Майсей Саламонавіч Кульбак

Майсей Саламонавіч Кульбак
ідыш: משה קולבאַק
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 20 сакавіка 1896(1896-03-20)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 29 кастрычніка 1937(1937-10-29)[1] (41 год)
Месца смерці
Пахаванне
  • невядома
Жонка Зэльда Барысаўна Кульбак (1897—1973)
Дзеці Элі Кульбак, Рая Кульбак
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці
Гады творчасці 19161937
Мова твораў ідыш і іўрыт
Грамадская дзейнасць
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Майсе́й Саламо́навіч Ку́льбак (ідыш: משה קולבאַק — Мо́йшэ Ку́льбак; 20 сакавіка 1896, Смаргонь — 29 кастрычніка 1937, НКУС, Менск) — яўрэйскі пісьменнік, драматург, перакладчык. Пісаў на ідышы.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і служачага (прыказчыка ў лесагандлёвым прадпрыемстве). Маці — Сіма, паходзіла з сялянскай сям’і, жыла ў яўрэйскім паселішчы Карка ля Смаргоні.

Вучыўся ў хедары новага ўзору, расійскай школе, Свянцянскім, Мірскім і Валожынскім ешыботах (1909—1914). Здаў экстэрнам экзамен на званне настаўніка, працаваў выхавацелем у сірочым доме Коўні, настаўнікам у школах і гімназіях Смаргоні, Мінска, Вільні. У 1918 годзе жыў з бацькамі ў Менску, дзе быў лектарам на яўрэйскіх настаўніцкіх курсах, у пачатку 1919 года выехаў у Вільню. У 1920—1923 гадах жыў і працаваў у Берліне, збіраўся вучыцца ва ўніверсітэце, але слаба ведаў нямецкую мову. Працаваў суфлёрам вядомай віленскай трупы, якая там спынілася, жыў у нэндзы. Пазнаёміўся з Номбергам, Бал-Мехшовесам і іншымі яўрэйскімі літаратарамі.

У 1923—1928 гадах у Вільні, дзе ў 1927 годзе яго выбралі старшынёй «яўрэйскага ПЭН-клуба»[2], выкладаў літаратуру ў яўрэйскай гімназіі і настаўніцкай семінарыі. У кастрычніку 1928 года вярнуўся ў Менск. Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх перыядычных выданняў, у яўрэйскім сектары АН БССР. Сябра Саюза пісьменнікаў БССР з 1934 года[3].

Арыштаваны НКУС БССР 11 верасня 1937 года ў Менску па адрасе: Омскі завулак, д. 4а, кв. 1[4]. 28 кастрычніка 1937 года прыгавораны выязной сесіяй ваеннай калегіі Вярхоўнага Суда СССР як «член контррэвалюцыйнай трацкісцка-тэрарыстычнай арганізацыі» і за «сувязь з польскімі разведорганамі» да вышэйшай меры пакарання (расстрэл) з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны ноччу з 29 на 30 кастрычніка[3].

Пасмяротна рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 15 снежня 1956 года. Асабовая справа № 8179-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Сям’я

Жонка Зэльда Барысаўна Кульбак (1897—1973), настаўніца сярэдняй школы, была арыштаваная 5 лістапада 1937 года ў Менску, 28 лістапада асобнай нарадай пры НКУС асуджана як «член сям’і ворага народа» да 8 гадоў працоўна-папраўчых лагераў і этапаваная праз Оршу ў Акмолінскі лагер жонак здраднікаў Радзімы  (руск.) НКУС Казахскай ССР. Вызвалена 5 лістапада 1945 года[3].

Дзеці Ілья і Рая. Ілья (Элі) загінуў ад рук нацыстаў у 1942 годзе ў мястэчку Лапічы Магілёўскай вобласці. Рая (Раіса) Кульбак-Шавель жыве ў Ізраілі[5][6].

Творчасць

Чыставы рукапіс паэмы Rajsn, якую Кульбак даслаў для публікацыі ў часопісе Di cukunft.
Анатоль Наліваеў. «Мошэ Кульбак». 1984.
З жонкай і сынам у 1930 годзе
Мойшэ Кульбак у 1936 годзе

Пачаў пісаць у Коўне, спачатку пісаў вершы на іўрыце, але неўзабаве перайшоў на ідыш. Першыя вершы: «Зіма» (Вінтэр), «Зілбер шнэй ун тэхэйлэс» (Снег сярэбраны, блакітны), «Гордос» (Ірад), «Штарб» (Смерць).

Друкавацца пачаў восенню 1916 года, першая публікацыя — верш «Зорачка» («Штэрндл»), які хутка стаў народнай песняй. У 1917 друкуе ўрывак з паэмы «Разбурэнне Вавілона», у 1919 урывак з паэмы «Горад». Напісаны паэмы «Беларусь» (1923), «Буня і Бэра ў дарозе» і інш.

Аўтар зборнікаў «Вершы» (Шырым, Вільня, 1920), «Вершы» (Лідэр, Берлін, 1922), «Пачатак» (Дэр онгэйб, там жа, 1923), «Новыя вершы» (Нае лідэр, Варшава, 1922), «Паэмы і вершы» (Менск, 1929), «Вершы» (Менск, 1933) раманаў «Месія сын Эфроіма» (Мэшыех бэн фройм, Берлін, 1924)[7], «Панядзелак» (Варшава, 1926), «Зельманцы». Для дзяцей напісаў казку «Вецер, які гнявіўся» (Вільня, 1921).

У Вільні стварыў школьны тэатр, з якім ставіў «Дзі голдэнэ кэйт» І. Л. Пераца, гамераўскую «Іліяду», трэці акт Шэкспірава «Цэзара», старую яўрэйскую п’есу Галэ-Вальфсона з 18 ст. «Лайхтзін ун фрэмэлай», пурымскія п’есы.

Аўтар драмы «Якаў Франк» (Вільня, 1923). П’еса «Разбойнік Бойтра» была надрукавана ў менскім часопісе «Штэрн» у 1936 годзе, пастаўлена Маскоўскім дзяржаўным яўрэйскім тэатрам у тым жа годзе, Беларускім дзяржаўным яўрэйскім тэатрам у 1937 годзе, яўрэйскім драматычным калектывам Вільнюскага дома культуры прафсаюзаў у 1961 годзе[8], а тэль-авіўскім Камерным тэатрам — у 1996 годзе; перакладзена на беларускую мову Феліксам Баторыным пад назвай «Бойтра», 2014[9]. П’еса «Беньямін Магідаў» рыхтавалася да пастаноўкі ў 1937 годзе, была прысвечана змаганню падпольшчыкаў супраць польскіх легіёнаў, рукапіс страчаны пасля арышту аўтара.

Пераклаў на мову ідыш паасобныя вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, п’есу Мікалая Гогаля «Рэвізор» (1933), зрабіў літаратурную апрацоўку перакладу на ідыш рамана Мікалая Астроўскага «Як гартавалася сталь  (руск.)» (Менск, 1937). Разам з З. Вітэнзонам падрыхтаваў да друку (пераклаў на ідыш асобныя творы, выступіў у якасці ўкладальніка) зборнік «Рэвалюцыйныя навелы» (1931).

Адчувае ўплыў нямецкага экспрэсіянізму[10]. Паэт і педагог Рыгор Рэлес лічыў, што на творчасць Майсея Кульбака, асабліва на п’есу «Бойтра», пэўны ўплыў аказала творчасць Янкі Купалы[9].

Збор твораў Майсея Кульбака ў 3 тамах (1926-27) і ў 4 тамах (1929) выдаў Клецкін. У Менску выйшлі дзве кнігі вершаў, раман «Зельманцы» (кн. 1, 1931; кн. 2, 1935; пазней выходзіў у перакладах на беларускую, рускую, англійскую, нямецкую, французскую), аўтабіяграфічная паэма «Дзісенскі Чайльд Гарольд» (1933), «Выбранае» (1934).

Пасмяротна выйшлі ў Буэнас-Айрэсе два першыя раманы (1950), «Выбраныя творы» (фонд Ёсіфа Ліфшыца, 1976) у Нью-Ёрку «Выбраныя творы» (ЦІКО, 1953), у Маскве зборнік вершаў і паэм «Чалавек добры» (1979). Творы Майсея Кульбака на ідышы і ў перакладах выдаваліся таксама ў Ізраілі, Францыі і іншых краінах.

Дэбютаваў у віленскім зборніку «Літэрарышэ замлхэфтн». У час вайны друкаваўся ў Лацтэ наес, Дэр векер, Култур ун білдунг, Дзі нае велт, у зборніку памяці Вайтэра. Потым у Цукунфт, Форвертс, Ідышэ велт, Вільнер тог.

Беларускія пераклады

У 1960 годзе ў Мінску выйшаў раман «Зельманцы» ў перакладзе на беларускую мову Віталя Вольскага[11]. У 2015 годзе раман быў перавыдадзены і трапіў у спіс кніг года паводле шэрагу экспертаў[12]. П’еса «Разбойнік Бойтра» перакладзена на беларускую Феліксам Баторыным пад назвай «Бойтра» для часопіса «Дзеяслоў» (2014)[9]. Асобныя вершы Майсея Кульбака перакладалі з ідыш на беларускую Эдзі Агняцвет, Сцяпан Гаўрусёў, Васіль Жуковіч, Генадзь Кляўко, Язэп Семяжон, Андрэй Хадановіч і іншыя вядомыя паэты. У 1970 годзе ў Мінску выйшаў паэтычны зборнік Майсея Кульбака «Выбранае», у 2016 — двухмоўны (на ідыш і беларускай) зборнік «Eybik/Вечна»[13]. У 2016 годзе таксама з’явіліся пераклады казкі «Вецер, які гняваўся»[14] і апавядання «Муня-птушкавод і яго жонка Малкелэ»[15]. У 2018 і 2019 гадах выдадзены раманы «Панядзелак» і «Месія з роду Эфраіма» ў перакладзе Сяргея Шупы.

  • Панядзелак: маленькі раман / Мойшэ Кульбак. — Прага : Вясна, 2018. — 146, [1] с.
  • Мэсія з роду Эфраіма: раман / Мойшэ Кульбак. — Прага : Вясна : Мінск, Янушкевіч, 2019. — 190 с.

У 2022 годзе выйшаў двухтомнік Мойшэ Кульбака. Першы том быў выдадзены на ідыш, мове арыгіналу[16]; у другі том уключылі лацінскую транслітарацыю вершаў і іх пераклад на беларускую мову[17].

У 2024 годзе выйшаў раман «Зельманцы» ў перакладзе Сяргея Шупы, пад назвай «Зэлмэняне»[18].

Зноскі

  1. а б Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. Біяграфічныя звесткі / Кульбак М. Вечна. Мінск: Шах-плюс, 2016. С. 88.
  3. а б в Кульбак Майсей Саламонавіч // Ахвяры і карнікі : [аб палітычных рэпрэсіях 1937―1938 гадоў] / Леанід Маракоў. — Мінск, 2007. — 439 с.
  4. Лекцыя В. Рубінчыка пра М. Кульбака (руск.) (13 верасня 2017). Архівавана з першакрыніцы 14 верасня 2017. Праверана 14 верасня 2017.
  5. Мойшэ Кульбак і «Галіяфы». belisrael.info. Архівавана з першакрыніцы 28 сакавіка 2016. Праверана 16 чэрвеня 2017.
  6. Сяргей Шупа. Рая Кульбак, дачка расстралянага паэта. Праверана 29 кастрычніка 2021.
  7. надрукаваны пасля ад'езду Кульбака
  8. Юбилей М. Кульбака (1966 г.) (руск.). belisrael.info.
  9. а б в Про Янку Купалу и евреев (руск.). belisrael.info.
  10. Эля Шульман…
  11. Мойшэ Кульбак. Зельманцы. prajdzisvet.org.
  12. «Нататкі таткі» Андрэя Хадановіча — найлепшая кніга мастацкай літаратуры 2015 па версіі экспертаў Свабоды. svaboda.org (24 снежня 2015).
  13. Прэзентацыя кнігі Майсея Кульбака: да 120-годдзя творцы(недаступная спасылка). lit-bel.org (16 сакавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 11 снежня 2017.
  14. Майсей Кульбак. Вецер, які гняваўся. belisrael.info.
  15. Майсей Кульбак. Муня-птушкавод і яго жонка Малкелэ. belisrael.info.
  16. Mojše Kulbak. Ale lider un poemen / משה קולבאַק. אַלע לידער און פּאָעמען – VESNA / ВЯСНА. Праверана 6 красавіка 2024.
  17. Мойшэ Кульбак. Усе вершы і паэмы – VESNA / ВЯСНА. Праверана 6 красавіка 2024.
  18. Выйшаў поўны пераклад менскага рамана Кульбака

Літаратура

Спасылкі


Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya