ТарашкевіцаТарашкевіца — назва літаратурнай нормы беларускай мовы, заснаванай на непрыманні змен, уведзеных моўнаю рэформаю 1933 года. Таксама гэтай назвай могуць азначаць толькі альтэрнатыўную арфаграфію або граматыку. Назва ацэначная, пераважна ўжываецца і распаўсюджваецца прыхільнікамі альтэрнатыўнай нормы; сустракаецца таксама ў іншых крыніцах. У акадэмічнай тэрміналогіі няма (гл. таксама: наркамаўка, дзве нормы беларускай мовы). Назва ўзнікла, магчыма, яшчэ да 2-й сусветнай вайны[1] і выражае блізкасць, пераемнасць альтэрнатыўнай моўнай нормы з працай Тарашкевіча 1918 года (гл. таксама граматыка Тарашкевіча, 1929, граматыка Лёсіка, 1943). Недзе з 1994 пачала ўжывацца сінанімічная назва «класічны (правапіс)»[2]. Назва найчасцей ужываецца ў грамадскіх і палітычных колах, якія карыстаюцца альтэрнатыўнай моўнай нормай. Сустракаецца ў аўтараў, не ўвязаных непасрэдна ў процістаянне дзвюх літаратурных норм, прытым часам як умоўная, узятая ў двукоссі або з агаворкай «так званая „тарашкевіца“»[3][4]. У 2005 годзе быў апублікаваны перапрацаваны («нармалізаваны») звод правілаў арфаграфіі альтэрнатыўнай моўнай нормы (гл. беларуская альтэрнатыўная арфаграфія, 2005). 27 красавіка 2007 года IANA надала «тарашкевіцы» ўласнае азначэнне «tarask» (поўнае азначэнне: be-tarask).[5] Беларуская літаратурная мова азначана ў рэестры IANA як be-1959acad. У беларускім мовазнаўстве пакуль няма выразнага ўсведамлення наяўнасці ў беларускай літаратурнай мове двух стандартаў, хоць адрозненні паміж «тарашкевіцкім» i «падсавецкім» стандартамі і ахопліваюць амаль усе моўныя ўзроўні за выключэннем фаналагічнага[6]. Арфаэпічна-пісьмовая практыка беларускай літаратурнай мовы ў пач. 20 ст. развівалася пад моцным польскім уплывам. Так, у вымаўленні іншамоўных слоў тады была прынятая польская арфаэпія; гэтая рыса захаваная ў «тарашкевіцы». Аднак з прычыны слабага распаўсюджання польскай мовы ў Беларусі канца 20 — пач. 21 ст. паланістычныя арыентацыі тарашкевіцы амаль не ўсведамляюцца яе карыстальнікамі. Наадварот, польскі кампанент у тарашкевіцы ўспрымаецца як адзнака «прыналежнасці да Еўропы» і/ці праява самабытнасці гэтага стандарту[6]. Вынікі адначасовага суіснавання ў беларускай мове дзвюх норм ацэньваюцца па-рознаму: і як наогул станоўчыя[7], і як адмоўныя[8]. ГісторыяРэформу 1933 года не прызнала частка беларускіх палітычных арганізацый Заходняй Беларусі, якія палічылі яе русіфікацыйнай. Не прызналі рэформу 1933 г. і беларускія дыяспары Амерыкі, Аўстраліі і Заходняй Еўропы. Аднак, адкідаючы ўсё акадэмічнае развіццё правапісу пасля 1933 г. і працягваючы карыстацца дарэформенным, супольнасць беларусаў замежжа захавала і ўсе праблемы той граматыкі, што існавала да 1933 года. У другой палове 20 ст., сутыкнуўшыся з аб'ектыўнымі цяжкасцямі пры вырашэнні існаваўшых у той час моўных праблем (адной з якіх была адсутнасць агульнапрызнанай арганізацыі ці цэнтра па выпрацоўцы моўных норм), праціўнікі рэформы 1933 г. так і не здолелі інтэграваць розныя падварыянты тарашкевіцы ды ўзгадніць правілы альтэрнатыўнага правапісу (Гл. таксама: дзейнасць таварыства «Зборкі чысціні беларускай мовы»). Да цяперашняга часу беларускія эмігранцкія арганізацыі і друкаваныя выданні карыстаюцца рознымі варыянтамі тарашкевіцы (дыскусія Яна Станкевіча і Майсея Сяднёва ў пач. 1950-х гадоў, палітыка выдавецтва «Бацькаўшчына» і інш.). Пасля канчатковага закрыцця беларускіх школ у Польскай рэспубліцы (1937) адзіным маштабным выкарыстаннем граматыкі ў яе дарэформенным выглядзе былі школы акупацыйнай Генеральнай акругі «Беларусь», на працягу двух з невялікім гадоў. Канец 1980-х — 2000-я гадыУ часы перабудовы, у канцы 1980-х гадоў, быў ініцыяваны рух за вяртанне «сапраўднай» мовы разам з пераглядам вынікаў рэформы 1933 года. У пачатку 1990-х гадоў некаторыя перыядычныя выданні, прыхільныя да Беларускага Народнага Фронту, пачалі выкарыстоўваць «дзікую тарашкевіцу» (правапіс, у якім частка пытанняў беларускай арфаграфіі і граматыкі развязваліся паводле правапісу Браніслава Тарашкевіча, найперш «пытаньне мяккага знаку», «лацінізмы», «грэцызмы на заходні лад») — напрыклад, газеты «Свабода» (з заснавання газеты ў 1990), «Пагоня» і «Наша ніва» (з адраджэння газеты ў траўні 1991), часопісы «Спадчына» (з чэрвеня 1993?) і «Мастацтва» (з 1992 года побач з матэрыяламі афіцыйным правапісам з’яўляюцца матэрыялы і на тарашкевіцы)[9]. Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі ў 1990-х гадах таксама прытрымліваўся тарашкевіцы пры выданні рэлігійнай літаратуры. Асноўныя выданні беларусаў ва ўсходняй Беласточчыне, напрыклад газета «Ніва», не займалі выразнай пазіцыі ў гэтым пытанні і працягвалі карыстацца беларускай літаратурнай мовай. У канцы 1990-х гадоў некаторыя выданні, прызначаныя для масавага чытача, такія як «Свабода» (з 1996) і «Пагоня», перайшлі на выпуск у афіцыйным варыянце арфаграфіі. У 2000-я гады назіраецца працяг пераходу выданняў, якія раней карысталіся «тарашкевіцай», на беларускую літаратурную мову[10][11]. У той самы час у 2008 годзе рускамоўная газета Адміністрацыі прэзідэнта адзначылася падачаю беларускамоўных адказаў у адным з інтэрв'ю тарашкевіцаю[12][13]. Спробы ўнармавання тарашкевіцыСярод рэдактараў выданняў, якія друкаваліся тарашкевіцай, не існавала адзінага падыходу да таго, якім канкрэтна зборам ранейшых якасцей граматыкі і лексікі карыстацца, хоць і рабіліся заклікі да ўніфікацыі, найперш В. Вячоркам (публікацыі ў часопісе «Спадчына» ў 1991 і 1994, праект «мадэрнізацыі» ў 1995 тамсама). Наогул, пытанне выклікала раскол у беларускамоўнай супольнасці — з думкамі, якія вагаліся ад безумоўнай падтрымкі да такога самага адкідання, з вядомымі выражэннямі розніц у дыскусіях на старонках газеты «Наша слова», тады выдаванай у Таварыстве беларускай мовы (1992—1993), або ў апытанні часопісу «ARCHE Пачатак» (2003)[14]. У 1992—1993 ажыццяўляўся палітычны ціск дзеля заканадаўчага ўвядзення тарашкевіцы як нарматыўнай граматыкі. У выніку была склікана Дзяржаўная камісія па арфаграфіі, перад якой была пастаўлена задача выпрацаваць рэкамендацыі ў гэтым пытанні. Выніковыя рэкамендацыі апублікавалі 13 верасня 1994 года. У іх прызнавалася пажаданасць вяртання некаторых дарэформенных норм. У той самы час такі крок тады палічылі дачасным. Пасля 1994 г. прапагандысты граматыкі Браніслава Тарашкевіча працягвалі сваю выдавецкую дзейнасць і працавалі над яе кадыфікацыяй на аснове праекта В. Вячоркі. У 2005 годзе была выдадзена кніга «Беларускі клясычны правапіс. Сучасная нармалізацыя» (БКП-2005), дзе была зроблена спроба нармалізацыі тарашкевіцы. Нармалізацыя беларускага класічнага правапісу была прынята асноўнымі выданнямі, якія на той час прытрымліваліся тарашкевіцы — газетай «Наша Ніва», часопісам «Arche Пачатак», беларускімі рэдакцыямі Радыё «Свабода» і Польскага Радыё і некаторымі іншымі медыямі. Таксама гэты правапіс выкарыстоўвае адпаведны раздзел беларускай Вікіпедыі. Тарашкевіца сённяПрафесар Варшаўскага ўніверсітэта Баршчэўская лічыць, што многія беларусы, пераважна прадстаўнікі інтэлігенцыі, асуджаюць рэформу беларускага правапісу 1933 года і крытычна ставяцца да замацаваных ёю арфаграфічных норм, якія негатыўна ўплываюць на беларускае вымаўленне, што асабліва выразна заўважна падчас працы з дзецьмі ў пачатковай школе[15]. ЛітаратураНа тарашкевіцы выдаецца частка беларускамоўных мастацкіх твораў, публікуецца навуковая і дзіцячая літаратура, выдаюцца пераклады замежнай літаратуры, аздабляюцца музычныя творы і пераклады на беларускую мову замежных мастацкіх фільмаў і мультфільмаў. У прыватнасці, на тарашкевіцы былі выдадзеныя пераклады твораў Курта Вонегута, Юрыя Андруховіча і іншых. У 2008—2009 гадах выйшла трылогія Джона Толкіна «Уладар пярсцёнкаў»[16]. У 2002 годзе ў перакладзе Васіля Сёмухі ў Мінску была выдадзеная Біблія[17]. Ёсць і беларускі пераклад Старога Запавету на тарашкевіцы[18]. У 1993 годзе ў Беластоку была выдадзена першая частка перакладу рамана Джэймса Джойса «Уліс». Поўны пераклад рамана на беларускую мову быў скончаны праз паўтара дзесяцігоддзя і быў выкананы на тарашкевіцы. Як зазначае перакладчык рамана Ян Максімюк, калі ён з галавой акунуўся ў пераклад «Уліса», ён шукаў адэкватную «моўную прастору», якая б дазволіла выразіць лінгвістыка-стылістычныя асаблівасці рамана. Як адзначае Максімюк, тарашкевіца аказалася разняволенай моўнай сістэмай, якая дала шырокую прастору і моцны імпульс для перакладчыцкіх пошукаў новага слова і фразы[19]. СеціваНа думку кандыдата філалагічных навук Сяргея Важніка, найбольш істотнай асаблівасцю беларускамоўных інтэрнэт-рэсурсаў з’яўляецца пераважнае выкарыстанне ў іх тарашкевіцы[20]. Ён лічыць, што афіцыйная арфаграфія беларускай мовы ўспрымаецца карыстальнікамі байнэту як старая, нягнуткая, ненатуральная сістэма, а тарашкевіца — наадварот: як гнуткі, адкрыты, свабодны ад «умоўнасцяў» асяродак[20]. СлоўнікіУ 1966 годзе Язэп Гладкі ў Нью-Ёрку/Мюнхене выдаў зборнік прыказак Лагойшчыны на аснове тарашкевіцы. У 1989 годзе ў Нью-Ёрку быў выдадзены Беларуска-рускі («Вялікалітоўска-расійскі») слоўнік (складальнік — Ян Станкевіч), даступны ў бібліятэцы Кангрэсу ЗША[21]. У 1993 годзе ў Мінску было апублікаванае факсімільнае выданне беларуска-рускага слоўніка, складзенага мовазнаўцамі Байковым і Некрашэвічам у 1925 годзе[22]. Таксама ў 1993 годзе выйшаў Кароткі руска-беларускі фізіялагічны слоўнік на аснове тарашкевіцы[23]. У 2006 годзе былі выдадзеныя англійска-беларускі і нямецка-беларускі слоўнікі на аснове тарашкевіцы. Англійска-беларускі слоўнік (складальнік — Валянціна Пашкевіч) з’яўляецца першым англійска-беларускім слоўнікам сярэдняга памеру і ўключае ў сябе каля 30 тысяч слоў; у англійскай частцы слоўніка выкарыстоўваецца амерыканскі, а не брытанскі варыянт англійскай мовы[24]. Нямецка-беларускі слоўнік (складальнік — Мікалай Кур’янка) таксама з’яўляецца першым нямецка-беларускім слоўнікам сярэдняга памеру і налічвае 50 тысяч слоў[25]. На думку Змітра Саўкі, факт таго, што беларускія дзяржаўныя інстытуты не змаглі выдаць слоўнікі падобнага аб'ёму, сведчыць пра тое, што культура, якая мае ў сваёй аснове тарашкевіцу, у тым ліку лінгвістычная навука, не толькі існуе, але і мае дасягненні, якімі яна можа супернічаць з акадэмічнай навукай[26].
У асноўным прапаноўваюцца змяненні ў прыназоўнікавым кіраванні. КрытыкаКарскі адзначаў, што графіка новай літаратурнай беларускай мовы сфарміраваная пад польскім уплывам, прычым і ў кірылаўскім, і ў лацінскім варыянтах. У кірылаўскім варыянце Карскі бачыў такі ўплыў, найперш, ва ўжыванні «і» і «шч» замест «и» і «щ» (як у старабеларускай графіцы), а таксама ў «празмерным» (для не-польскай пісьмовай традыцыі) выкарыстанні мяккага знака між зычнымі[33]. Узнікненне практыкі азначэння мяккім знакам для азначэння ўсіх выпадкаў мяккасці зычных менавіта пад уплывам польскай графікі адзначалася таксама, напрыклад, гісторыкам Ластоўскім (1920-я гг.) і мовазнаўцам Падлужным (1990-я гг.)[34]. На думку Карскага, «крайнія» дзеячы беларускага нацыянальнага руху 1910-х-1920-х гадоў імкнуліся, асабліва ў 1919—1920, як мага хутчэй «прылучыць беларускі народ да культуры заходніх суседзяў [палякаў]», у тым ліку праз новую літаратурную мову[35]. Карскі адзначаў, што фарміраванне беларускай тэрміналогіі і іншых частак лексікі, аб'ектыўна не развітых у народных гаворках, вялося ў сучасныя яму гады (1900-1920-я гады) або шляхам прыдумвання цалкам новых слоў, што стварала значныя цяжкасці для навукі, або наогул шляхам узяцця тэрмінаў з польскай мовы і далучэння да іх беларускіх канчаткаў. Карскі адзначаў, што «крайнія» дзеячы беларускага нацыянальнага руху 1910-х-1920-х звычайна ішлі менавіта шляхам займання з польскай мовы, таму што намерана стараліся аддаліць беларускую літаратурную мову ад рускай[35]. Карскі лічыў яўнымі паланізмамі ў займаннях: палаталізаванае (мяккае) «л», цвёрдыя губныя, адмову ад дзекання і цекання (склады «ды», «ты» і інш.). Такой практыцы, якая працягвалася і ў 1920-я гады ў БССР, Карскі проціпастаўляў старабеларускую практыку гукавога афармлення запазычанняў[36]. Практыку пашырэння ўжывання цвёрдых зычных перад галоснымі пярэдняга рада «і» і «е», мяккага [ль] у запазычанай лексіцы (напрыклад, «пэнсыя», «парлямэнт» і пад.) лічыў узніклай пад польскім уплывам і мовазнавец Падлужны. Адносна цвёрдых зычных Падлужны адзначаў, што нават актуальная літаратурная норма, у якой цвёрдымі застаюцца толькі «д», «т», можа не адпавядаць рэальнаму народнаму маўленню з больш частым дзеканнем-цеканнем ([парцізан], [дзірэктар] і пад.)[37]. На думку мовазнаўца Падлужнага, аднаўленне дарэформенных норм у 1990-х гг. магло б фактычна прывесці да ператварэння ў непісьменных вялікай масы беларускамоўных і да ўтварэння своеасаблівай «элітарнай» пісьменнасці, якой валодала б невялікая колькасць людзей. Таксама Падлужны адзначаў, што вяртанне дарэформенных арфаэпічных норм у запазычаннях прывяло б да ненатуральнага, неадпаведнага народнаму маўлення і таксама рэальна служыла б адзнакай групавой прыналежнасці[37]. Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia