Масавы расстрэл дзеячаў Беларусі (у культуры вядомы як Чорная ноч[1], Ноч расстраляных паэтаў[2]) праведзены 29—30 кастрычніка1937 года ў Менску, было забіта больш за 100 чалавек. Лічыцца, што прынамсі частка расстрэлаў адбылася ў сутарэннях унутранай турмыНКУС БССР (т. зв. «амерыканкі»). У ліку расстраляных дзеячы навукі, культуры, вайскоўцы, дзяржаўныя дзеячы і служачыя Беларускай ССР. Сярод расстраляных 22 беларускія літаратары[3]. Невінаватасць большасці з расстраляных пазней была прызнана савецкімі ўладамі, яны былі пасмяротна рэабілітаваныя. Масавыя расстрэлы адбываліся ў папярэднія і наступныя дні, у гэты перыяд рэпрэсіі 1937—1938 гадоў у СССР дасягнулі ў Беларусі свайго піку[A].
Гісторыя
Бальшавіцкія рэпрэсіі на Беларусі пачаліся з 1917 года, спыняліся праз баявыя дзеянні і адступленне бальшавікоў з беларускіх тэрыторый. У перыяд НЭПу і палітыкі беларусізацыі сістэмных палітычных рэпрэсій у Беларускай ССР не праводзілася. Сістэмныя рэпрэсіі аднавіліся з 1930-х гадоў, са згортваннем палітыкі Беларусізацыі і пачаткам хвалі прымусовай калектывізацыі. Жнівень 1936 года лічыцца пачаткам Вялікага тэрору ў СССР, які характарызуецца масавымі палітычнымі рэпрэсіямі і знішчэннем вялікай колькасці людзей, найбольшага піку ён дасягнуў у 1937—1938 гадах. Асобнай часткай Вялікага тэрору ёсць рэпрэсіі ў апараце Чырвонай арміі.
У архіве прэзідэнта Расійскай Федэрацыі (АПРФ, вопіс № 24, справа № 411) захоўваецца «Спіс асоб, падлеглых суду ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР» (адзін з «сталінскіх расстрэльных спісаў[d]»). У спіс уключаныя «ворагі народа» з усяго Савецкага Саюза. Спіс датаваны 7 верасня 1937 года і падпісаны Іосіфам Сталіным, Вячаславам Молатавым, Лазарам Кагановічам, Кліментам Варашылавым, Мікалаем Яжовым. Спіс падсудных паводле першай катэгорыі (да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу) па Беларускай ССР налічвае 103 чалавекі, паводле другой катэгорыі (мусяць быць прыгавораны да 10 і болей гадоў зняволення ў лагерах) — 6 чалавек. Спіс па Беларускай ССР датаваны 15 верасня 1937 года і падпісаны Іосіфам Сталіным, Вячаславам Молатавым і начальнікам 8-га аддзела Галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай бяспекі СССР старшым маёрам дзяржаўнай бяспекі Уладзімірам Цэсарскім[5]. У спіс, які паступіў з Масквы, мясцовыя супрацоўнікі НКУС БССР дадалі шэраг дзеячаў (іх прозвішчы ў пераліку адзначаны «*»).
Уяўленне пра расстрэльную ноч 29—30 кастрычніка сфармавана ў кнізе даследчыка Леаніда Маракова «Толькі адна ноч» (2006), але ў пратаколах НКУС пазначалася дата без часу (29 ці 30 кастрычніка). Лічыцца, што прынамсі частка расстрэлаў адбылася ў сутарэннях унутранай турмыНКУС БССР (т. зв. «амерыканкі»), але расстрэлы маглі адбывацца за горадам, у тым ліку ў Курапатах. Далейшыя даследаванні ўскладнены закрытасцю архіваў КДБ у Беларусі. Дакладная колькасць расстраляных 29—30 кастрычніка 1937 года не вызначана. Лёс некаторых асоб з маскоўскага спісу невядомы, пры гэтым вядома, што частка з маскоўскага спісу была расстраляна ў іншы дзень, як ветэрынарны ўрач Канстанцін Гурскі (17 кастрычніка)[6], ці намеснік начальніка ўпраўлення Наркамзема БССР Аляксандр Васілевіч Іваноў (17 кастрычніка)[7]. Некаторыя падсудныя першай катэгорыі, як загадчык лабараторыі Віцебскай ветэрынарнай станцыі Міхаіл Капітанакі, у выніку былі прыгавораны да зняволення ў лагерах[8], хоць гэта было хутчэй выключэнне. Былі ў спісе тыя, хто толькі асуджаны 30 кастрычніка, але расстраляны ўжо 31 кастрычніка, як дацэнт Віцебскага ветзааінстытута Герасім Качанаў[9][10] ці загадчык кафедры Віцебскага ветзааінстытута і медінстытута Віктар Клянціцкі[11], вайсковец Іван Сарокаш[12] і іншыя.
Найбольш частымі артыкуламі Крымінальнага кодэкса БССР[13], інкрымінаванымі расстраляным, былі: артыкул 63 («здрада радзіме»), артыкул 69 («падрыў дзяржаўнай прамысловасці, транспарту, гандлю, грашовага звароту, крэдытнай сістэмы альбо кааперацыі, які зроблен з контррэвалюцыйнымі мэтамі»), артыкул 70 («учыненне тэрарыстычных актаў супроць прадстаўнікоў савецкай улады»), артыкул 76 («арганізацыйная дзейнасць, накірованая на падрыхтоўку альбо на ўчыненне прадугледжаных у артыкулах 63—75 злачынстваў, а таксама удзел у арганізацыі, утворанай для падрыхтоўкі або ўчынення аднаго з гэтых злачынстваў»). Пад артыкул 76 супрацоўнікамі НКУС фабрыкаваліся арганізаваныя «тэрарыстычныя» і «антысавецкія групы», «нацыянал-фашысцкія арганізацыі», «контррэвалюцыйныя арганізацыі» і да т.п., прызнанні ў сфабрыкаваных злачынствах выбіваліся праз катаванні зняволеных.
29—30 кастрычніка 1937 года адметныя вялікай колькасцю расстраляных літаратараў, але масавыя расстрэлы адбываліся ў папярэднія і наступныя дні[14]. Так, 31 кастрычніка, сярод іншых, былі расстраляныя беларускі палітык і Народны камісар асветы БССР у 1926—1929 гадах Антон Баліцкі, намеснік Народнага камісара асветы ў 1928—1930-х гадах і эканаміст Самуіл Слонім, сельскагаспадарчы дзеяч і рэдактар Сяргей Гесэн[15] і іншыя. 1 лістапада ў Менску адбыўся масавы расстрэл дзеячаў беларускай праваслаўнай царквы (11 чалавек) па справе «Беларуская аўтакефальная царква».
Спіс расстраляных 29—30 кастрычніка
Зорачкай (*) пазначаны прозвішчы, дададзеныя ў першапачатковы маскоўскі спіс мясцовым НКУС.
начальнік службы Днепра-Дзвінскага параходства ў Гомелі, у 1918—1919 гадах старшыня ЧК Заходняй вобласці, а затым БССР, адначасова ў сакавіку-маі 1919 года старшыня Менскага гарсавета.
Памяць
Акцыя «Ноч расстраляных паэтаў» у Быдгашчы (Польшча), 29 кастрычніка 2022 г.
У 2017 годзе палітык Мікалай Статкевіч арганізаваў ушанаванне забітых ля будынка КДБ[46], «ланцугі памяці» адбываліся і ў наступныя гады[47]. З 2017 года група актывістаў, якія абаранілі ахоўную зону Курапатаў ад забудовы бізнес-цэнтра, ва ўрочышчы распачалі 29 кастрычніка ладзіць «Ноч расстраляных паэтаў» з чытаннем іх вершаў і выступамі. У 2017 годзе быў выдадзены музычны альбом «(Не)расстраляныя» на вершы расстраляных аўтараў. Іх праспявалі і паклалі на музыку такія беларускія выканаўцы, як Лявон Вольскі, Святлана Бень і Павел Аракелян, а таксама гурты «Тонкі Ход», «Akute» і «Naka»[48].
У 2020 годзе было праведзена апошняе такое масавае мерапрыемства ў «Курапатах»[49], у наступныя гады праз палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі дата адзначаецца беларускай эміграцыяй[50].
↑Паводле даследчыка Леаніда Маракова, З 4 сакавіка 1937 г. да 22 траўня 1938 г. (444 дні) у Беларусі было рэпрэсавана каля 100 тысяч чалавек, у сярэднім за ноч арыштоўвалі 230 чалавек[4].