Песня песням (Скарына)
Песня песням, Песня песень («Книга премудраго царя Саломона рекомая Песнь песнямъ») — пражскае выданне Скарыны, якое выйшла ў свет 9 студзеня 1518 года. Змест кнігіВыданне адкрываецца тытульным лістом з гравюрай і назвай кнігі («Зуполне выложена на руский языкъ докъторомъ Франъцискомъ Скориною з Полоцька…»). На першым і другім аркушы даецца «Предословие доктора Франъциска Скорины с Полоцька в книгу Песнь песням царя Саломона», у прадмове Скарына тлумачыць назву кнігі і яе змест, у якім ён бачыць апалогію Божай любові. Пасля на аркушах 3 — 11-м даецца тэкст усіх 8 раздзелаў кнігі Песні Песень, а на адвароце 11 аркуша — пасляслоўе. У пасляслоўі змешчана кароткая анатацыя кнігі, а таксама месца і час выдання. Друкарскія асаблівасці выданняКніга выдадзена на царкоўна-славянскай мове беларускай рэдакцыі. Фармат выдання — у чвэрць аркуша, аб'ём — 12 аркушаў, якія сабраны ў адзін сшытак. Набор выкананы пражскім шрыфтам Скарыны — у 10 радкоў вышынёй 75 мм, на паласе — 22 радкі. Сігнатура адсутнічае. Фаліяцыя на верхнім баку аркуша ўверсе злева. Кніга Песня песень — адзінае выданне, якое мае двухфарбавы друк. Чырвоным колерам надрукаваны загалоўкі тытульнага ліста, прадмовы, пачатак асноўнага тэксту, раздзелаў, указанні пра парадак чытання і першая літара пасляслоўя. Выданне ўпрыгожана гравюрай «Хрыстос і нявеста» (тытульны ліст), 2 застаўкамі і 10 ініцыяламі. Перад асноўным тэкстам надрукавана вялікая застаўка з выявай дзікіх людзей і гербавым шчытом з зацьменнем сонца, малая застаўка змешчана перад тэкстам пасляслоўя. Ініцыялы вылучаюць пачаткі раздзелаў. Захавалася 9 экзэмпляраў кнігі Песні Песень, з іх толькі адзін поўны. Літаратура
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia