Плоскае (Хойніцкі раён)
Пло́скае[1] (трансліт.: Ploskaje, руск.: Плоское) — былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Стралічаўскага сельсавета. ГісторыяКарона Каралеўства Польскага![]() Селішча Плоскае, прыналежнае да Астраглядаўскага маёнтку кіеўскага падкаморага пана Шчаснага Харлінскага, ці не ўпершыню згадана ў датаваным 13 днём сакавіка 1581 года дакуменце, у якім паведамляецца, што пан земскі пісар кіеўскі Дзмітрый Ялец надзелены паўнамоцтвамі ў справе размежавання добраў Астраглядавічаў, Плоскага, Варатца з уладаннямі князя Міхаіла Вішнявецкага, кашталяна брацлаўскага, местам Брагін, сёламі Глухавічы, Губаровічы, Бабчын[2]. Згодна з падатковым рэестрам Кіеўскай зямлі Каралеўства Польскага на той жа 1581 год, з аднага дыму жыхара Плоскага асаднага селяніна выбіралася 15 грошаў падатку[3]. Ад гэтага часу і да рэформавага ўжо ў Расійскай імперыі перыяду Плоскае належала тым самым уладальнікам, што і Астраглядавічы з Хойнікамі; пасля Харлінскіх — Мікалаю Абрамовічу (Абрагамовічу), Максіміліяну Бжазоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў[4]. 12 днём чэрвеня 1591 года пазначаны дэкрэт Кіеўскага суда ў справе падкаморага Ш. Харлінскага з князямі Аляксандрам, старостам чаркаскім і канеўскім, Міхаілам і Юрыем Вішнявецкімі аб забранні грунтоў у Астраглядавічах, Плоскім, Варатцы, Багушах і далучэнні іх да замку і места Брагіня. Таксама выстаўлена сума нанесенай шкоды ў 40 000 коп грошаў. 12 ліпеня 1599 года пан Ш. Харлінскі падаў пратэст супраць кіеўскага кашталяна князя Міхаіла Вішнявецкага з прычыны гвалтоўнага наезду колькіх сотняў яго ўзброеных падданых з розных сёл брагінскіх на дзедзічныя ўладанні астраглядаўскія Плоскае і Багушы, за збіццё і скалечанне людзей, за рабаўніцтвы[5]. 20 чэрвеня 1600 года пан Шчасны Харлінскі выдаў свайму сыну Мікалаю zapis wieczysty, 26 чэрвеня ў Люблінскім трыбунале прызнаны, на добры ў Кіеўскім ваяводстве Кароны Польскай: двор Астраглядавічы з прыналежнымі да яго «прыселкамі» — сёламі Астраглядавічы, Хойнікі, Вялікі Бор, Дворышча, Плоскае і яшчэ дзевяццю паселішчамі, а таксама на двор і частку з сямі пляцаў у Кіеве[6]. 7 чэрвеня 1623 года ўдава Гальшка Харлінская судзілася з панамі Станіславам, Юрыем і іншымі Харлінскімі, роднымі братамі і сваякамі мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хойнікі), вёскі Хойнікі, Гарошкаў, Рашаў, Плоскае, Паселічы, Малішаў[A][7] 8 ліпеня 1631 года запісам у актах Кіеўскага земскага суда[B] засведчана пагадненне на саступку часткі Астраглядаўскіх добраў (з Плоскім) Шчасным, сынам Станіслава, Харлінскім пану Лукашу Мадлішэўскаму, наступнаму мужу ўдавы Гальшкі, за суму ў 60 000 польскіх злотых. 7 верасня 1631 — 26 студзеня 1632 года пададзены і актыкаваны адпаведны запіс і адносна долі маёнтка Самуэля, сына Юрыя, Харлінскага[C] пану Мікалаю Абрамовічу, зяцю нябожчыка і пані Гальшкі, за 13 500 злотых. У гэтым пераліку таксама названа Плоскае[8]. У тарыфе 1754 года паведамляецца, што з 8 двароў (×6 — каля 48 жыхароў) вёскі Плоскае, прыналежнай да Хойніцкіх добраў, «do grodu» (Оўруцкага замка) выплачваліся 1 злоты і 6 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 4 злотыя і 24 грошы[9]. Згодна з рэестрам 1768 года ключа Астраглядавіцкага, збожжа было раздадзена 5 гаспадарам з хутара Плоскае Марку Сідарэнку, Саву Саўчанку, Максіму Ваўчанку, Івану Ваўчанку і Майсею Сідарэнку[10]. Расійская імперыя![]() Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Плоскае — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[11]. Паводле расійскай рэвізіі 1795 года 15 двароў вёскі Плоскае з 71 душой мужчынскага і 61 жаночага полу сялян трымаў у трохгадовай «арэнднай пасэсіі» ад дзедзічнай іх уладальніцы пані Людвікі з князёў Шуйскіх Прозар шамбялян Ян Ястржэмбскі[12]. Згодна з інвентаром 1844 года, Плоскае належала да Астраглядавіцкага фальварка маёнтку Хойнікі Уладзіслава Прозара[13]. На 1850 год, паводле энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі», у паселішчы налічвалася 12 двароў, 77 жыхароў. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 78 жыхароў вёскі Плоскае з’яўляліся прыхаджанамі Астраглядавіцкай Свята-Троіцкай царквы[14]. У парэформенны перыяд Плоскае — у складзе Мікуліцкай воласці. Паводле звестак на 1876 і 1879 гады, Плоскае заставалася ў прыходзе Троіцкай царквы[15]. Згодна з перапісам 1897 года, 23 двары, 133 жыхары, працаваў вятрак. На 1909 год у Плоскім налічвалася 90 двароў, 689 жыхароў[16]. Найноўшы час9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Плоскае ў складзе Мікуліцкай воласці Рэчыцкага павета, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[17]. Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года Плоскае — цэнтр сельсавета ў Хойніцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Рудакоўскага сельсавета. З 20 лютага 1938 года вёска ў складзе Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Плоскім было 69 двароў, 271 жыхар. У маі 1943 года акупанты спалілі вёску і загубілі 2 жыхароў[18]. 33 вяскоўцы загінулі на франтах. З 8 студзеня 1954 года Плоскае — у складзе Гомельскай вобласці. Паводле перапісу 1959 года, у вёсцы было 263 жыхары. Паселішча ліквідавана 21 верасня 2010 года[19]. Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia