Судзімонт Пекштавіч
Судзімонт (сярэдзіна XIV ст. — ліпень-кастрычнік 1394) — літоўскі баярын, сваяк і прыбліжаны князя Вітаўта. У літаратуры часта даецца як Судзімонт з Эйшышак. Імаверна, сын троцкага намесніка Пекштэ.[1] Судзімонт (Sudemund von Wesisken) разам з князем Вітаўтам паехаў у першую эміграцыю да Ордэна ў Прусіі і выступіў адным са сведак дакумента ад 30 студзеня 1384 года.[2] Пазней крыжакі абвінавачвалі Судзімонта разам з Вітаўтам за гібель у маі 1384 года ордэнскага атрада пад камандаваннем рагніцкага комтура Віганда фон Бальдэрсхаймам, а таксама за падступнае забойства братоў-рыцараў Ордэна ў замках Юргенбургу, Мергенбургу і Нойхаўзе.[2] Паміж 1387—1394 гадамі Пекштэ і Судзімонт (Pextis et filij eius Sudimunt) выступілі сярод паручнікаў за баярына Братошу Кайлутавіча. Яны запісаны пасля князёў Міхаіла Яўнутавіча, Альгімонта, Аляксандра Патрыкеевіча і баярына Мінігайлы з братам Сурвілам, і перад працяглым спісам іншых князёў і баяр, непасрэдна перад Гаштольдам і Мантвідам.[3] Паміж ліпенем і кастрычнікам 1394 года трапіў у палон да крыжакоў каля Папорцяў паблізу Кернава. Павешаны на загад вялікага магістра. Крыніцы называюць Судзімонта шурынам князя Вітаўта, прынамсі, блізкім сваяком яго жонкі. Старэйшая хроніка вялікіх магістраў называе Судзімонта шваграм (swoger) князя Вітаўта. У скарзе Ордэна на Канстанцкім саборы Судзімонт названы нават князем і па-нямецку mage, а па-лацінску consanguineus князя Вітаўта. На думку Алега Ліцкевіча, сястра Судзімонта магла быць першай жонкай князя Вітаўта і памерла ў маладосці.[1] Наконт тытульнага ўладання Судзімонта — Wesisken — выказана некалькі думак. Адны лічаць яго Эйшышкамі каля Салечнікаў, на думку Ігнаса Янінаса, гэта Вяжышкі паблізу Аліты і Алове , на думку Алега Ліцкевіча, гэта можа быць згаданы Летапісцам вялікіх князёў літоўскіх пад 1390 годам «гарадок» на правым беразе Віліі паблізу Кернава, дзе цяпер вёска Гейсішкі , у розных спісах Летапісца сем варыянтаў напісання імя вёскі каля «гарадка». На палях паблізу сучасных Гейсішак у XIX ст. знаходзілі шмат чалавечых костак, паводле мясцовага падання, гэта сляды даўняй бітвы.[4] Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia