Свята-Крыжаўзвіжанская царква (Варацэвічы)
Свята-Крыжаўзвіжанская царква — праваслаўны храм у вёсцы Варацэвічах Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Размешчана ў цэнтры вёскі. ГісторыяПабудавана ў 1869—1872 (1874) гадах з цэглы. Выбар пляцоўкі пад будаўніцтва і яе план у 1864 годзе склаў інжынер-архітэктар М. Я. Чакмасаў і прыватны землямер Тарасевіч[1]. Каштарыс на ўзвядзенне храма ў тым жа годзе выканаў архітэктар М. М. Барташэўскі[2]. Пры расчыстцы пляцоўкі была знесена карчма. Нейкі час існавала струхлелая драўляная царква, спраектаваная старшым грамадзянскім інжынерам Яноўскім у 1842 годзе замест ранейшага храма. Для храма быў выкарыстаны «нармальны» праект № 2 бутавай царквы на 300 чалавек, распрацаваны Леанардам Кржыжаноўскім у 1870 годзе[3]. Падрадчыкамі з’яўляліся жыхары Чарнігаўскай губерні І. Ц. Сяргееў і яго сын Кузьма. Храм асвяцілі ў 1872 годзе. У 1920—30-я гады царква была закрыта, царкоўныя рэчы разабралі прыхаджане. Шмат рэчаў вернута ў царкву ў час яе адкрыцця ў 1993 годзе. АрхітэктураПомнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Манументальны белакаменны будынак з развітай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй, якую фарміруюць 3-ярусная шатровая званіца (дабудавана ў 1882), прамавугольная ў плане трапезная, кубападобная малітоўная зала, да якой далучана паўкруглая апсіда. Розная вышыня аб’ёмаў, панаванне сярод іх шмат’яруснай шатровай званіцы з макаўкай стварае шматпланавую маляўнічую кампазіцыю. Чатырохсхільны дах асноўнага аб’ёму і шацёр званіцы завершаны цыбулепадобнымі галоўкамі на гранёных барабанах. Галоўны ўваход аформлены арачным прафіляваным парталам. Фасады расчлянёны парнымі і адзінарнымі арачнымі аконнымі праёмамі ў руставаных ліштвах. Пластыка фасадаў насычана архітэктурным дэкорам, запазычаным са старажытнарускага царкоўнага дойлідства: аркатурныя фрызы, броўкі, гарадкі, парэбрык, кілепадобныя ліштвы і інш. У інтэр’еры апсіда раскрываецца ў малітоўную залу шырокім арачным прасветам і вылучана 2-ярусным іканастасам. Вуглы залы скошаны, зала перакрыта плоскай столлю на падугах. Разны ківот і іканастас спраектаваў у 1870 годзе брэсцкі архітэктар Мсціслаў Барташэўскі[2]. Ганаровае месца ў інтэр’еры храма займае абраз «Ісус Хрыстос» з дароўным надпісам, падараваны царкве ў дзень яе асвячэння гаспадаром маёнтка Напалеонам Ордам (адноўлены 12 снежня 1907)[4]. Зноскі
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia