Казьянскі заказнік
«Казьянскі» — ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння ў Віцебскай вобласці Беларусі. Створаны ў 1960 годзе на тэрыторыі Шумілінскага і Полацкага раёнаў для аднаўлення і падтрымання аптымальнай колькасці паляўніча-прамысловых відаў жывёл. У 1999 годзе створана Дзяржаўная прыродаахоўная установа "Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Казьянскі»[3]. Агульная плошча заказніка 26 060 га. Плошча, пакрытая лесам, складае 78,8 % агульнай плошчы[4]. Тэрыторыя заказніка характарызуецца разнастайнасцю экалагічных сістэм і ўнікальнасцю прыродных комплексаў. Мазаічны комплекс вярховых і пераходных балот, якія чаргуюцца з пясчанымі выдмамі, дзе растуць хваёвыя і бярозавыя лясы, іх змяняюць нізінныя балоты, блакітная роўнядзь вялікіх і малых азёр. Сярод бярозавых і альховых лясоў можна сустрэць фрагменты старых дубраў, якіх некалі тут было шмат. Лясы заказніка не кранутыя чалавекам з-за іх цяжкадаступнасці. Галоўная рачная артэрыя гэтай тэрыторыі — рака Обаль з двума прытокамі (Ценіца і Глыбачка) нясе свае воды ў Заходнюю Дзвіну. Асноўная роля ў фарміраванні комплексаў верхавых і пераходных балот належыць азёрам, самыя буйныя з якіх Мошня, Расалай і Красамай. Усе яны маюць нізкія забалочаныя берагі і зарастаюць воднай расліннасцю. Сельскагаспадарчыя землі (ралля, сенажаці і выганы) складаюць усяго толькі 3 % ад агульнай плошчы тэрыторыі заказніка. Паколькі ў заказніку пераважаюць забалочаныя лясы, лесакарыстанне тут абмежаванае. Тэрыторыя заказніка з’яўляецца традыцыйным месцам збору грыбоў і ягад мясцовым насельніцтвам. На гнездаванні ў заказніку адзначана 175 відаў птушак, 44 віды занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Асаблівасці фаўны заказніка абумоўлены наяўнасцю разнастайных месцаў пражывання. Занесеныя ў Чырвоную кнігу віды млекакормячых фарміруюць тут даволі ўстойлівыя групоўкі: барсук, рысь, буры мядзведзь. Група рэдкіх і знікаючых вышэйшых раслін, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі, даволі шматлікая і прадстаўлены 21 відам. Акрамя іх тут сустракаецца шмат рэдкіх відаў мохападобных. Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia