Крысціна Пізанская
Крысцíна Пізáнская (па-італьянску: Cristina da Pizzano, па-французску:Christine de Pizan; 1364, Венецыя ― 1430, кляштар Пуасі, цяпер дэпартамент Івелін, Іль-дэ-Франс, Францыя) ― французская пісьменніца, філосаф, паэтэса, рытарыца італьянскага (венецыянскага) паходжання. За сваю 30-гадовую кар’еру (1399—1429) яна напісала 41 твор, прызнаная першай прафесійнай пісьменніцай сярод жанчын у Еўропе[6]. БіяграфіяКрысціна Пізанская нарадзілася ў Венецыі ў 1364 годзе. У той час яе бацька, Тамаза дзі Бенвенута дэ Пізана (будучае прыдворнае імя — Тамас дэ Пізан; прозвішча паходзіць ад назвы горада Пізана каля Балонні), быў урачом, астролагам і радцам Венецыянскай рэспублікі. Неўзабаве пасля нараджэння дачкі бацька прыняў запрашэнне караля Францыі Карла V, які прапанаваў яму пасаду каралеўскага астролага, алхіміка і лекара. Прыдворная атмасфера найбольш спрыяла інтэлектуальным запытам Крысціны. Яна паспяхова займалася самаадукацыяй, паглыбляючыся ў вывучэнне моў, адкрываючы для сябе класікаў і гуманістаў Ранняга Адраджэння, у раскошным каралеўскім архіве Карла V, які змяшчаў велізарную колькасць рукапісаў[7]. ![]() Ва ўзросце пятнаццаці гадоў Крысціна выйшла замуж за дваццаціпяцігадовага Эцьена Кастэля, суддзю каралеўскага суда. Наступнае дзесяцігоддзе становіцца для яе трагічным: памірае кароль Карл V і даходы сям’і значна памяншаюцца. Памірае бацька Крысціны (1387 г.), а затым, у ад’ездзе, памірае ад эпідэміі яе муж (восень 1390 г.). Удава засталася з трыма дзецьмі, абцяжараная даўгамі мужа, і гэта вымушае яе пачаць працаваць. Інтэлектуальныя здольнасці і аўтарытэт адкрываюць ёй шлях да творчасці. Свядомае дзяцінства і жыццё пісьменніцы прайшло ў Парыжы і абацтве Пуасі, таму мовай яе твораў стала сярэднефранцузская[8]. У 1397 годзе дачка Мары, атрымаўшы ад караля пасаг, пакінула Крысціну — пайшла ў абацтва і прыняла пострыг. Сын Крысціны паступіў на службу да знатнага англійскага лорда. Сама Крысціна атрымала запрашэнне пажыць у Англіі, пры двары, але адхіліла яго і праз некаторы час пакінула Парыж і правяла 11 гадоў у кляштары, маючы больш часу на літаратурную працу і вывучэнне гісторыі, філасофіі, міфалогіі і твораў айцоў царквы. Яна лічыла сябе шчаслівіцай, бо бог даў ёй дар «любові да навукі». Дакладная дата смерці Крысціны Пізанскай невядомая. Прынята лічыць, што яна памерла ў Пуасі ў 1430 годзе[9]. ТворчасцьПершапачаткова Крысціна Пізанская — паэтэса[10]. Раннія куртуазныя творы Крысціны Пізанскай сведчаць аб высокай дасведчанасці і веданні ёю звычаяў і моды тагачаснага арыстакратычнага грамадства, у прыватнасці формы кахання паміж жанчынай і яе рыцарам, якая атрымала назву «галянтнага кахання»[11]. Яе алегарычныя і павучальныя трактаты ўтрымліваюць біяграфічныя звесткі пра жыццё і думкі, інтымныя і фемінісцкія разважанні набліжаюцца да традыцый вучоных схаластаў, міфалогію, легенды і гісторыю якіх яна ўспадкавала ад святароў, а ў жанрах вытанчаных або схаластычных узнімаюцца да майстэрства французскіх і італьянскіх паэтаў таго часу, якімі яна захаплялася[12]. На пачатку творчага шляху Крысціна звяртаецца да жанру любоўнай балады, што прыцягвае ўвагу заможных мецэнатаў: мужчын інтрыгуе феномен жанчыны-пісьменніцы і яны звяртаюцца да яе з просьбамі-замовамі аб паэтычным апісанні іх рамантычных прыгодаў. Плённым быў перыяд прыдворнай творчасці: у перыяд з 1393 па 1412 г. Крысціна напісала больш за трыста балад і мноства невялікіх паэтычных твораў розных формаў: ронда, вірэле і інш[13]. Яе ўдзел у літаратурнай палеміцы 1401—1402 гадоў дазволіў Крысціне выйсці па-за межы статусу прыдворнай пісьменніцы ў статус пісьменніцы, якая займаецца пытаннямі становішча жанчыны і арганізацыі грамадства: Крысціна развязвае вострую грамадскую дыскусію на літаратурнай асновай вакол тагачаснага высокамастацкага твора «Раман пра Ружу», пачаўшы дыскусію аб літаратурнай вартасці ўкладу аднаго з аўтараў — Жана дэ Мёна. Напісаны ў XIII стагоддзі, раман у частцы, даданай дэ Мёнам, высьмейваў традыцыі куртуазнага кахання, паказваў жанчын як спакусніцаў, утрымліваў мноства непрыстойных выказванняў, накіраваных супраць жаноцкасці, з’яўляючыся маніфестам жанчынаненавісніцтва. Крысціна асабліва падкрэсліла недапушчальнасць выкарыстання вульгарных алегорыяў, якія ўнёс у паэму дэ Мён, сцвярджаючы, што такія атаясамленні з’яўляюцца абразай прыроднай сутнасці сексуальнасці, што такая мова недапушчальная для апісання герояк. Крысціна сцвярджала, што шляхетныя дамы такой мовай не карыстаюцца[14]. Творы Крысціны ўражваюць сваёй колькасцю і жанравай разнастайнасцю: лірыка, парафразы лацінскіх аўтараў (Сенека, Плутарх, Валерый Максімус), дыдактыка, літаратурная крытыка, хатнія рэкамендацыі для рыцараў і дамаў, міратворчыя звароты да ўладных і каранаваных асоб, парады, трактаты аб кіраванні грамадствам і па іншых важных сацыяльных праблемах: аб рэфармаванні войска, аб шкодзе царкоўнага расколу, міжусобіцаў, грамадзянскай вайны і інш[15]. Яе эрудыцыя, глыбокія веды і дзелавая працавітасць яскрава праяўляюцца ў тэкстах: напрыклад, у творы «Кніга баявых і рыцарскіх дзеянняў» рэкамендацыі па вядзенні баявых дзеянняў дэталізаваныя аж да колькасці неабходных гармат і вагі снарадаў[16]. ![]() Аднак цэнтральным творам пісьменніцы з’яўляецца трактат «Кніга пра Град Кабечы»[17]. Твор лічыцца прадвеснікам сучаснага фемінізму, напісаны першай аўтарытэтнай жанчынай, якая кінула выклік жанчынаненавісніцтву, пагрозлівым і прыніжальным клішэ пра жанчын, распаўсюджаным у сярэдневяковай культуры. Першы з твораў, які апісвае ўклад жанчын мінулых стагоддзяў у фарміраванне грамадства. У «Кнізе пра Град Кабечы» апісваецца сімвалічны горад-мара, дзе жанчыны атрымаюць належную ацэнку і абарону, тут Крысціна выводзіць тры алегарычныя постаці: Разважлівасці, Справядлівасці і Прыстойнасці. Дыялагуючы з кожнай з музаў па чарзе, аўтар дэкларуе жаночы погляд на арганізацыю тагачаснага грамадства. Разам яны абмяркоўваюць пытанні, важныя для ўсіх жанчын[18]. Фемінізм Крысціны Пізанскай![]() У літаратурнай творчасці Крысціны Пізанскай выразна дамінавалі дзве асноўныя тэмы: патрыятызм у адносінах да Францыі і правы жанчын. Прыхільніца парадку ў грамадстве, Крысціна Пізанская адной з першых пераасэнсавала ўстойлівыя негатыўныя стэрэатыпы, якія існавалі ў культуры Сярэднявечча, беручы свой пачатак у перыяд барацьбы за зацвярджэнне царкоўнага шлюбу. Пісьменніца крытыкуе антыфемінісцкую па сваёй сутнасці царкоўную ідэалогію папярэдніх стагоддзяў, надаючы ўласнай пазіцыі анталагічнае гучанне, развенчвае асновы мізагініі, замацаваныя, у прыватнасці, у зводах кананічнага права[19]. Цяжка пераацаніць унёсак Крысціны Пізанскай у мысленне таго часу і важнасць супрацьстаяння панаванню мужчынскага дыскурсу. Яе рытарычныя стратэгіі былі прадметам навуковых даследаванняў на працягу стагоддзяў. Удасканальваючы ўласную рытарычную тэхніку, Крысціна заахвочвала жанчын вучыцца крытычнаму мысленню і майстэрству разважлівага дыялогу, каб супрацьстаяць феномену жанчынаненавісніцтва, які меў месца ў культуры позняга Сярэднявечча[20]. У 1949 годзе ў эсэ «Другі пол» Сімона дэ Бавуар пісала пра творы Крысціны Пізанскай: «…упершыню мы бачым, як жанчына ўзняла пяро ў абарону свайго полу»[21]. І менавіта гэта робіць Крысціну Пізанскую першай феміністкай Захаду[22]. Творы
Манускрыпты
Крыніцы
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia