Януш Радзівіл (1579—1620)
Януш Радзівіл (21 ліпеня 1579, Вільня — 6 або 7 лістапада 1620), дзяржаўны дзеяч ВКЛ. БіяграфіяСын Крыштафа Радзівіла Перуна. Атрымаў кальвінісцкае выхаванне, вучыўся ў Страсбургскім і Базельскім універсітэтах, падарожнічаў па Германіі, Чэхіі, Аўстрыі, Венгрыі, Францыі. Падчашы вялікі літоўскі ў 1599—1619 гадах, кашталян віленскі з 1618 года, староста барысаўскі. У 1600 годзе ажаніўся з княжной Соф’яй Алелькаўнай, спадчынніцай Слуцкага і Капыльскага княстваў, якія пасля яе смерці (1612) перайшлі ва ўладанне роду Радзівілаў. Януш заняў месца князёў Слуцкіх у сенаце ВКЛ, дапамагаў слуцкімі гарматамі дзяржаўнаму войску пад Смаленскам у 1611 годзе. Пасля знішчэння Слуцка запарожскімі казакамі, пачаў перабудову горада ў сучасную фартэцыю. У 1600—1602 гадах падчас вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—1629 гадоў удзельнічаў у ваенных дзеяннях супраць шведскіх войск у Інфлянтах, камандуючы коннымі харугвамі. Выбіраўся паслом на сеймы 1603, 1605, 1606, дзе ўзначальваў кальвінісцкую і праваслаўную групоўкі, адстойваў рэлігійныя і палітычныя правы некатолікаў. Выступаў супраць палітыкі караля Жыгімонта III Вазы, які намагаўся абмежаваць правы некаталіцкай часткі насельніцтва Рэчы Паспалітай. У 1606—1607 гадах разам з ваяводам кракаўскім М. Зэбжыдоўскім узначаліў рокаш супраць абсалютысцкай палітыкі караля. 5.6.1606 года абвешчаны маршалкам з’езда ракашан у Любліне, а 10.8.1606 — у Сандаміры. Выдаў універсал з абвінавачваннямі караля ў парушэнні шляхецкіх правоў і свабод. 6.8.1607 каля Гузава / Аранска (паблізу Варшавы) адбылася бітва з каралеўскімі войскамі, у якой Януш Радзівіл камандаваў левым крылом войска ракашан. Нягледзячы на паражэнне, ракашане вымусілі караля пайсці на кампраміс. Жыгімонт Ваза адмовіўся ад рэформы ўлады, ад сваіх абсалютысцкіх намераў, а ракашане адмовіліся ад спробы дэтранізаваць караля. Пад выглядам прыватнай вайны супраць Я. К. Хадкевіча працягваў збіраць сілы ракашан і манеўры ў ВКЛ да лета 1608 года. Спачатку адмаўляўся ад публічнага прызнання віны за рокаш і прабачэння перад каралём, эміграваў у Германію, потым жыў у Гданьску. У 1618 годзе набыў дзяржаву Ліхтэнберг ва Франконіі і стаў не толькі тытулярным князем Святой Рымскай імперыі, але рэальным землеўласнікам і саюзнікам нямецкіх пратэстанцкіх князёў. Януш Радзівіл выступаў супраць вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—1618 гадоў. На сеймах 1611, 1613, 1615, 1618 гадоў бараніў роўныя правы пратэстантаў і праваслаўных з католікамі. Нягледзячы на стары міжродавы канфлікт разам з Я. К. Хадкевічам выступаў супраць росту ўплыву палякаў пры двары і ў Рэчы Паспалітай. 7.7.1613 года ў Берліне ажаніўся з Лізаветай Соф’яй Гогенцолерн, дачкой брандэнбургскага курфюрста Іагана (Яна, Ганса) Георга; меў з ёю 2 дачок, сыноў Багуслава і Юрыя. У 1618 годзе вярнуўся з апалы і стаў сенатарам — віленскім кашталянам, але ў 1620 годзе памер пасля хрэсьбін сына ў Вільні. Імаверна, ад чумы. Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia