознымі відамі мастацтва: іграў на скрыпцы, пісаў вершы і праяўляў здольнасці да малявання з практычна фотаграфічнай дакладнасцю. У 1937 годзе закончыў сем класаў чыгуначнай школы № 46 у пасёлку Паўднёвы. У 1939 годзе закончыў рабфак пры 2-м Харкаўскім медыцынскім інстытуце. Паспеў закончыць два курсы гістарычнага факультэта Харкаўскага ўніверсітэта[8][12].
Вучоба была перапынена пачаткам вайны. Хаця Кнарозаў быў прызнаны неваеннаабавязаным па стану здароўя, у верасні 1941 года яго накіравалі ў Чарнігаўскую вобласць на будаўніцтва абарончых збудаванняў[14]. У лістападзе 1941 года ён аказаўся ў акружэнні і, згодна з яго аўтабіяграфіяй[8], «пражываў у пас. Паўднёвы Харкаўскага раёна, праводзячы большую частку часу ў блуканнях па Харкаўскай і Палтаўскай вобласці, хаваючыся ад мабілізацый і дабываючы на пражытак для старой маці»[14]. У захаванай даведцы 1950 года ўказана[15], што Ю. В. Кнарозаў у лістападзе 1941 — лютым 1943 г. пражываў у пас. Паўднёвы і аказаўся на вызваленай тэрыторыі ў лютым 1943 года ў час першага вызвалення Харкава савецкімі войскамі; у час знаходжання на акупіраванай немцамі тэрыторыі нідзе не быў працаўладкаваны. Пры контрнаступленні немцаў на Харкаў Кнарозаў з маці паспявае эвакуіравацца ў Варонежскую вобласць. Райваенкаматам сяла Старая Крыуша (Старакрыушанскі раён, Варонежская вобласць) Ю. В. Кнарозаў ізноў быў прызнаны нягодным да ваеннай службы (з-за крайняй ступені дыстрафіі)[16] і стаў працаваць настаўнікам пачатковай школы ў сяле Фамянкова таго ж раёна[8]. Восенню 1943 года Кнарозаў, у якога захавалася залікоўка Харкаўскага ўніверсітэта, аформіў перавод на гістфак Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта і працягнуў вучобу на другім курсе гэтай ВНУ, на кафедры этнаграфіі[8][16]. Ва ўніверсітэце Кнарозаў змог рэалізаваць сваё захапленне гісторыяй Старажытнага Усходу, этнаграфіяй і лінгвістыкай; першапачаткова спецыялізаваўся па егіпталогіі[5]. У сакавіку 1944 года быў прызваны ў армію[5][8]. Служыў спачатку ў школе малодшых спецыялістаў-рамонтнікаў аўтамабільных частак[8]. Згодна з запісам у ваенным білеце, сустрэў перамогу тэлефаністам 158-га артылерыйскага палка Рэзерва Вярхоўнага Галоўнакамандавання[17], пад Масквой. Вядома, што Кнарозаў не ўдзельнічаў ва ўзяцці Берліна, але, тым не менш, паводле ўзніклай пазней легенды (яе крыніцай з'яўляецца журналісцкі нарыс канца 1950-х)[5], іменна з Берліна ў якасці ваеннага трафея ён прывёз дзве выключна важныя кнігі («Паведамленне аб справах на Юкатане» Дыега дэ Ланды ў публікацыі Брасёр дэ Бурбура і «Кодэксы мая» ў гватэмальскай публікацыі братоў Вільякорта[18]), нібыта выратаваныя з полымя ахопленай пажарам бібліятэкі; сам Кнарозаў называў гэту легенду «дурною і бязглуздаю» і сцвярджаў, што кнігі ляжалі ў скрынях падрыхтаванай для эвакуацыі бібліятэкі ў Берліне і адтуль былі ўзяты савецкімі афіцэрамі[5]. У арміі Кнарозаў упарта адмаўляўся ісці на афіцэрскія курсы, каб скарэй дэмабілізавацца і вярнуцца да навуковай працы. Узнагароджаны медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»[16]. ![]() 16 кастрычніка 1945 года быў дэмабілізаваны як студэнт дзённага аддзялення ВНУ[19] і вярнуўся ва ўніверсітэт на кафедру этнаграфіі. Яго дыпломная работа пад назваю «Мазар Шамун Наби. Срезнеазиатская версия легенды о Самсоне» была прысвечана шаманскім практыкам Сярэдняй Азіі. Працуючы ў маскоўскім аддзяленні Інстытута этнаграфіі і антрапалогіі імя М. М. Міклуха-Маклая АН СССР, Кнарозаў правёў некалькі месяцаў ва Узбекскай і Туркменскай ССР, беручы ўдзел у працы Харэзмскай экспедыцыі. Працуючы ў Сярэдняй Азіі, ён займаўся вывучэннем спецыфікі ўзаемаадносін качавых этнічных груп і аседлы цывілізацый у рэгіёне ад старажытных часоў да перыяду экспансіі Расійскай імперыі. У гэты час на вочы Кнарозаву трапіла апублікаваны ў 1945 г. артыкул нямецкага даследчыка Паўля Шэльхаса пад назваю «Дэшыфроўка пісьма мая — невырашальная проблема». Гэта публікацыя рэзка змяніла яго навуковыя планы. Ён пакідае вывучэнне шаманскіх практык, каб адказаць на выклік Шэльхаса: «Як гэта невырашальная праблема? Тое, што створана адным чалавечым розумам, не можа не быць разгадана другім». Гэтай пазіцыі ён прытрымліваўся ўсё сваё жыццё. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1948) Кнарозаву паведамілі, што ён не можа прэтэндаваць на аспірантуру, бо яго сваякі аказаліся на акупіраванай тэрыторыі. Дзякуючы С. А. Токараву, ён пераехаў у Ленінград і стаў супрацоўнікам Музея этнаграфіі народаў СССР, дзе займаўся, па ўласных словах, «чарнавой музейнай работай без прэтэнзій», прычым жыў у пакоі ў будынку самога музея. Паралельна вялася праца па дэшыфроўцы пісьменнасці мая. Пасля прарыву 1952 года, С. А. Токараў і С. П. Талстоў дабіліся яго пераводу ў Музей антрапалогіі і этнаграфіі імя Пятра Вялікага (Кунсткамера) РАН у Ленінградзе, дзе ён працаваў са жніўня 1953 года[16] да самай смерці. Дэшыфроўка пісьменнасці маяДа праблемы дэшыфроўкі іерагліфікі мая Кнарозаў звярнуўся па рэкамендацыі свайго настаўніка і навуковага кіраўніка прафесара Сяргея Аляксандравіча Токарава, які падтрымаў студэнта на зло яго папярэдняму навуковаму кіраўніку — Сяргею Паўлавічу Талстову, з якім у Кнарозава адразу не склаліся адносіны і які не верыў у магчымасць дэшыфроўкі пісьменнасці мая[12]. У 1947 годзе Кнарозаў закончыў працу над дысертацыяй, прысвечанай «алфавіту дэ Ланды», састаўленаму ў XVI ст. іспанскім епіскапам Дыега дэ Ландай (які «праславіўся» спаленнем аўтэнтычных тэкстаў мая) на аснове паведамленняў маянскіх інфарматараў. Праца дэ Ланды заставалася невядомай да 1862 года, калі адна з яе копій была знойдзена ў бібліятэцы Мадрыдскай каралеўскай акадэміі Шарлем-Эцьенам Брасёрам дэ Бурбурам. Пасля гэтага даследчыкамі прадпрымалася нямала спроб дэшыфроўкі пісьма мая на аснове «алфавіта дэ Ланды», але іх няўдачы прывялі да таго, што к сярэдзіне XX ст. ў навуцы зацвердзілася пануючае перакананне адносна памылковасці звестак дэ Ланды. Кнарозаў склаў каталог іерогліфаў мая (апублікаваны ў 1999 годзе ў Мексіцы ў трох тамах) і к 1952 году змог устанавіць фанетычнае чытанне некаторых з іх. У першую чаргу яго цікавілі тэксты ў захаваных кодэксах мая. Даклад Ю. В. Кнарозава на абароне дысертацыі на атрыманне ступені кандыдата гістарычных навук (29 сакавіка 1955 года, тэма: «„Сообщение о делах в Юкатане“ Диего де Ланды как этно-исторический источник») доўжыўся тры з палавінай хвіліны, пасля абмеркавання яму аднагалосна была прысуджана ступень доктара гістарычных навук. Абарона дысертацыі па індзейцах мая стала навуковай і культурнай сенсацыяй у Савецкім Саюзе. Вельмі скора пра дэшыфроўку даведаліся і за мяжою. Ні разу не быўшы ў Мексіцы Кнарозаў зрабіў тое, чаго не ўдалося зрабіць многім вучоным розных краін, якія гадамі праводзілі палявыя даследаванні. Не выходзячы з кабінета, ён дэшыфраваў старажытнае пісьмо, грунтуючыся на тэкстах трох захаваных рукапісаў. Аднак адкрыццё савецкага вучонага прыйшлося на час абвастрэння халоднай вайны. Да таго ж, публікацыя аб адкрыцці суправаджалася прадмовай рэдактара, вытрыманай у прынятым тады ідэалагічным стылі. У выніку, на Захадзе дэшыфроўку пісьма мая Кнарозавым успрынялі як ідэалагічную дыверсію з боку СССР. Акрамя таго, дрэнную службу саслужыў яшчэ адзін выпадак. У пачатку 1960-х гадоў Кнарозаву прапанавалі ўдзельнічаць у складанні першай камп'ютарнай праграмы для машыннай апрацоўкі тэкстаў мая. Група праграмістаў з Новасібірска, забраўшы ўсе матэрыялы Кнарозава, спрабавала стварыць некаторую базу даных па знаках рукапісаў[20]. Цераз некаторы час новасібірская група ўрачыста аб'явіла аб тым, што ў іх распрацавана «тэорыя машыннай дэшыфроўкі» і выдала ў 4 тамах камп'ютарызаваную базу даных Кнарозава. Выданне падарылі Хрушчову. На погляд спецыялістаў, аб'яўленая «машынная дэшыфроўка» не мела ніякай навуковай каштоўнасці, тым больш, што ў 1963 годзе выйшла абагульняючая манаграфія Кнарозава «Письменность индейцев майя» з каталогам іерогліфаў і слоўнікам. Аднак гэтае непаразуменне паставіла для маладасведчанай публікі пад сумненне сапраўдныя вынікі дэшыфроўкі. За мяжою праціўнікі таксама скарысталі гэту зачэпку, каб аспрэчыць адкрыццё савецкага вучонага[18]. Тым не менш, паступова адкрыццё Кнарозава знайшло прызнанне ў навуковых колах, у тым ліку і на Захадзе. Поўны пераклад іерагліфічных рукапісаў мая быў апублікаваны ў 1975 годзе. За гэту працу Ю. В. Кнарозаў у 1977 годзе быў удастоены Дзяржаўнай прэміі СССР. У гэты перыяд ім былі напісаны тэарэтычныя працы, прысвечаныя рэлігіі мая, формулы вот на маянскай кераміцы, пазней — этнагенезу мая, вялася дэшыфроўка протаіндыйскага пісьма, разглядаліся магчымасці дэшыфроўкі пісьма вострава Пасхі. Круг навуковых інтарэсаў Кнарозава быў шырокі — ад дэшыфроўкі старажытных сістэм пісьма, мовазнаўства і семіётыкі, да засялення Амерыкі, археаастраноміі, шаманізму, эвалюцыі мозга і тэорыі калектыву. Познія гадыУ краіне мая Кнарозаву ўдалося пабываць толькі ў 1990 годзе, калі ён быў запрошаны прэзідэнтам Гватэмалы Вінісіа Серэса Арэвала. Запрашэнне супала з перыядам актыўных намаганняў па размарожванню дыпламатычных адносін СССР з гэтаю цэнтральнаамерыканскаю краінаю. Урад Гватэмалы арганізаваў Кнарозаву наведванне ўсіх найбольш яркіх выдатнасцей краіны і адзначыў заслугі вялікага вучонага ўручэннем яму Вялікага Залатога медаля прэзідэнта Гватэмалы. У 1995 годзе ў пасольстве Мексікі ў Маскве Кнарозаў быў узнагароджаны ордэнам Ацтэкскага арла, які ўручаецца мексіканскім урадам замежным грамадзянам за выключныя заслугі перад Мексікай[12]. Да 1998 года ён паспеў яшчэ раз пабываць у Мексіцы і адзін раз наведаць ЗША, дзе ён у палявых умовах правяраў апошнюю са сваіх гіпотэз аб паходжанні месаамерыканцаў. У 1999 годзе Юрый Валянцінавіч Кнарозаў памёр ад інсульту і наступнага ацёку лёгкіх на выстаўленым у калідор[21] бальнічным ложку ў Санкт-Пецярбургу ў поўнай адзіноце, скора пасля атрымання ганаровай узнагароды імя Таццяны Праскураковай (ЗША). Пахаваны на Кавалёўскіх могілках пад Санкт-Пецярбургам. Асоба
Асноўныя працы
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia