Касцёл Святога Міхаіла Арханёла (Цімкавічы)
Касцёл Святога Міхаіла Арханёла — колішні каталіцкі храм у в. Цімкавічы Капыльскага раёна. Гісторыя![]() Пабудаваны ў 1560 г. слуцкім князем Янам Сямёнам Юр’евічам Алелькавічам, асвячоны кардыналам віленскім біскупам Юрыем Радзівілам у 1580 г. У 1647 г. Лявонам Сапегам пастаўлены новы, таксама драўляны касцёл. У другой палавіне XIX стагоддзя перароблены пад царкву[1]. У 1906—1908 гадах інтэр’ер храма аздабляў арнаментальна-расліннай дэкаратыўнай размалёўкай з выкарыстаннем лепшых народных традыцый мастак Францішак Бруздовіч[2]. У 1976 і 1979 гг. спецыялістамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР было зроблена дэталёвае навуковае абследаванне гэтага помніка, зроблены абмеры і фотафіксацыя. У 1986 г. касцёл быў знішчаны пажарам у выніку «нядбайнасці» (у некаторых крыніцах называецца 1985 год[1])[2]. АрхітэктураТвор народнага драўлянага дойлідства з рысамі стылю барока. Трохнефавы храм з 5-граннай апсідай, якая, прарэзаўшы дах, выходзіла наверх, што забяспечвала ёй 2-яруснае асвятленне. Да апсіды сіметрычна далучаліся 2 сакрысціі. Асаблівасцю храма з’яўлялася 3-вежавая кампазіцыя яго галоўнага фасада, аздобленага паўкруглымі слупамі і падзеленага на 2 ярусы прычолкам з прафіляваным карнізам. Верхні ярус вырашаны атыкам з паўвальмавым дахам. Уваходныя дзверы мелі мастацкую акоўку ў выглядзе дубовых галінак[1]. Інтэр’ерУнутраная прастора была падзелена архаічнымі калонамі на 3 нефы з плоскай столлю. На левай сцяне была навешана квадратная кафедра амбона. Над уваходам хоры з філёнгавым парапетам і вітымі драўлянымі лесвіцамі. Мастак Францішак Бруздовіч распісаў інтэр’ер храма: міжнефавы фрыз запоўніў карцінамі, пакрыў сцены, столь і канструкцыйныя элементы раслінна-кветкавым арнаментам у стылі мадэрн — стылізаваныя букеты ружаў і кусты шыпшыны, галінкі яблынь, дубовае лісце, кветкі сланечнікаў, белыя рамонкі, блакітна-сінія валошкі, белыя лілеі, незабудкі і інш[1]. Вось як вобразна прадстаўлялі спецыялісты гэты самабытны і арыгінальны помнік манументальна-дэкаратыўнага жывапісу: «Па бронзавым колеры старога дрэва свабодным пэндзлевым роспісам і пры дапамозе трафарэтаў белым, бэзавым, блакітным, зялёным колерамі былі намаляваны квітнеючыя яблыневыя сады, ружы, арнаментальныя кампазіцыі з рамонкаў, лёну, лілей, званочкаў і іншых палявых і садовых кветак»[3]. В. В. Церашчатава, даследчык роспісаў Цімкавіцкага касцёла, падкрэслівае, што «ўсе кветкі мясцовай флоры пададзены мастаком у рэалістычнай манеры як па форме, так і па колеры. Колер роспісаў мажорны і яркі, ужываецца ў розных варыяцыях (белы, блакітна-сіні, зялёны, бэзава-ружовы, чырвоны, жоўты і інш.). Ствараецца ўражанне казачнага, дзівосна зачараванага свету, народнага хараства і прыгажосці»[4]. Юзафат Жыскар, гісторык касцёлаў, публіцыст, які падрыхтаваў і выдаў у 1912—1913 гг. знакаміты даведнік «Nasze Kościoły» з апісаннем нашых мінскіх, магілёўскіх і віцебскіх касцёлаў, адзначаў, што «цімкавіцкі касцёл багаццем фарбаў, эстэтычнай гармоніяй, жывой гульнёй паліхроміі стаў для Літвы і Белай Русі тым жа, чым стаў касцёл францысканцаў, аформлены Станіславам Выспянскім, для Кракава»[5][2].
Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia