Платон Андрэевіч Крэнь
Платон Андрэевіч Крэнь (4 красавіка 1896, фальварак Ярашова, Слонімскі павет, Гродзенская губерня, цяпер у складзе в. Кузявічы, Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць — 28 верасня 1962, в. Ярашова, Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць) — беларускі паэт, мемуарыст, публіцыст, удзельнік Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. БіяграфіяПлатон Андрэевіч Крэнь нарадзіўся 4 красавіка 1896 года ў фальварку Ярашова і быў дзясятым дзіцём у сям'і. Бацька, Андрэй Крэнь, быў пісьменным, у доме панаваў культ кнігі: зімовымі вечарамі за сталом шкаляр Платон уголас чытаў творы Сянкевіча, Гогаля, Пушкіна. Вучыўся ў Келецкай мужчынскай гарадской гімназіі (Польшча), Клецкай настаўніцкай школе, якую скончыў у 1913 годзе. У 1915 годзе Платон Крэнь быў мабілізаваны ў войска, накіраваны ў Пецяргофскую школу прапаршчыкаў, якую скончыў у 1916 годзе з афіцэрскім чынам. Служыў у Фінляндыі ў 423-м пяхотным палку. Публікаваў вершы ў газеце «Финляндские известия». Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі са снежня 1917 года П. А. Крэнь служыў у Чырвонай Арміі, быў накіраваны на Дон. Там захварэў, трапіў у шпіталь. Потым перайшоў у Белую гвардыю генерала Аляксея Каледзіна. З войскам адступіў у Крым, дзе змог сесці на параход «Дон» і эвакуіравацца ў Турцыю. У жніўні 1921 года Платон Крэнь вярнуўся ў Беларусь у родную вёску. У 1920-я гады быў членам Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Друкаваўся пад псеўданімамі Бім-Бом, Бух-Бом, Прохар Калавец, Шыпшына ў віленскіх беларускіх выданнях, ладзіў у вёсцы беларускія вечарыны і спектаклі. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі зімой 1939—1940 гадоў Платон Андрэевіч настаўнічаў. Пісаў у абласную газету «Чырвоная звязда». Але быў звольнены са школы з запісам «кулак і белагвардзеец», занесены ў спісы на дэпартацыю з Беларусі. Высылцы перашкодзіў пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Перад альтэрнатывай вывазу ў Германію на прымусовыя работы П. А. Крэнь пайшоў працаваць у Баранавіцкую гарадскую ўправу. У гэты час публікуе фельетоны ў «Баранавіцкай газэце» і падтрымлівае сувязі з партызанамі. Вясною 1943 года па даносе П. А. Крэнь арыштаваны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі, але неўзабаве быў вызвалены. Пасля вайны П. А. Крэнь быў арыштаваны савецкімі органамі бяспекі (1945). Прыгавораны да 8 гадоў зняволення. Пакаранне адбываў ва Унжлагу МУС у Горкаўскай вобласці. Пасля вызвалення ў лютым 1953 года Платон Андрэевіч вярнуўся ў Ярашова. Маці і жонка памерлі, дзеці раз'ехаліся. Жыў адзінока, доўга цяжка хварэў. Пачаў занатоўваць свае ўспаміны, выйшаў на магістральную тэму сваёй творчасці — ГУЛАГ. Пісаў на беларускай і рускай мовах. Частка яго рукапісных твораў была выкрадзена з хаты. Літаратурная спадчына паэта 1952—1962 гадоў была выдадзена ўжо пасмяротна. Памёр 28 верасня 1962 года ў Ярашове. Пахаваны на могілках у Моўчадзі. Сям'яУ шлюбе меў дачку Ірыну (1929—2005)[1] і сына Івана (1936—2014). Творы
Зноскі
Літаратура
Спасылкі |
Portal di Ensiklopedia Dunia