Сэрвач (заказнік)
Сэ́рвач — гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння ў Докшыцкім і Глыбоцкім раёнах Віцебскай вобласці Беларусі. АпісаннеТэрыторыя заказніка ўключае возера Сэрвач і частку поймы ракі Сэрвач. Плошча возера — 450 гектараў, сярэдняя глыбіня — 2,8 метра. Возера моцна зарасло трыснягом, шырыня паласы прыбярэжнай надводнай расліннасці вар’іруе ад 15 да 120 метраў. Берагі на захадзе і поўначы сплавінныя, пераходзяць у нізіннае балота. Паўднёва-заходняя частка возера вельмі забалочана, з яе выцякае рака Сэрвач. Шырыня яе рэчышча ў межах заказніка вар’іруе ад 2-5 да 15—25 метраў. Шырыня поймы 1—2,5 кіламетры. Поймы возера і ракі ўяўляюць сабой нізіннае асаковае балота, на якім сустракаюцца як адкрытыя, так і моцна зарослыя хмызнякамі ўчасткі. У некаторых месцах нізіннае балота змяняецца пераходным. 3 паўночнага захаду да балотнага масіву прылягаюць хваёва-шыракалістыя і змешаныя лясы. Тэрыторыя заказніка знаходзіцца непадалёку ад водападзелу паміж басейнамі рэк Нёман, Заходняя Дзвіна і Днепр. Рака Сэрвач упадае ў Вілейскае вадасховішча і з’яўляецца адной з важнейшых крыніц, якія фарміруюць баланс Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. На тэрыторыі заказніка ажыццяўляюцца наступныя віды гаспадарчай дзейнасці: торфаздабыча (тут сканцэнтраваны вялікія запасы гідролізнай сыравіны), лесакарыстанне, выпас жывёлы, сенакашэнне, вырошчванне прапашных культур. Фаўна і флора заказніка вывучаны недастаткова. Толькі ў 2001 годзе ў выніку экспедыцыйных работ было выяўлена пражыванне ў заказніку двух відаў птушак, якія знаходзяцца пад пагрозай глабальнага знікнення: вяртлявай чаротаўкі і дубальта. Гэта крайняя паўночная кропка распаўсюджання вяртлявай чаротаўкі ў Беларусі. Сустракаюцца тут і іншыя рэдкія віды: чапля-бугай, шэры журавель. 3 рэдкіх раслін на тэрыторыі заказніка адзначана бяроза нізкая, больш вядомая, як ернік або ёрнік. Гэта расліна заўсёды прыцягвае аленяў, паколькі служыць для іх асабліва жаданым ласункам. Таксама ў флоры заказніка Сэрвач значацца сосны, шэрыя і чорныя вольхі, елі, павіслыя і пухнатыя бярозы. Аднымі з апошніх адкрыццяў у фаўне заказніка сталі арніталагічныя віды, вельмі важныя для сусветнай прыроды: вяртлявая чарацянка, дупель, шэрыя жураўлі, вялікі бугай і іншыя. У Сэрвачы можна назіраць частую змену рэльефу на прыродаахоўнай тэрыторыі: нізінныя комплексы, для якіх найбольш характэрныя марэнныя і камавыя пагоркі, якія змяняюцца лагчынамі, а тыя — западзінамі. Уся тэрыторыя заказніка пакрыта густой і пярэстай расліннасцю, яе асноўнымі відамі з’яўляюцца імхі і балотныя асакі, ледзь радзей сустракаюцца лекавыя і дэкаратыўныя расліны. Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia