Ніас
Ні́ас, або Нія́с[1] (індан.: Nias, на мове ніасцаў Tano Niha, літаральна «зямля людзей»[2]) — востраў у Індыйскім акіяне. Уваходзіць у склад Інданезіі. Насельніцтва (2010) — 756 762 чалавек. ГеаграфіяНіас — самы буйны востраў Інданезіі на захад ад Суматры. Плошча — 5121,3 км². Даўжыня — каля 125 км, шырыня — каля 40 км. Сфарміраваны ў выніку субдукцыі (напаўзання акіянічных пліт, гл. Тэктоніка пліт). Знаходзіцца ў зоне сейсмічнай актыўнасці. Моцна пацярпеў пад час землетрасенняў 2004 г. і 2005 г. Берагі нізкія, часам забалочаныя. Вылучаюцца шырокія пясчаныя пляжы, асабліва характэрныя для поўдня. Цэнтральная частка і поўдзень вострава ўзгорыстыя (да 886 м). Шмат рэк. Клімат экватарыяльны вільготны. З красавіка да кастрычніка цягнецца сезон мусонаў, з лістапада да сакавіка — адносна сухі сезон, які суправаджаецца сталымі вятрамі, але найбольшай моцы вецер дасягае ў міжсезонне, асабліва ў кастрычніку. Усяго налічваецца 270 дажджлівых дзён. На працягу года тэмпературы вагаюцца ад 20 да 36 °C. ПрыродаНа Ніасе захаваліся мангравыя і шыракалістыя лясы. Апошнія растуць пераважна на ўзгорках. Частка гаспадарчых зямель занятая плантацыямі какосавай пальмы (27 445 га) і гевеі (26 262 га), сярод якіх сустракаецца нямала дзікарослых дрэў. Багатая калісьці фаўна была ў вялікай ступені страчана ў выніку дзейнасці чалавека. Значныя праблемы ўзнікаюць з-за шырока распаўсюджаных малярыі і шаленства. Гісторыя![]() Дакладны час засялення Ніаса не вядомы. Археалагічныя раскопкі паказваюць, што продкі ніасцаў з’явіліся каля 12 тыс. гадоў таму, калі востраў быў злучаны з Суматрай сухапутным мостам. Але некаторыя аўтары мяркуюць, што засяленне магло адбыцца значна раней — каля 55 тыс. гадоў таму. Гэта часткова пацвярджаецца генетычнымі даследаваннямі, якія праводзіліся ў 2002—2003 гг., хаця і не абвяргае тэорыю аб пазнейшых перасяленцах з Суматры і, магчыма, Індыі. У адноснай ізаляцыі абарыгены Ніаса стварылі арыгінальную мегалітычную культуру. Яны займаліся сельскай гаспадаркай, паляваннем і збіральніцтвам. Да прыходу еўрапейцаў вылучыўся пласт спадчынных правадыроў, якія вялі паміж сабою войны. У персідскіх пісьмовых крыніцах звесткі пра Ніас з’явіліся ў IX ст. З XV ст. востраў наведвалі гандляры рабамі з Паўночнай Суматры, якія заснавалі на паўночным усходзе вострава невялікі гандлёвы цэнтр. У 1857 годзе Ніас быў намінальна далучаны да валоданняў Нідэрландаў. Аднак рэальны каланіяльны кантроль быў усталяваны толькі ў 1906 г. У 1865 г. на Ніасе высадзіліся нямецкія місіянеры, якія садзейнічалі распаўсюджванню хрысціянства, спыненню ўзаемных войнаў і гандлю рабамі. Каля 1915 г. сярод астравіцян узмацніўся апакаліпсічны рух. У 1945 г. Ніас увайшоў у склад Інданезіі. Узбярэжныя раёны моцна пацярпелі ў выніку цунамі 26 снежня 2004 года. Сацыяльна-эканамічнае становішчаНіас падзяляецца на некалькі адміністрацыйных адзінак. Галоўным паселішчам і эканамічным цэнтрам з’яўляецца горад Гунунгсітолі на паўночным усходзе. Большасць насельніцтва вострава — карэнныя ніасцы, таксама жывуць кітайцы, выхадцы з Паўночнай Суматры і Явы. Мясцовая эканоміка абапіраецца на сельскую гаспадарку, экспарт сыравіны для гумавай і харчовай прамысловасці. На поўдні вострава размешчана некалькі курортаў, якія абслугоўваюць турыстаў — прыхільнікаў сёрфінгу. Пасля цунамі 26 снежня 2004 года сацыяльнае становішча застаецца напружаным. Назіраецца міграцыя мясцовых насельнікаў у Джакарту і іншыя правінцыі Інданезіі. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia