Лабірынт фаўна (саўндтрэк)
«Лабіры́нт фа́ўна» (англ.: Pan’s Labyrinth, ісп.: El Laberinto del Fauno) — саўндтрэк Хаўера Наварэтэ да аднайменнага фільма 2006 года рэжысёра Гільерма дэль Тора. Другая сумесная праца кампазітара і рэжысёра (пасля «Хрыбта д’ябла»). Праца над саўндтрэкам распачалася яшчэ да здымкаў фільма. Галоўнай музычнай тэмай стала калыханка, вядучай музычнай формай карціны была выбрана форма вальса, асноўным музычным памерам адпаведна — 3/4[16]. Наварэта напісаў цэлы шэраг музычных кампазіцый, што дазволіла Дэль Тора свабодна адчуваць сябе на этапе мантажу. Хоць многія трэкі ў фільм не ўвайшлі, рэжысёр настаяў, каб у альбом былі ўключаны ўсе напісаныя кампазіцыі[3][16]. Запіс саўндтрэка адбываўся на студыі «Барандаў » (Прага), звядзенне музыкі выконвалася на студыі «Soundtrack» (Барселона)[2][11]. Альбом быў выпушчаны 23 кастрычніка 2006 года лэйблам «Milan Records »[1] і атрымаў пераважна станоўчыя водгукі крытыкаў. За музыку да фільма Хаўер Наварэтэ ўдастоіўся намінацыі на прэмію «Оскар»[17]. СтваральнікіКампазітар — Хаўер Наварэтэ
Спіс кампазіцыйАльбом складаецца з 21 кампазіцыі, усе аўтарства Хаўера Наварэтэ.
ВытворчасцьДля напісання саўндтрэка да фільма «Лабірынт фаўна» Гільерма дэль Тора запрасіў іспанскага кампазітара Хаўера Наварэтэ, з якім раней ужо працаваў над фільмам «Хрыбет д’ябла» (2001). Рэжысёр падняў пытанне саўндтрэка яшчэ да пачатку здымкаў. Перш за ўсё ён перадаў Наварэтэ некалькі музычных фрагментаў «для натхнення» і папрасіў напісаць калыханку. Апісваючы сваё ўяўленне аб цэнтральнай музычнай тэме фільма, Дэль Тора казаў: «Гэта павінна быць калыханка, якая навявала б нешта кельцкае з поўначы Іспаніі і была б поўная смутку»[18]. З’яўленне гэтай музычнай тэмы да пачатку здымкаў мела прынцыповае значэнне для рэжысёра. З аднаго боку, гэтую мелодую ў некалькіх сцэнах павінна была напяваць гераіня Марыбэль Верду Мерседэс. З іншага боку, рэжысёр адчуваў, што гэтая мелодыя стане вызначальнай для яго бачання ўсёй гісторыі[16]. ![]() Асноўным патрабаваннем Дэль Тора была меладычнасць і эмацыйнасць музыкі, што стала сапраўдным выпрабаваннем для кампазітара[19][20]. Калі Наварэтэ напісаў першы варыянт, рэжысёр музыку ўпадабаў, аднак палічыў яе недастаткова меладычнай. Дэль Тора адзначаў: «Большасць кампазітараў баяцца мелодыі, але найлепшыя з калыханак якраз такія: просты матыў, што мае моц абудзіць цеплыню мацярынскага голасу»[16]. Наступны варыянт, прапанаваны Наварэтэ, меў мелодыю, аднак, паводле Дэль Тора, «у ім усё яшчэ не даставала некалькіх нот, быццам ён [кампазітар] любым коштам намагаўся пазбегнуць празмернай запамінальнасці, празмернай меладычнасці»[16]. У выніку, мелодыя была дапрацавана, як таго жадаў рэжысёр. Па прызнанні Дэль Тора, ён канчаткова пераканаўся ў завершанасці калыханкі, калі яго дачка запатрабавала мелодую на свой iPod[16]. Сам рэжысёр выкарыстоўваў калыханку ў якасці натхнення пры працы над раскадроўкай фільма[16]. Выкарыстаны ў калыханцы музычны памер 3/4 аказаў уплыў і на іншыя кампазіцыі саўндтрэка. Чым далей прасоўвалася праца над музычным суправаджэннем кінастужкі, тым больш рэжысёр і кампазітар прыходзілі да ўсведамлення, што музычная форма гэтай гісторыі — вальс. У выніку, асацыяцыі з вальсавай музыкай набылі добрыя персанажы і пачуцці — гэта і настальгічная іспанская мелодыя «The Refuge», і пачатак кампазіцыі «The Funeral», і мелодыя «Waltz of the Mandrake», дзе музычная форма адлюстравана ў назве[16]. Запіс саўндтрэка адбываўся паралельна са стварэннем гукавога афармлення фільма. Рэжысёр разумеў, што канчатковы выбар паміж гукавымі эфектамі і музыкай, а таксама іх камбінаванне будзе адбывацца на стадыі мантажа. Каб адчуваць сябе больш свабодна ў мантажнай, ён папрасіў Наварэтэ напісаць і прадставіць у яго распараджэнне дадатковую колькасць музычных тэм. Паколькі такім чынам музыкі апынулася больш, чым патрэбна, у выніковым мантажы фільма некаторыя кампазіцыі прыйшлося моцна ўрэзаць, а ад некаторых увогуле адмовіцца. Аднак, пры выпуску саўндтрэка рэжысёр настаяў, каб у альбом былі ўключаны ўсе кампазіцыі, якія Наварэтэ напісаў да фільма[3][16]. Альбом быў запісаны на студыі «Барандаў » (Прага), звядзенне музыкі выконвалася на студыі «Soundtrack» (Барселона)[2][11]. Саўндтрэк быў выпушчаны 23 кастрычніка 2006 года лэйблам «Milan Records »[1]. КрытыкаДжонатан Брокстан назваў музычнае суправаджэнне «Лабірынта фаўна» адным з найлепшых саўндтрэкаў года: «Нягледзячы на адносную невядомасць кампазітара і адчувальны дух артхауса ў фільме, саўндтрэк не саступае найлепшым галівудскім творам апошніх дванаццаці месяцаў»[8]. Па меркаванні Джэймса Крыстафера Монгера «Наварэтэ запаўняе кожную пустэчу цудамі, абапіраючыся на арфу, хоры і глыбокія струнныя, каб адлюстраваць пагружэнне маладой дзяўчыны ў фантазію сярод свету, які імкнецца разарваць сябе на шматкі»[3]. Эндру Гранадэ адзначае, што «Наварэтэ стварыў партытуру з паслядоўнай эстэтыкай, якая прываблівае вас і раскрывае больш глыбокія сувязі з кожным наступным праслухваннем»[14]. Падобную думку выказаў Джон Лі: «Музыка надзелена такім багаццем, якое патрабуе шматразовага праслухоўвання. Кожны раз гэта будзе асобны вопыт, і гэта дастаткова важкая прычына для аматараў саўндтрэкаў, каб уключыць гэты альбом у сваю калекцыю»[9]. Аглядальнік з «The Film Scorer» адзначае ролю музыкі ў супрацьпастаўленні і яднанні двух светаў: «Падзеі „Лабірынта фаўна“ разгортваюцца ў двух пастаянна збліжаючыхся светах: рэальным і фантастычным. Музыка кампазітара Хаўера Наварэтэ надае кожнаму непаўторную індывідуальнасць і адначасова звязвае іх агульнай тэмай»[21]. Джэймс Саўтхол выказаў меркаванне, што гэтая музыка можа палярызаваць слухачоў па ўзросце: «Гэта маляўнічая, маштабная музыка, у якой дамінуе запамінальная тэма, і я цалкам магу ўявіць, як маладыя фанаты кінамузыкі закахаюцца ў яе па вушы; больш маршчыністыя старэчы цалкам могуць спытаць, дзе эмацыйная глыбіня, і скласці спіс розных іншых саўндтрэкаў мінулых гадоў, якія робяць нешта падобнае, але лепш»[10]. Некаторыя крытыкі звярталі ўвагу на слабыя моманты саўндтрэка. Эндру Гранадэ адзначыў, што Наварэтэ часам звяртаецца да банальных клішэ. Прыкладам можа служыць атанальнае нарошчвання вялізнага духавога, струннага і фартэпіяннага кластара ў канцы кампазіцыі «A Book of Blood» дзеля ілюстрацыі жаху, і жудасная, нечалавечая перкусія, якая прабіваецца праз дысананс рэплікі «Not Human»[14]. Аглядальнік з рэсурса IGN выказаў думку, што саўндтрэк становіцца ахвярай засілля струнных над іншымі інструментамі. Рэцэнзент дадае: «У рэшце рэшт, нягледзячы на свой змрочна-рамантычны характар, саўндтрэк мае тэндэнцыю занадта моцна замыкацца на сабе, і многія кампазіцыі гучаць практычна неадрознымі адна ад адной»[7]. АналізАдкрываючая кампазіцыя саўндтрэка, «Long, Long Time Ago», адразу пачынаецца з загалоўнай тэмы фільма — дзіцячай калыханкі. Мелодыю выконвае дзявочы голас у форме напеву з закрытым ротам. Па меркаванні Джонатана Брокстана, гэтая кампазіцыя гучыць так, быццам яе напісаў Франсіс Ле або Жорж Дэлеру для фільма Французскай новай хвалі 1960-х гадоў[8]. У аглядзе для «Filmtracks.com » адзначаецца падабенства загалоўнай мелодыі з саўндтрэкам Джона Отмана да фільма «Гульня ў хованкі »[6]. У спалучэнні з пяшчотным фартэпіяна, мудрагелістымі струннымі і глыбокім фонавым вакалам калыханка ўзнікае яшчэ ў дзвюх кампазіцыях саўндтрэка: «Mercedes Lullaby» і «A Princess»[6][8]. Інструментальныя варыяцыі галоўнай тэмы можна пачуць яшчэ ў шэрагу трэкаў. Драматычнае, падобнае на вальс выкананне на чале з сольным фартэпіяна з’яўляецца ў кампазіцыі «A Tale», у тым жа духу выканана належна меланхалічная кампазіцыя «The Funeral», найбольшага перапаўнення пачуццямі галоўная тэма дасягае ў кампазіцыі «Ofelia», дзе да выканання далучаецца поўны аркестр. Фінал саўндтрэка, «Pan’s Labyrinth Lullaby», уяўляе сабой скрыпічнае сола, якое адрозніваецца асаблівай вытанчанасцю і далікатнасцю[8]. Акрамя асноўнай тэмы, значная частка партытуры складаецца з серыі рупліва зробленых і выразных музычных фраз, кожная з якіх выклікае ва ўяўленні розныя магічныя грані гісторыі, калі юная Афелія адпраўляецца ў лабірынт і сустракае ўсё больш дзівосных істот. «Чароўныя харавыя крэшчэнда багата напаўняюць „Three Trials“, злавесныя маршы і рэзкія эфекты піцыката дамінуюць у „The Moribund Tree and the Toad“, а звілістае сола альта праслізгвае праз усю „A Book of Blood“, перш чым яна выліваецца ў ашаламляльны дысананс»[8]. Па ходу альбома музыка паступова губляе свой магічны бляск і пачынае набываць пужаючы аспект, нібы падзяляючы са слухачом усё больш жахлівыя небяспекі, з якімі сутыкаецца Афелія. Да моманту з’яўлення такіх кампазіцый, як «Not Human», «Deep Forest», «Valse of the Mandrake», «Mercedes» і «Pan and the Full Moon», партытура амаль у поўную сілу ўключае рэжым жахаў, аркестр стварае ўсё больш яркія моманты шалёнай экшан-музыкі і рэзкага дысанансу, а хор забяспечвае некалькі момантаў прывіднага кантрапункту[8]. Узнагароды і намінацыіЗа музыку да фільма «Лабірынт фаўна» кампазітар Хаўер Наварэтэ быў намініраваны на 9 кінематаграфічных узнагарод і перамог у 3 намінацыях[22]. Ніжэй прыведзены спіс узнагарод і намінацый у храналагічным парадку.
ВыкананніСюіта на аснове саўндтрэка «Лабірынта фаўна» была выканана 21 ліпеня 2007 года на III Міжнародным кангрэсе кінамузыкі ў Убедзе (Іспанія)[35]. Галоўная тэма «Лабірынта фаўна» ўвайшла ў кампіляцыйны альбом фэнтэзійнай музыкі «Lord of the Rings: Fantasy's Finest - Vol. 1» (2014)[36]. У чэрвені 2019 года калыханка з «Лабірынта фаўна» была выканана Дацкім нацыянальным сімфанічным аркестрам і салісткай Тувай Семінгсен ў межах канцэрта «Fantasymphony: One Concert to Rule Them All»[37][38]. Крыніцы
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia