Мікалай (Шамяціла)
Епіскап Мікалай (свецкае імя: Мікалай Іванавіч Шамяціла; 1877, Аброва, Пінскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя — 23 чэрвеня 1933, Мінск, БССР, СССР) — беларускі праваслаўны дзеяч, епіскап Слуцкі (1923—1933). БіяграфіяПа нацыянальнасці беларус. Нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і праваслаўнага святара Івана Шамяцілы. Навучаўся ў Пінскім духоўным вучылішчы, у 1897 годзе скончыў Мінскую духоўную семінарыю. У 1899 годзе быў пасвечаны ў іерэя і прызначаны настаяцелем Параскева-Пятніцкай царквы ў вёсцы Мясяцічы Пінскага павета. З 1902 года — выкладчык Закона Божага ў Мінскім жаночым вучылішчы. У 1903 годзе прызначаны настаяцелем Троіцкай царквы ў вёсцы Белавушы. У 1904 годзе паступіў у Маскоўскую духоўную акадэмію, якую скончыў са ступенню кандыдата багаслоўя (1908). Па вяртанні ў Беларусь служыў у Міхайлаўскай царкве ў Востраве, прадмесці Слуцка. 22 красавіка 1914 года прызначаны настаяцелем слуцкага Мікалаеўскага кафедральнага сабора, старшынёй Слуцкага аддзялення Епархіяльнага вучылішчнага савета з наданнем сана протаіерэя. Падчас польска-савецкай вайны падтрымліваў кантакты са Слуцкім беларускім нацыянальным камітэтам, культурна-асветніцкім таварыствам «Папараць-Кветка». Падтрымліваў і прапагандаваў сярод вернікаў ідэі беларускага нацыянальнага адраджэння[1]. 29 мая 1920 года выступіў з урачыстым малебнам перад выпускнікамі Слуцкіх беларускіх настаўніцкіх курсаў, у якім заклікаў маладых настаўнікаў служыць на карысць бацькаўшчыны і беларушчыны. У пачатку 1920-х гадоў ідэйна зблізіўся з прыхільнікамі аўтакефаліі праваслаўнай царквы Беларусі епіскапам Бабруйскім Філарэтам, святарамі Уладзімірам Бірулям, Валяр’янам Навіцкім і іншымі. Выступаў супраць абнаўленцаў, якія стварылі Беларускую аўтаномную праваслаўную царкву. У сакавіку 1923 года мітрапаліт Мелхіседэк пасвяціў айца Мікалая ў епіскапа Слуцкага, вікарыя Мінскай епархіі[2]. Арыштаваны 21 жніўня 1926 года ДПУ БССР па абвінавачванню ў антысавецкай дзейнасці, аднак вызвалены ў верасні 1926 года з-за недаказанасці злачынства. У ліпене 1927 года ў епіскапа здарыўся інсульт з частковай паралізацыяй. Зноў арыштаваны ў 1933 годзе і разам з 20 святарамі Слуцкага вікарыяцтва прыгавораны да 8 гадоў зняволення ў лагерах па сфабрыкаванай справе «контррэвалюцыйнай праваслаўнай паўстанцкай арганізацыі». Па афіцыйнай версіі, памёр ад тыфу ў мінскім шпіталі, па іншых звестках — расстраляны ў Мінскай унутранай турме АДПУ і тайна пахаваны на гарадскіх лютэранскіх могілках[3]. Рэабілітаваны 17 ліпеня 1989 года пракуратурай БССР. Узнагароды
Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia