3 лістапада2020 года ў ЗША прайшлі прэзідэнцкія выбары. Галоўнымі кандыдатамі сталі дзейны прэзідэнт краіны Дональд Трамп ад партыі рэспубліканцаў і Джо Байдэн ад дэмакратаў. У прэзідэнцкай гонцы ўзялі ўдзел яшчэ сем чалавек, як ад іншых партый, так і незалежныя. Паводле звестак на 4 лістапада, за ноч падліку галасоў лідарам стаў Джо Байдэн[15]. Ён набраў найбольшую колькасць галасоў за ўсю гісторыю прэзідэнцкіх выбараў у ЗША.
Аднак выбары суправаджаліся складанай палітычнай і інфармацыйнай сітуацыяй. Спачатку перад прэзідэнцкай гонкай па краіне пракацілася хваля пратэстаў і беспарадкаў, выкліканыя інцыдэнтам з забойствам Джорджа Флойда. На саміх выбарах адзначаўся высокі ўзровень парушэнняў і фактаў альбо спробаў фальсіфікацый. Усё гэта суправаджалася выдаленнямі пастоў Трампа ў Твітэры[16] і заявамі асноўных кандыдатаў аб сваёй перамозе да поўнага падліку галасоў[17]. Больш за тое, рэспубліканцы не прызналі паразы і запатрабавалі пералік галасоў[18].
Ход падзей
5 студзеня прыхільнікі Трампа, перад запланаваным на наступны дзень мітынгам, пачалі збірацца ў Вашынгтоне. Вечарам таго дня і ў наступную раніцу было арыштавана не менш за дзесяць чалавек[12].
Раніцай 6 студзеня тысячы пратэстоўцаў атачылі манумент Вашынгтона, каб правесці так званы «Марш за выратаванне Амерыкі» (англ.: Mashr for saving America), на які сабралася некалькі тысяч чалавек[2]. Некалькі чалавек выступілі з прамовамі на The Ellipse, у тым ліку саветнік Трампа Рудзі Джуліяні і сам Трамп. Джуліяні звярнуўся да натоўпу, паўтараючы версію падзей, што машыны для галасавання, выкарыстаныя на выбарах, былі «ўзламанымі». Трамп выступіў за шкляной перагародкай, раскрытыкаваўшы СМІ і заклікаўшы Пенса адмяніць вынікі выбараў (хоць гэта не ўваходзіць у яго канстытуцыйныя паўнамоцтвы)[19]. Хутка сам Пенс апублікаваў ліст у Кангрэс, у якім сказаў, што не будзе выступаць супраць перамогі Байдэна[19].
У той жа дзень, прыкладна ў 14:15[20], пратэстоўцы пачалі спробы штурму будынка ў комплексе Капітолія ЗША. Некаторыя будынкі ў комплексе былі эвакуіраваны, і пратэстоўцы прарваліся праз сістэму бяспекі, пракраўшыся ў асноўную частку Капітолія[12][13]. Пазней усе будынкі ў комплексе былі заблакаваны, уваход і выхад з іх забаронены. Людзей у будынку папрасілі перайсці ў офісы і замкнуць дзверы і вокны; тым, хто звонку, параілі «шукаць сховішча»[21].
У 17:00 у будынак Капітолія прыбыў спецназ ФБР. Членам Кангрэса ў палаце было загадана надзець процівагазы, бо праваахоўныя органы пачалі выкарыстоўваць слёзатачывы газ. ABC News паведаміла, што ўнутры былі чутны стрэлы і што ля ўваходных дзвярэй Палаты паўстала ўзброенае супрацьстаянне[22]. Пазней залу сената ачысцілі ад пратэстоўцаў, а паліцыя адціснула пратэстуючых з прыступак Капітолія. Пасля штурму затрыманы больш за 50 чалавек і яшчэ чацвёра былі забіты. Паводле інфармацыі CNN, адна выбуховая прылада была знойдзена ў будынку Нацыянальнага камітэта Рэспубліканскай партыі, а адна — у комплексе будынкаў Капітолія. Паводле звестак крыніцы тэлеканала, абедзве бомбы былі ўзарваны супрацоўнікамі спецслужбаў[2].
Як паведамлялася пазней, у Вашынгтон выслалі 3000 байцоў Нацыянальнай гвардыі, а ў сталіцы быў уведзены каменданцкі час. Сам Трамп, даведаўшыся пра дадзеныя падзеі, заклікаў сваіх прыхільнікаў змагацца выключна мірнымі метадамі. Адначасова Сенат і Палата прадстаўнікоў ЗША аднавілі дэбаты па выніках прэзідэнцкіх выбараў. Неўзабаве Кангрэс зацвердзіў прэзідэнтам ЗША Джо Байдэна, што канчаткова закрывала канстытуцыйныя магчымасці аспрэчыць вынікі выбараў. На гэтым фоне кіраўнік апарата першай лэдзі ЗША і былы прэс-сакратар Белага дома Стэфані Грышэм падала ў адстаўку. Таксама прашэнне аб звальненні падалі намеснік прэс-сакратара Белага дома Сара Мэцьюс і сакратар па пратакольных пытаннях Рыкі Нісета[2].
Вынікі
Уначы з 6 на 7 студзеня Кангрэс зацвердзіў Джо Байдэна абраным прэзідэнтам ЗША.
7 студзеня многія палітыкі, у тым ліку рэспубліканцы, выступілі з жорсткай крытыкай Дональда Трампа. Абраны прэзідэнт ЗША Джо Байдэн назваў падзеі, якія адбыліся ў Вашыгтоне, мяцяжом[23].
У той жа дзень буйныя сацсеткі Twitter, Instagram і Facebook часова заблакавалі акаўнты дзеючага прэзідэнта Трампа[24].
45-ы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у новым відэазвароце асудзіў гвалт падчас пратэстаў яго прыхільнікаў на Капітоліі і штурм будынка Кангрэса. У звароце ён паабяцаў, што тыя, хто парушыў закон падчас мітынгу, «заплацяць» за гэта. Ён таксама заявіў, што пратэстоўцы, якія ўжылі гвалт, «не з’яўляюцца прадстаўнікамі ЗША». Са слоў Трампа, краіна прайшла праз цяжкія выбары, таму эмоцыі кіпяць — але цяпер «азарт павінен улегчыся, а спакой — аднавіцца». Ён запэўніў, што факусуецца на спакойнай перадачы ўлады абранаму прэзідэнту Джо Байдэну[25].
Падзеі ў Вашынгтоне адбіліся на рэпутацыі ЗША. Галоўным чынам гэта было выклікана пераследам удзельнікаў штурму з боку ФБР і блакаваннем акаўнтаў Трампа ў сацсетках[26]. Шэраг СМІ апісвалі падзеі як рэпрэсіі і парушэнне свабоды слова[27].
Канада: у другой палове дня 6 студзеня прэм’ер-міністр Джасцін Трудо адзначыў, што яго краіна назірае за сітуацыяй «хвіліна за хвілінай»[29].
Турцыя: спікер парламента Мустафа Сентоп заявіў аб тым, што Анкара з непакоем сочыць за падзеямі ў ЗША і заклікае бакі да спакою, спадзяваючыся на вырашэнне праблемы ў рамках закона і дэмакратыі[30].
Вялікабрытанія: прэм’ер-міністр Барыс Джонсан назваў падзеі «ганебнымі», заявіўшы, што «Злучаныя Штаты выступаюць за дэмакратыю ва ўсім свеце, і цяпер жыццёва важна, каб адбылася мірная і спарадкаваная перадача ўлады»[31].
Расія: афіцыйная прадстаўніца МЗС Марыя Захарава пазначыла падзеі ў Вашынгтоне ўнутранай справай ЗША і пажадала амерыканскаму народу «з годнасцю перажыць драматычны момант уласнай гісторыі»[32].
Украіна: прэзідэнт Уладзімір Зяленскі рашуча асудзіў атаку на Капітолій. Пры гэтым ён падтрымаў рашэнне аб зацвярджэнні вынікаў прэзідэнцкіх выбараў на карысць кандыдата ад дэмакратаў Д. Байдэна[33].
Германія: прэзідэнт Франк-Вальтэр Штайнмаер назваў падзеі ў Вашынгтоне і штурм Капітолія нападам на дэмакратыю і вынікам «хлусні на высокім узроўні». У сваю чаргу, канцлер краіны Ангела Меркель заявіла, што яе абурылі падзеі ў ЗША[35].
Ізраіль: прэм’ер-міністр Біньямін Нетаньяху асудзіў падзеі ў Вашынгтоне і заявіў, што ў рэшце рэшт «амерыканская дэмакратыя пераможа»[36].
Кітай: афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР Хуа Чуньін заявіла, што спадзяецца на хутчэйшае аднаўленне стабільнасці і бяспекі ў ЗША[37].
Іран: прэзідэнт Хасан Рухані ўсклаў усю віну за падзеі на Дональда Трампа. Як заявіў іранскі лідар, «тое, што мы назіралі ў ЗША, паказала, наколькі заходняя дэмакратыя далікатная, яе падмурак слабы»[35].
Міжнародныя арганізацыі
ААН: пазіцыю генеральнага сакратара Антоніу Гутэрыша прадставіў яго афіцыйны прадстаўнік Стэфан Дзюжарык, які адзначыў, што ў такіх абставінах важна, каб палітычныя лідары выказалі сваім прыхільнікам неабходнасць устрымлівацца ад гвалту, паважаць дэмакратычныя працэсы і вяршэнства закона[38].
НАТА: генеральны сакратар альянса Енс Столтэнберг назваў пратэсты ў Капітоліі ЗША «шокам» і заявіў, што «вынікі гэтых дэмакратычных выбараў павінны быць паважаныя»[39].
Еўрапейскі Саюз: кіраўнік дыпламатыі Еўрасаюза Жазэп Барэль напісаў, што ў вачах усяго свету амерыканская дэмакратыя з-за пратэстаў знаходзіцца пад пагрозай[35].
Меркаваны замежны фактар
Каментуючы штурм Капітолія, саветнік былога прэзідэнта Барака АбамыБэн Родс заявіў, што Расія ў нейкай меры датычная да вашынгтонскіх падзей. Гэта меркаванне падтрымалі іншыя актывісты-дэмакраты. Абвінавачванні расійскага ўрада ва ўмяшанні ва ўнутраныя справы ЗША з рознай перыядычнасцю адбываліся з часоў прэзідэнцкіх выбараў 2016 года, калі спецслужбы гэтай краіны былі западозраныя ў падмене галасоў, што меркавана дапамагло перамагчы Трампу[40]. У 2020 годзе амерыканскія дзяржаўныя і палітычныя дзеячы абвінавачвалі Расію[41] і Зімбабвэ[42] ў датычнасці да акцый і беспарадкаў, арганізаваных BLM. Прыхільнікі версіі расійскага ўмяшання аргументуюць свой пункт гледжання тым, што пры Трампе ЗША былі значна больш сканцэнтраваныя на супрацьстаянні з Кітаем, у той час як Байдэн жадаў зрабіць акцэнт на ўзмацненні барацьбы з Масквой[43].
↑Questions mount over law enforcement’s failure to protect the Capitol(нявызн.). The New York Times (7 студзеня 2020). — «Mr. Sund said more than 50 Capitol Police and Washington Metro Police officers had been injured, and several Capitol Police officers were hospitalized with serious injuries.» Архівавана з першакрыніцы January 8, 2021.