Чачэрская вуліца (Гомель, XVII—XVIII стагоддзі)Чачэрская вуліца — вуліца ў старосцінскім і раннім румянцаўскім Гомелі. Вядомая па пісьмовых крыніцах з другой паловы XVII ст. Існавала прынамсі да канца XVIII ст., калі адбылася маштабная перабудова гістарычнага Гомеля. Дала назву Чачэрскаму прадмесцю. ГісторыяЧас узнікнення, як самой вуліцы, так і яе назвы застаецца нявысветленым. Першыя вядомыя на сёння пісьмовыя згадкі пра яе прыпадаюць на другую палову XVII ст. і звязаныя з «Інвентаром Гомельскага староства» 1681 года. На той час на ёй размяшчаліся 15 (або 14) падворкаў гомельскіх мяшчан і яўрэяў, а таксама карчма і шпіталь[1][2]. Згодна з «Актам інвентара Гомельскага староства» 1738 года колькасць падворкаў тут складала 37 (у тым ліку 1 пуставаў), меліся «дом шынковы скарбовы» і «шпіталь пры браме»[3]. «Люстрацыя Гомельскага староства» 1765 года і «Інвентар Гомельскага староства» 1771 года зафіксавалі на Чачэрскай вуліцы толькі 8 падворкаў[4][5]. Без падворнага пераліку згадваецца ў «Адказной кнізе на Гомельскі маёнтак» 1776 года[6]. Прозвішчы ўладальнікаў падворкаў даюць магчымаць уявіць прафесійную прыналежнасць жыхароў вуліцы: Якаў Цесла, Яхім Швец, Абакун Рэзнік (1681 г.)[2]; Янка Іўчонак Швец, Грыц Рыбак, Ілля Кравец (1738 г.)[3]; Андрэй Злотнік (1765 г., 1771 г.)[4][6]. Паходжанне назвыПа-за горадам пераходзіла ў шлях, які ішоў у кірунку каралеўскай Чачэрскай воласці, чым і было абумоўлена ўзнікненне назвы вуліцы[1]. А. Рогалеў выводзіць назву вуліцы ад тапонімаў «Чачора» ці «Чачэрскі яр», якія беспадстаўна прыпісвае спуску да ракі Сож, вядомаму сёння як Кіеўскі[7] — пісьмовых сведчанняў пра існаванне ў Гомелі аб’ектаў з назвамі «Чачора» ці «Чачэрскі яр» няма. На пісьме па-польску назва падавалася як «Czeczerska», па-руску — як «Чечерская» ці «Чичерская»[3][4][6]. Прыкладаў напісання назвы па-старабеларуску пакуль не выяўлена. ЛакалізацыяЗнаходзілася ў паўночнай частцы тагачаснага Гомеля на поўдзень ад абарончага рова (вядомы сёння як Кіеўскі спуск) і на поўнач ад Траецкай вуліцы, праходзіла паміж Рынкам і Чачэрскай брамай (працягласць блізу 100 метраў), што адпавядае адрэзку паміж сучаснымі сядзібай Петрапаўлаўскага сабора і пачаткам Савецкай вуліцы[1]. Зафіксавана на плане Гомеля 1799 года без подпісу назвы[8]. Зноскі
Літаратура
|
Portal di Ensiklopedia Dunia