Летапісец вялікіх князёў літоўскіх
Летапі́сец вялі́кіх князёў літо́ўскіх — найстарэйшы вядомы летапісны твор з ліку беларуска-літоўскіх летапісаў. У літоўскай гістарыяграфіі называецца таксама як «1-я рэдакцыя Літоўскай хронікі». Апісвае палітычную гісторыю Вялікага Княстава Літоўскага за час ад смерці Гедзіміна (1341) да канца XIV стагоддзя. «Летапісец» напісаны па-старабеларуску невядомым аўтарам пад канец 1420-х гадоў у Смаленску. Упершыню апублікаваны ў 1823 годзе Ігнацыем Даніловічам у «Dziennik Wileński». Адным з асноўных узораў для стварэння «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх» быў Галіцка-Валынскі летапіс, які ўвайшоў у склад Іпацьеўскага звода: стылістычная форма Галіцка-Валынскага летапісу, а таксама прынцыпы суцэльнага гістарычнага выкладу зрабілі моцны ўплыў на беларускую летапісную традыцыю першай паловы XV стагоддзя. АпісаннеУ творы ў форме суцэльнага апавядання прадстаўленая змова Альгерда і Кейстута супраць Яўнута, грамадзянскія войны між Вітаўтам і Ягайлам і між Свідрыгайлам і Жыгімонтам. Гэтая частка напісана ў 1390-я гады з мэтай гістарычнага абгрунтавання правоў Вітаўта на вялікае княжанне ў Вільні. Другая частка, больш фрагментарная, характарызуецца царкоўна-рэлігійнымі поглядамі на падзеі і складаецца з кароткіх апавяданняў пра палітычнае жыццё Вялікага Княства Літоўскага апошняй чвэрці XIV стагоддзя. Поўная рэдакцыя ўключае яшчэ «Аповесць пра Падолле», дзе распавядаецца пра бітву на Сініх Водах і пра паход Вітаўта ў гэтыя месцы. Летапіс захаваўся ў розных спісах (Віленскім, Супрасльскім, Слуцкім), летапісных зводах і гістарычных кампіляцыях. У XV стагоддзі стаў асновай часткі беларуска-літоўскага летапісу 1446 года і часткова выкарыстаная польскім гісторыкам Янам Длугашам ў «Гісторыі Польшчы». У XVI стагоддзі «Летапісец» увайшоў у склад другога і трэцяга летапісных збораў, праз якія перайшоў у «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі» Мацея Стрыйкоўскага. «Летапісец» быў вядомы таксама ў Паўночна-Усходняй Русі, дзе не раз перапісваўся і перапрацоўваўся (спісы Дуброўскага, Пагодзіна і інш.). Летапіс быў перакладзены ў польскую, нямецкую, літоўскую, лацінскую і рускую мовы. Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia