Курадава (археалагічны помнік)Курадава — археалагічны помнік: селішчы каля в. Курадава Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Селішча — 1Знаходзіцца за 0,8 км на паўднёвы захад ад вёскі, на левым беразе р. Прыпяць. Размешчана на краі надпоймавай тэрасы і па яе схіле, плошча каля 4 — 4,5 га. У 1980 і 1982 гг. В. С. Вяргей адкрыла і даследавала 200 м2. Культурны пласт 0,4 — 0,9 м змяшчае розначасовыя, стратыграфічна непадзельныя рэшткі прадметаў эпохі мезаліту (свідэрскай культуры), неаліту (нёманскай культуры), бронзы (культуры шнуравой керамікі і тшцінецкай культуры), а таксама жалезнага веку (мілаградскай і позназарубінецкай культур), ранняга сярэдневякоўя (лука-райкавецкай культуры). У паўднёвай частцы раскопу выяўлена скопішча кавалкаў балотнай руды (таўшчыня слоя 0,1 — 0,2 м, плошча 8,5х3,5 м), у паўднёва-ўсходняй — гаспадарчая яма, у мацерыку — 15 попельна-вугальных плям. На паверхні пляцоўкі зрэдку сустракаюцца чалавечыя косці. Асноўны аб'ём матэрыялаў належыць да I — III стст.: каля 1200 фрагментаў посуду і ўпрыгажэнняў (фрагменты 2 фібул, 2 спражак, 8 пацерак, 2 посахападобныя шпількі, абломак бранзалета і г.д.). Керамічны матэрыял па спосабах апрацоўкі падзяляецца на: грубаляпны гладкасценны посуд (93%), фрагменты посуду з грабеньчатымі расчосамі (3%), чорна- і падглянцаваны посуд (2,5%). Асобнымі фрагментамі прадстаўлены посуд са штрыхоўкай і абломкі храпаватага посуду вельбарскай культуры. Гарызонт I — III стст. сінхранізуецца з фазамі В1 — С1 перыяду рымскіх уплываў паводле цэнтральна-еўрапейскай шкалы адноснай храналогіі. У абсалютных датах межы функцыяніравання вызначаюцца сярэдзінай I — пачаткам 1-й паловы III стст. Прафіліроўка найбольш выразных фрагментаў пасудзін, наяўнасць керамікі з расчосамі і штрыхоўкай у спалучэнні з глянцаваным посудам, характэрныя прыёмы арнаментацыі вянцоў набліжаюць керамічны матэрыял асноўнай часткі калекцыі рымскага перыяду селішча-1 да помнікаў тыпу Грыні—Ваўкі і Абідні з тэрыторыі верхняга і сярэдняга Падняпроўя. Селішча — 2Знаходзіцца за 0,5 км на захад ад селішча — 1, на ўзвышшы надпоймавой тэрасы левага берага р. Прыпяць. Выявілі ў 1986 г. В. С. Вяргей і А. А. Егарэйчанка. Пляцоўка памерамі 190х110 м. Знойдзены крамянёвыя вырабы (адшчэпы, пласціны, наканечнік стралы трохвугольнай формы, нуклеусы) эпохі каменнага і бронзавага вякоў, фрагменты ляпнога посуду мілаградскай, зарубінецкай, карчак і лука-райкавецкай культур. Селішча — 3Знаходзіцца за 1,5 — 2 км на захад ад селішча — 1, на левым беразе р. Прыпяць, на пясчаным узвышшы сярод поплаву. На паверхні сабраны фрагменты ляпнога посуду зарубінецкай, карчак і лука-райкавецкай культур. Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia