Конкурс выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск»Конкурс выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск» — гэта традыцыйны міжнародны вакальны конкурс сярод выканаўцаў ад 18 да 31 года, які штогод праводзіцца падчас Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі Базар у Віцебску». Конкурс заснаваны ў 1992 годзе і з’яўляецца адзіным фестывальным мерапрыемствам, якое прысутнічала на ўсіх без выключэння віцебскіх фестывалях пачынаючы ад моманту заснавання «Славянскага базару». Паводле афіцыйнай фармулёўкі, конкурс мае за мэту «раскрыццё і падтрымку маладых талентаў, папулярызацыю музыкальнай культуры і мастацтва, узаемадзеянне і дыялог культур розных краін»[1]. Конкурс з’яўляецца адным з найбольш папулярных сярод выканаўцаў з краін СНД, Балтыі, а таксама Балканскіх краін. 8 разоў на конкурсе перамагалі прадстаўнікі краін былой Югаславіі. Для шмат каго з Беларускіх выканаўцаў конкурс зрабіўся пачатковым крокам на вялікую сцэну. У розныя гады Беларусь на конкурсе прадстаўлялі Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева, Вікторыя Алешка, Пётр Ялфімаў, Георгій Калдун і іншыя беларускія спевакі і спявачкі. Конкурс адкрыў Еўропе такія імёны як Марыя Навумава, Руслана, Жэлька Ёксімавіч, Ташэ Праескі, Бобі Майсоскі, Таісія Павалій. З 2003 года таксама праводзіцца і дзіцячы аналаг конкурсу «Віцебск». Фармат і правілыДа ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца выканаўцы эстраднай песні, якія маюць досвед канцэртных выступаў і якія заявілі пра сябе сваімі поспехамі ў нацыянальных музычных конкурсах і фэстах. Канкурсанты павінны мець рэкамендацыі ад дзяржаўных міністэрстваў і ведамстваў культуры (абавязкова для краін СНД), прадзюсарскіх цэнтраў, музычных студый, музычных тэле-, радыёпраграм, дырэкцый музычных фэстаў і конкурсаў. Узрост канкурсантаў павінен быць ад 18 да 31 года. Папярэдні адбор удзельнікаў ажыццяўляе «Дзяржаўная ўстанова Цэнтр культуры „Віцебск“» на аснове афіцыйных заявак, творчых рэкамендацый, аўдыё- і відэаматэрыялаў, прадстаўленых на конкурс. Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюць па аднаму выканаўцу ад краіны-ўдзельніцы. Усяго ў конкурсе могуць браць удзел не больш за 21 выканаўца. Конкурс праводзіцца на сцэне Летняга амфітэатра ў Віцебску і доўжыцца 2 дня. Парадак выступлення выканаўцаў звычайна вызначаецца лёсаваннем, якое праходзіць напярэдадні першага конкурснага дня, і з’яўляецца нязменным і ў другім туры. Для канкурсантаў падрыхтоўка да конкурсу пачынаецца загадзя, у Мінску, на базе Нацыянальнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Конкурс мае два этапы, кожны праходзіць у асобны дзень. У першы дзень канкурсант павінен выконваць эстрадную песню кампазітара краіны і на мове краіны, якую прадстаўляе канкурсант у суправаджэнні фанаграмы «мінус адзін» (правіла ўведзена ў 1993 годзе). Запіс дапаможнага голасу (бэк-вакалу) дапушчальны ў тым выпадку, калі ён не дублюе асноўны голас (меладычную лінію) і не замінае праслухоўванню выканаўца. Фанаграма забяспечваецца непасрэдна канкурсантам ці канкурсанткай. У другі дзень выконваецца песня кампазітара з славянскай краіны на адной з моў славянскай моўнай групы ў суправаджэнні Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Працягласць гучання песні ў кожны з дзён павінна быць не больш за чатыры хвіліны. За доўгую гісторыю правядзення конкурсу этапы часам мянялі месцамі, але правілы конкурсу для выканаўцаў амаль што не змяняліся і сталі традыцыйнымі. У 2003, 2004 і 2014 гадах праграма складалася з паўфіналу і фіналу, які складаўся з двух дзён. Міжнароднае журыМіжнароднае журы фармуецца Дырэкцыяй фэсту на кантрактнай аснове з ліку папулярных выканаўцаў эстраднай песні, кампазітараў, паэтаў, менеджараў, прадзюсараў, журналістаў, грамадска-палітычных дзеячаў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, якія маюць міжнароднае прызнанне і спрыяюць папулярызацыі ідэй фестывалю. Члены журы не павінны з’яўляцца менеджарамі ці прадзюсарамі ўдзельнікаў конкурсу. Колькасць членаў журы ад года на год мянялася: максімальная колькасць членаў журы была ў 1992 і 1993 гадах — 15 чалавек, мінімальная колькасць — 10 чалавек. Журы ацэньвае канкурсантаў па 10-бальнай сістэме, з пэўнай умовай не ацэньваць ніжэй за 4 бала. У 1994 годзе падчас галасавання старшыня журы Мішэль Легран ацэньваў канкурсантаў па 5-бальнай сістэме, у той час як астатнія сябры журы — па 10-бальнай. Галасаванне членаў журы адбываецца па заканчэнні выступу кожнага канкурсанта ў кожны дзень конкурсу. Вынікі галасавання адлюстроўваюцца на тэлевізійных экранах. Ацэнкі журы падсумоўваюць балы за два тура конкурсу і па выніках выяўляюць уладальнікаў Гран-пры, першай, другой і трэцяй прэміі. Па ўмовах конкурсу журы мае права не ўручаць Гран-пры, калі немагчыма вызначыць удзельніка, які падыходзіць паводле патрабаваных крытэрыяў для ўручэння прэміі. За ўсю гісторыю конкурсу такое здаралася толькі ў 1992, 1994 і 2017 гадах[2]. Журы мае права дзяліць прэмію (акрамя Гран-пры і першай прэміі) у роўных долях паміж дзвюма канкурсантамі, якія набралі роўную колькасць балаў ці з невялікай розніцай балаў (да 2-х балаў). У розныя гады старшынямі журы былі Уладзімір Мулявін, Мішэль Легран, Ігар Лучанок, Ала Пугачова, Марыа Марэна, Анатоль Ярмоленка, Рыкарда Качантэ. Пераможцы і лаўрэатыНайбольш паспяховымі сярод удзельнікаў конкурсу былі прадстаўнікі Беларусі — 7 перамог, а таксама Югаславіі і Украіны, якія атрымлівалі перамогу 5 разоў. Чатры разы Гран-Пры атрымлівалі прадстаўнікі Казахстана. Сярод небеларускіх удзельнікаў конкурсу найбольшых поспехаў дасягнулі Марыя Навумава з Латвіі і Руслана з Украіны, якія рабіліся пераможцамі конкурсу Еўрабачанне ў 2002 і 2004 гадах адпаведна. Вялікую папулярнасць у сваіх краінах і Еўропе атрымалі Жэлька Ёксімавіч з Сербіі, Ташэ Праескі і Бобі Майсоскі з Македоніі, Таісія Павалій з Украіны, а таксама Данатас Монтвідас з Літвы. Пераможцы і лаўрэаты міжнароднага конкурсу «Віцебск»[3]:
Міжнародны дзіцячы музыкальны конкурс «Віцебск»З 1996 года падчас Славянскага Базара ў Віцебску праходзіў Міжнародны конкурс дзіцячых шоу-праграм, які пасля стаў звацца Міжнародным конкурсам дзіцячых канцэртных праграм. Міжнародны дзіцячы музыкальны конкурс «Віцебск» стаў заменай апошняму з 2003 года. Фармат дзіцячага конкурсуПаводле афіцыйнай фармулёўкі, мэтай конкурсу з’яўляецца папулярызацыя дзіцячай музычнай творчасці, выяўленне юных таленавітых выканаўцаў, актывізацыя стварэння новых сучасных твораў для дзяцей і юнацтва, выхаванне мастацкага густа і павагі прафесіяналізму, адраджэнне найлепшых традыцый эстраднага жанру. Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца дзеці ва ўзросце ад 7 да 12 гадоў уключна, якія маюць досвед канцэртных выступаў. Конкурс звычайна складаецца з двух конкурсных выступаў, якія праходзяць у два дні, і гала-канцэрта. У першы дзень конкурсу ўдзельнікі выконваюць песню кампазітара краіны і на мове краіны, якую прадстаўляе канкурсант. У другі дзень выконваецца эстрадная песня па выбары канкурсанта, якая найлепш адлюстроўвае выканальніцкае майстэрства і артыстычныя здольнасці канкурсанта. Асноўным патрабаваннем да песень з’яўляецца адпаведнасць дзіцяча-юнацкай тэматыцы, сугучнасць з узростам і светапоглядам выканаўцы. Пераможца конкурсу робіцца ўладальнікам Гран-пры і Залатой Ліры. Пераможцы і лаўрэаты дзіцячага конкурсуНайбольшы поспех сярод удзельнікаў дзіцячага конкурсу маюць прадстаўнікі Беларусі з 6-цю гран-пры і Румыніі з 4-ма гран-пры, з іх 3 гады запар. Тройчы перамагалі на конкурсе ўдзельнікі з Расіі. Сярод беларускіх пераможцаў конкурсу Ксенія Сітнік і Андрэй Кунец паспяхова прадстаўлялі Беларусь на дзіцячым Еўрабачанні. Шмат хто з удзельнікаў з іншых краін таксама прымалі ўдзел у дзіцячай версіі Еўрабачання пасля ўдалых выступленняў у Віцебску. ![]() Пераможцы міжнароднага дзіцячага музыкальнага конкурсу «Віцебск»:
Зноскі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia