Экватарыяльны клімат, таксама вядомы як клімат вільготных трапічных лясоў, — падтып трапічнага клімату, гарачы і вільготны, які ахоплівае раёны ў межах ад 10 да 15 градусаў шыраты па абодва бакі ад экватара. У вышэйшых шыротах ёсць і іншыя раёны, такія як узбярэжжа паўднёва-ўсходняй Фларыды ў ЗША і Акінава ў Японіі, якія падпадаюць у катэгорыю клімату трапічных лясоў. У гэтым поясе назіраюцца высокія сярэднегадавыя тэмпературы (24-28 °C) і іхняе раўнамернае размеркаванне, панаванне экватарыяльнага паветра і багатыя дажджы, якія выпадаюць на працягу ўсяго года. Пераважныя натуральныя ландшафты — вільготныя экватарыяльныя лясы.
Уласцівая для трапічнага лесу расліннасць, востраў Барнеа.
Вільготныя трапічныя лясы маюць тып трапічнага клімату, у якім няма засушлівага сезону — ва ўсе месяцы сярэдняя колькасць ападкаў складае не менш за 60 мм. Абагульнена гадавая колькасць ападкаў складае больш за 1 500 мм на раўнінах і 6 000-10 000 мм на горных схілах. Тут няма дакладна выяўленых вільготных або засушлівых сезонаў, паколькі на працягу ўсіх месяцаў выпадае вялікая колькасць дажджу. Адзін дзень у клімаце трапічнага лесу паўтарае іншы, а змена тэмпературы паміж днём і ўначы можа быць больш, чым сярэдняя змена тэмпературы на працягу года.[1]
Экватарыяльная і трапічнапасатная разнавіднасці
Калі ў клімаце вільготных трапічных лясоў больш пераважае зона ўнутрытрапічнай канвергенцыі, чым пасатныя вятры (і пры адсутнасці або рэдкасці цыклонаў), звычайна наяўныя зблізку экватара, то яго завуць адпаведна экватарыяльным кліматам. У адваротным выпадку, калі ў ім пераважаюць пасаты, яго называюць трапічным пасатным кліматам. У чыста экватарыяльным клімаце атмасферны ціск амаль увесь час нізкі, таму гарызантальны градыент ціску невялікі. Такім чынам, вятры рэдкія і звычайна слабыя (за выключэннем марскіх і сухапутных брызаў у прыбярэжных раёнах), тады як у трапічным пасатным клімаце, часта размешчаным у вышэйшых шыротах за экватарыяльныя, вецер амаль пастаянны, што, дарэчы, тлумачыць, чаму ўтварэнне лясоў у тропіках слабей у параўнанні з экватарыяльным кліматам, бо дрэвам неабходна ўстойваць перад моцнымі вятрамі, утвораныя трапічнымі атмасфернымі хваляваннямі.
Экватарыяльны клімат // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.18 Кн.1: Дадатак: Шчытнікі — ЯЯ / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. — Т. 18. — С. 66. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0295-4 (Т. 18 Кн. 1).