Цітаўка (прыток Свіслачы)
Цітаўка — рака ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці Беларусі, правы прыток Свіслачы (басейн Дняпра). НазваНазва балцкага паходжання, пярвейшая назоўная форма захавалася ў назвё вёскі Цітва, на ўсход ад якой рака пачыналася (цяпер вярхі ракі пракапаным каналам злучаныя з ракой Пціч). Поўны адпаведнік на ўсходзе старабалцкай тэрыторыі — рака Цітва (прыток дзесенскай ракі Сноў), той жа корань найімаверней у назве ракі Цітча там сама на Падзесенні (прыток ракі Сейм)[2]. Зусім аўтэнтычная форма назвы — літоўская рачная назва Tytuva (прыток заходнелітоўскай ракі Дубіса, у якую тамсама цячэ рака з так жа сама ўтворанай назвай Lyduva, у якой корань як у назве нёманскай ракі Ліда). Корань Tit- (Tyt-) таксама ў літоўскіх водных назвах тыпу Titnas (возера), Titmena, Tit-upis, Tit-valka (рэкі), Titija (балота)[3], у назве ракі Ціцель (рус. Титель) (прыток ракі Масквы на поўдні цяперашняй Масквы каля Бірулёва)[4]. Корань звязаны з першай асновай двухасноўнага літоўскага слова tit-nagas «крэмень», якое даслоўна значыць «бліскавічнае капыта» (nagas і «капыта», і «ногаць») і мае шырокія індаеўрапейскія паралелі з агульнай семантыкай «ззяць, блішчэць, бліскаць»[5]. Магчыма аднавіць калісні балцкі дзеяслоў тыпу *tisti (< *tit-sti) «бліскаць (маланкамі)» (*tysta «бліскае», *tito «бліскала»). Корань пашыраны балцкім пашыральнікам -(u)v- (разам з -av-), які вядомы ў літоўскім словаўтварэнні, але асабліва папулярны ў назваўтварэнні: kriokti «раўсці» — kriokuva «рачны парог» (дзе вада раве), ringėti «закручваць» — Ringuva «Звілістая (рака)»[6]. Гэты пашыральнік у назвах рэк Масква, Пратва, Смядва на Павоччы[7]. У літоўскай гідраніміі гэты пашыральнік сустракаецца і не вакалізаваны (Vadva — паралельны варыянт рачной назвы Vaduva[8], ёй адпавядае назва верхнедняпроўскай ракі Водва[9]), і гэта ўвагомлівае магчымую балцкую форму *Tytva. Назва Цітва значыць «Блішчастая (рака)», назва была матываваная блішчастасцю воднай гладзі. Падобным чынам матываваныя і назвы ракі Лучоса, возера Свіцязь. ГідраграфіяДаўжыня ракі 33 км. Плошча вадазбору 372 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 2,16 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,3 ‰. На рацэ: горад Мар’іна Горка. Пачынаецца з ракі Пціч за 1,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Русаковічы, вусце ў аграгарадку Пухавічы. Цячэ па заходняй ускраіне Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Даліна ў верхнім і сярэднім цячэнні невыразная, у нізоўі трапецападобная або скрынкападобная са стромкімі схіламі. Пойма ў верхнім і сярэднім цячэнні адсутнічае, у ніжнім вузкая, месцамі адсутнічае, шырынёй 0,5—0,8 км. Рэчышча (шырыня ад 10 м да 20 м) ад вытоку да вёскі Загай на працягу 16 км каналізаванае. У даліне ракі вадасховішча Мар’іна Горка[10].
Крыніцы
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia