Свята-Раства-Багародзіцкая царква (Мураванка)
Свята-Раства-Багародзіцкая царква — праваслаўны храм у в. Мураванка Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці Беларусі. Помнік абарончага дойлідства. Мае стылявыя адзнакі беларускай готыкі з элементамі рэнесансу[1]. Гісторыя![]() Доўгі час афіцыйнай датай будаўніцтва царквы лічыўся 1407 год. Пазней аналіз гістарычных дакументаў паказаў, што дата 1407 г. была сфальсіфікавана ў XVII стагоддзі. Больш дэталёвае вывучэнне помніка дало навукоўцам падставы меркаваць, што пабудавана ўмацаваная царква была дзесьці паміж 1516 і 1542 гг. Да гэтага часу мясцовасць будучага будаўніцтва ўжо насіла назву Мураванка дзякуючы адзінай умацаванай мураванай вежы, якая і была пазней перабудавана ў храм[2]. У Паўночную вайну царква трапіла ў 1706 годзе пад гарматны абстрэл войскаў шведскага караля Карла XII, якія ішлі на Палтаву. У выніку абстрэлу царква панесла сур'ёзныя пашкоджанні. Пасля гэтага прыйшла ў запусценне і была адноўлена толькі ў сярэдзіне XIX стагоддзя[2].
Архітэктура![]() Царква ў Мураванцы — адзін з выдатнейшых помнікаў абарончага храмабудаўніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім. Падобная да Свята-Міхайлаўскай царквы ў Сынкавічах, яна мае больш дасканалую структуру. У плане царква нагадвае правільны прамавугольнік, блізкі да квадрата (15х13,5 м). Да ўсходняга фасада прымыкае адна апсіда амаль на ўсю шырыню царквы. Вежы храма круглыя; заходнія вежы маюць ў дыяметры каля 4,5 м, таўшчыня сцен — блізкая да 1,8 м, а першапачатковая вышыня — каля 14 м; усходнія вежы меншых памераў — дыяметр усяго 3 м, таўшчыня сцен — каля 1 м, вышыня амаль такая ж, як і ў заходніх. У вежах размяшчаюцца вітыя сходы, якія вядуць да байніц. Кожная байніца мела від даволі вялікага праёму перакрытага акруглай аркай, які паступова звужваецца да сярэдзіны. Над байніцай — невялікая адтуліна для назірання за праціўнікам. Раней у паўночнай і паўднёвай сценах мелася па 7 байніц, потым адна была закладзена, засталося толькі шэсць — па тры з кожнага боку. Галоўны ўваход у храм абараняла цяжкая рашотка-герса, якая спускалася на ланцугах з нішы над уваходам[2]. Унутраная прастора збудавання падзелена чатырма гранёнымі слупамі на тры нефы, якія перакрыты зоркавымі скляпеннямі. Гурты апошніх у перапляценнях утвараюць ромбы і трохкутнікі. Была знойдзена алтарная сцяна, што аддзяляла кафалікон ад алтарнай часткі. Паводле меркавання Г. Лаўрэцкага, што гэта сцяна таксама была невялікім умацаваннем. Паводле апісанняў гісторыкаў, да пачатку XIX стагоддзі ў храме па ўсім перыметры ішоў тайны ход. Акрамя таго, там знаходзілася мноства схованак, а пад будынкам размяшчаліся два склепы[2]. Фасады храма насычаны дэкаратыўнымі элементамі. Нішамі ўпрыгожаны не толькі сцены, але і вежы, апсіда. Усё збудаванне ахоплівае дэкаратыўны паясок — рад цэглы, пакладзенай пад вуглом. Спалучэнне цёмна-чырвонага фона сцяны з белымі паясамі і нішамі надае храму асаблівае хараство, таму яго фасады не выклікаюць уражання суровасці. Галоўны заходні фасад выконвае ролю своеасаблівага дэкаратыўнага шчыта, падзеленага па гарызанталі на дзве часткі. Унізе — тры нішы складанай канструкцыі. У кожнай з іх — дзве меншых памераў. У верхняй частцы зроблена адна вялікая ніша з падвойнай аркай. Нягледзячы на відавочную прастату, такі дэкор вельмі гарманічна падзяляе паверхню шчыта і надае яму вытанчанасць. Гэтаму спрыяюць і бакавыя абрысы франтона з яго рытмічнымі вертыкальнымі павышэннямі і стромкімі схіламі. Размяшчэнне шчыта франтона паміж ніжэйшымі вуглавымі вежамі значна ўзмацняе вертыкальнасць усяго заходняга фасада. Афармленне фасада зроблена па прынцыпе паступовага нарастання дэкаратыўнасці[2]. Храм неаднойчы змяняўся, асабліва ў час капітальных рамонтаў у 1822 і 1871—1872 гг. Зніклі некаторыя характэрныя дэталі, якія стваралі непаўторны каларыт царквы-крэпасці. Аказалася замураванай частка байніц на галоўным і бакавых фасадах, зніклі байніцы з усходняга. Раскіданы лесвіцы алтарных вежаў, на адзін ярус надбудаваны заходнія вежы заходняга фасада. Зроблены новыя карнізы, пабудаваны прытвор. На вонкавых сценах з'явілася тынкоўка. Аднак, нягледзячы на істотныя змены, першапачатковы выгляд храма ў асноўным захаваўся. У час Вялікай Айчыннай вайны была пашкоджана, у канцы 1940 — пачатку 1950-х гг. адрамантаваны сцены, скляпенні, дах. ГалерэяЗноскіЛітаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia