Пералеска высакародная
Пералеска высакародная[1] (Hepatica nobilis) — травяністая зімнезялёная расліна; від роду пералеска (Hepatica) сямейства казяльцовыя (Ranunculaceae). НазваПралеска звычайная, падснежнік[1][2], пралешка, пржаляшчка[3][4][5][6][7]. Біялагічнае апісанне
Пералеска высакародная — шматгадовая травяністая расліна, дасягае ў вышыню 5-15 см. Карэнішча цёмна-карычневае, нясе на верхавіне даўгавата-яйкападобныя, бураватыя лускавінкі. Сцёблы ў выглядзе стрэлак, размешчаных у пазухах леташняга лісця або лускавінак, стромкія, часцей за некалькі выгнутыя, апушаныя тонкімі, прылеглымі або большай часткай прамымі адтапыранымі валасінкамі, большай часткай чырванаватыя або карычневыя. Лісце — прыкаранёвае, шматлікае, скурыстае, зімуе, размешчана на доўгіх хвосціках, у абрысе пупышкападобнае або шырока-трохкутнае, ля аснавання сэрцападобнае, да сярэдзіны трохнадрэзанае, з шырокаяйцападобнымі, тупымі або завостранымі лопасцямі, з верхняга боку цёмна-зялёнае, з ніжняй — мае фіялетавае адценне, у маладым стане апранутае, як і хвосцікі, густымі, мяккімі, шаўкавістымі валасінкамі, на хвосціках адтапыранымі, пазней лісты страчваюць сваё апушэнне, пачынаюць развівацца вясной толькі пасля цвіцення расліны. Лісткі покрыва ў ліку трох, да 1 см даўжынёй, сядзячыя, яйцападобныя, тупаватыя або тупыя, цэльнакрайнія, рассеяна або даволі густа прыціснута-воласістыя, прысунуты амаль ушчыльную да аснавання кветкі і падобныя на чашалісцікі. Кветкі — адзінкавыя, стромкія, 12-20 мм у дыяметры. Калякветнік складаецца з 6-7 лісточкаў, вузкаяйкападобных, на канцы закругленых, сінявата-ліловых (звонку больш бледна афарбаваных), радзей белых або ружовых, з абодвух бакоў голых, ападаючых. Тычынкі шматлікія, з белымі або ружаватымі тычынкавымі ніткамі і амаль белымі пылавікамі з чырванаватым звязнікам. Завязь верхняя, лычыкі галоўчатыя. Цвіценне — красавік — май. Плод — даўгаватая, валасістая сямянка, размешчаная на патоўшчаным выпуклым кветаложы. Арэал і экалогіяВід апісаны з Заходняй Еўропы. Паўночная Еўропа: Данія, Фінляндыя, Нарвегія, Швецыя; Цэнтральная Еўропа: Аўстрыя, Чэхаславакія, Германія, Польшча, Швейцарыя; Паўднёвая Еўропа: Албанія, Балгарыя, Югаславія, Італія, Румынія, Францыя (у тым ліку Корсіка), Іспанія; тэрыторыя былога СССР: Беларусь, Еўрапейская частка Расіі, Украіна, Прымор'е; Азія: Кітай, Японія (Хансю), Карэя[9]. Расце па лісцяных лясах , хмызняках, радзей адкрытых лугавых месцах. Ценелюбівая расліна. Цвіце ў красавіку — маі.
Значэнне і выкарыстаннеРаней расліна лічылася лекавай, ужывалася як звязальны сродак. Ужывалася таксама ў якасці сурагату чаю. Разводзіцца ў садках як дэкаратыўная расліна. Зацвітае рана і мае працяглы перыяд цвіцення. Прыдатная для дэкарыравання зацененых месцаў пад дрэвамі. Медыцынскае прымяненнеУ народнай медыцыне выкарыстоўваюць лісце пералескі, якое здаўна рэкамендавалася пры хваробах печані, пры рэўматызме, як кроваачышчальны і мачагонны сродак. Лісце ўтрымлівае глюказід протаанеманін, анемолавы алей, дубільныя і цукрыстыя рэчывы, камфару, сапаніны. Кветкі ўжываюць пры жаўтусе , ад залатухі, кашлю, ліхаманкі, галаўнога болю, вонкава — для прамывання вачэй і пры хваробах скуры. У гамеапатыі выкарыстоўваюць пры хранічных бранхітах. У ветэрынарыі свежыя расліны даюць скаціне ад сібірскай язвы. Свежая расліна атрутная. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia