Няміга (рака)
Нямі́га — рака ў Мінску, прыток Свіслачы. НазваНа думку У. Тапарова і А. Трубачова назва Няміга паходзіць з балц. *Ne-meig-, *Ne-mig-, параўн. назва возера Мігата (літ. miegotas), ст.-пруск. Megothen/Migeyten[1]. В. Жучкевіч супастаўляў назву са славянскім не мігаць або з балцкім nemiga «бяссонне, нядрэмнасць»[2]. Поўны назоўны аналаг — прыток дняпроўскай ракі Дзясны з ідэнтычнай назвай Няміга. Тут жа сама, ніжэй па цячэнні ў Дзясну уцякае рака Мена, назва якой ідэнтычная назве Мена (прыток Пцічы) недалёка ад свіслацкай Нямігі. Гэтыя два гідранімічныя комплексы раздзяляе прыблізна 400 км. ГісторыяУпершыню згадваецца «Словам пра паход Ігараў» у апавяданні пра бітву Яраславічаў з Усяславам Брачыславічам, які «разшибе славу Ярославу, скочи влъкомъ до Немиги съ Дудутокъ. На Немизѣ снопы стелютъ головами, молотятъ чепи харалужными… Немизѣ кровави брезѣ не бологомъ бяхуть посѣяни, посѣяни костьми рускихъ сыновъ». Таксама ў сувязі з бітвай рака згадваецца «Аповесцю мінулых гадоў» пад 1067 годам:
Тоеснасць падзей, апісаных у летапісе і Слове, бясспрэчна, але месцазнаходжанне Нямігі выклікала сумненні. Першыя выдаўцы Слова ўслед за Тацішчавым[3] атоеснілі Нямігу з Нёманам. Так лічыў і Карамзін[4]. Былі і іншыя здагадкі: напрыклад, Ператц дапускаў, што Няміга — адна з рэк каля Пінска[5]. Нарэшце ў 1821 годзе Зарыян Даленга-Хадакоўскі атоесніў Нямігу з пратокай у Мінску[6]. Затым Пагодзін, да якога ў 1836 годзе трапілі паперы Даленгі-Хадакоўскага, пацвердзіў яго меркаванне. Да такой самай думкі прыйшоў Н. П. Барсаў[7], хоць і даваў тэксту Слова нетрадыцыйную інтэрпрэтацыю. Да аналагічных высноў прыйшоў Кудрашоў, які пісаў, што больш за ўсё падстаў атаясамліваць з Нямігай са Слова раку Нямігу, што з’яўляецца прытокам ракі Свіслачы, на абодвух берагах якой размешчаны Мінск[8], і спасылаўся на падобнае меркаванне Лонгінава[9]. Такім чынам, атаясненне Нямігі з ракой у Мінску цяпер з’яўляецца традыцыйным у гістарыяграфіі. Як высветлена археолагамі і гісторыкамі Мінска, Няміга працякала па тэрыторыі менскага пасада ў блізкасці ад дзядзінца і ўпадала ў Свіслач у 100—150 метрах ад яго[10]. Гэтыя звесткі, здавалася б, супярэчаць летапісу, дзе гаворыцца, што Яраславічы прыйшлі да Нямігі пасля ўзяцця Менска, то бок паміж горадам і ракой была нейкая досыць значная адлегласць. Гэтая супярэчнасць развязваецца меркаваннем некаторых археолагаў, што старажытны Менск нахадзіўся на беразе ракі Менкі, пры ўпадзенні ў яе ручая Дуная, за 16 км на захад ад пазнейшага Менска[11], але не ўсе археолагі з гэтым згодныя[12] (гл. падрабязней: Гісторыя Мінска#Узнікненне Менска). Тым не менш, застаецца загадкавым, чаму невялікую рэчку згадвае і летапіс, і Слова, не гаворачы пра больш значную Свіслач — Усяслаў, паводле Слова, «скочи влъкомъ до Немиги», такім чынам, менавіта Няміга з’яўляецца тут геаграфічным арыенцірам, які замяняе ва ўсведамленні аўтара Слова і раку Свіслач, і горад Менск. Раней выток Нямігі быў каля скрыжавання вуліцы Грушаўскай і Разінскага завулка, дзе было балота, а цяпер толькі вільготная нізіна. Працякала ад Грушаўкі на месцы сучасных праспекта Дзяржынскага, вуліцы Мяснікова, вуліцы Няміга і ўпадала ў раку Свіслач насупраць Траецкага прадмесця, там, дзе цяпер мост з вуліцы Нямігі на вуліцу М. Багдановіча. Да XIX ст. Няміга моцна абмялела, але здараліся вялікія паводкі, якія затаплялі вуліцу Нямігу і раён Нізкага рынку. У 1912 годзе было прынятае рашэнне завесці Нямігу ў калектар, але гэтаму перашкодзіла 1-я сусветная вайна. План пачалі ажыццяўляць толькі ў 1924 годзе, да 1926 года ў калектар была запушчана ніжняя частка ракі, у вярхоўях Няміга цякла па паверхні да 1955 года. Сёння Няміга — невялікі ручай і працякае ў бетонным калектары, на 400—500 метраў на поўдзень ад старога рэчышча пад вуліцай Няміга[10]. Але, нягледзячы на бетонны калектар, на месцы колішняга рэчышча Нямігі здараюцца паводкі, як, напрыклад, 25 ліпеня 2004, 24 ліпеня 2007, 23 ліпеня 2009, 26 ліпеня 2010 гадоў. Цяпер раку можна прасачыць ад чыгуначнай станцыі Мінск-Таварная, дзе яна цячэ ў вельмі вузкай трубе, якая пад вуліцай К. Цэткін далучаецца да калектара дыяметрам 80 см, які ў сваю чаргу пад скрыжаваннем вуліц Мяснікова і Нагіна ўпадае ў калектар дыяметрам 1,75 метра. За 200 м да рэчышча Свіслачы калектар Нямігі далучаны да калектара «Цэнтр», які ўпадае ў Свіслач на некалькі кіламетраў ніжэй за месца натуральнага вусця Нямігі. ГалерэяГістарычныя здымкі
Сучасныя здымкі
Зноскі
Гл. таксамаЛітаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia