Яўсебій Лапацінскі
Яўсебій Мар’ян Лапацінскі (польск.: Euzebiusz Łopaciński; 1882—1961) — архівіст. БіяграфіяПаходзіў з каталіцкага шляхецкага роду Лапацінскіх герба «Любіч». Сын юрыста і дзяржаўнага дзеяча Станіслава Лапацінскага і Тэклі з Борхаў. Яўсебій Мар’ян Ян Станіслаў Лапацінскі нарадзіўся 1 сакавіка 1882 года ў Кіеве, дзе ў тыя часы яго бацька займаўся адвакацкай дзейнасцю. У сямейным і сяброўскім коле Яўсебія звалі «Зібі», а сам ён часам падпісваўся «Ananke», «E.L.»[1]. Пасля заканчэння класічнай гімназіі ў Рызе Яўсебій паступіў вольным слухачом на гуманітарны факультэт Ягелонскага ўніверсітэта, дзе цалкам паглыбіўся ў любімую з дзяцінства гісторыю. Правучыўся там нядоўга, з 1903 па 1904 год, пазней працягнуў адукацыю ў Дорпаце, але не скончыў. У пачатку 1905 года ў Інфлянтах пачаліся народныя хваляванні і паўстаўшыя латышы «пачалі паліць замкі баронаў, а саміх баронаў забіваць». Таму бацька адправіў сына падалей ад бяды ў Вільню[1]. Захапленне гісторыяй праявілася ў Яўсебія рана і вельмі здзіўляла сямейнае кола. Людміла Хмялеўская ў сваёй кнізе пра род Лапацінскіх прыводзіць два сведчанні[1]:
У 1905 годзе пазнаёміўся з 18-гадовай Ядвігай Аленай Марыяй Патвароўскай. Заручыны адбыліся на новы год у Балценіках. А праз год, 6 чэрвеня 1906 года пабраліся шлюбам у Кафедральным касцёле Святога Станіслава і Святога Уладзіслава, у бакавой капэле Святога Казіміра, у прысутнасці вялікай колькасці сваякоў і сяброў. Аднак у пазней знойдзенай метрыцы напісана, што шлюб адбыўся ў касцёле Святога Духа. Сведкамі на шлюбе ў маладых выступілі Аляксандр Горват, князь Юльян Пузына, Уладзіслаў Цеханавецкі, Антон і Геранім Кеневічы (родныя дзядзькі Ядвігі). Бацькамі Ядвігі былі прадстаўнікі старых родаў з усходняй Беларусі Ксаверы Патвароўскі і Клацільда Кеневіч, парафіяне Петрыкаўскага касцёла. Дзед Клацільды Геранім Антонавіч Кеневіч (1796—1884) быў харужым Мазырскага павета, а бацька яго жонкі Кацярыны Ігнат Тадэвушавіч Горват пэўны час займаў пасаду мазырскага гродскага суддзі[1]. Антон Кеневіч у сваіх успамінах апісаў шлюб Лапацінскіх, а таксама дадаў перасцярогу, якая спраўдзілася. Шлюб маладым даваў тагачасны віленскі біскуп Эдвард Роп, будучы магілёўскі мітрапаліт і сваяк Лапацінскіх. Бацька Антона быў гэтаму не рады і сцвярджаў, што ведае некалькі сям’яў, якія паблаславілі да шчаслівага сужэнства біскупы. Усе яны былі нешчаслівымі, а некаторыя нават распаліся[1]. ![]() Маладыя перабраліся ў стары палац у Лявонпалі, які адмыслова для сям’і сына аднавіў Станіслаў Лапацінскі. Сядзіба, пабудаваная ў XVIII стагоддзі на высокім беразе Дзвіны, доўгі час была нежылая. У якасці помсты за ўдзел дзеда Ігната ў паўстанні яе спалілі расійскія казакі. Каб будынак не прыйшоў у непатрэбны стан яго наноў пакрылі дахам, але ніхто там не жыў[1]. Але перад тым як асесці ў родавым маёнтку Яўсебій з жонкай адправіліся ў вандроўку па Еўропе, нейкі час прабавілі ў Швейцарыі, у Халанеўскіх, сваякоў Борхаў[1]. Неўзабаве пасля нараджэння ў 1907 годзе дачкі Тэклі, каля 1911 года, Яўсебій пакінуў сям’ю і адправіўся ў даволі працяглае турнэ па Еўропе з жанчынай, якая прыглядала за яго дачкой. Сваякі выказвалі думку, што, магчыма, тут не абыйшлося без «майстра інтрыгі» — каханай ягонага бацькі Станіслава Лапацінскага, ахмістрыні Юзэфы. Яўсебій быў у Францыі, Швейцарыі і Італіі, дзе замацоўваў тэарэтычныя веды, атрыманыя падчас вучобы[1]. Каля 1911 года Яўсебій Лапацінскі прыехаў у Варшаву і паступіў на працу ў аддзел рукапісаў бібліятэкі Красіньскіх. У гэты час малады гісторык-архівіст распачаў збор сваёй уласнай калекцыі медалёў, малюнкаў і карцін, навукова-дакументальных матэрыялаў, якая па стане на 1914 год ацэньвалася як «велізарная», але была цалкам страчана ў час Першай сусветнай вайны. Сам Лапацінскі часы вайны перачакаў у Пецярбургу[1]. У 1918 годзе гісторык вяртаецца ў Вільню, дзе застае карціну татальнага хаосу ў архіўнай справе. Царскія ўлады падчас эвакуацыі з Вільні вывезлі за горад частку найстаражытных дакументаў, а рэшту, не маючы часу займацца паперамі, скінулі ў некалькі віленскіх двароў. Вацлаў Студніцкі, былы дырэктар віленскага гарадскога архіва, і Яўсебій Лапацінскі аператыўна наладзілі ратаўнічыя працы і не далі гэтым дакументам знікнуць без следу або разбегчыся па прыватных зборах. Савецка-польская вайна прымусіла яго ізноў з’ехаць, цягам 1921—1922 гадоў ёх вандраваў ад Торуня да Брацлаўшчыны. Працаваць давялось перакладчыкам, войтам, кіраўніком камітэта асветы і інш[1]. Вярнуўшыся ў Вільню Яўсебій Лапацінскі займаў да да 1927 года пасаду віцэ-дырэктара Дзяржаўнага архіва. Гэта быў перыяд напружанай архіўнай працы, збораў матэрыялаў па гісторыі Вільні, Вялікага Княства Літоўскага. Асобае месца ў гэтых пошуках занялі раскіданыя па розных архівах і зборах звесткі, датычныя вялікалітоўскіх мастакоў, скульптараў, рамеснікаў і іншых творчых асобаў[1]. У 1931 годзе Яўсебій Лапацінскі, ужо дасведчаны архівіст, раптоўна зацікавіўся продкамі паэта-земляка Адама Міцкевіча. Яго публікацыі ў такіх папулярных выданнях — «Słowo», «Kurjer Wileński», якія друкаваліся ў 1931—1933 гадах, мелі сенсацыйны характар. Па-першае, на падставе некалькіх знойдзеных дакументаў, Лапацінскаму ўдалося абвергнуць міф паходжання маці паэта Барбары Маеўскай ад нейкіх габрэяў-франкістаў, прыняўшых хрост. Лапацінскі давёў, што Маеўская паходзіла са старога наваградскага роду, які карыстаўся гербам «Стары конь». Узбуджаныя прыхільнікі «франкізма» не пакінулі публікацыю без увагі, нападаючы на гісторыка з абразамі. Па-другое, у адной з публікацый Яўсебій Лапацінскі распавёў пра трагічную гісторыю, якая здарылася з бацькамі прабабкі Міцкевіча Лешчылоўскай. За «апастазію» і «бігамію» (дваяжэнства) яе бацьку, Яна Лешчылоўскага па прысуду Галоўнага Трыбунала ВКЛ кат абезгаловіў у Новагародку. Па-трэцяе, архівіст раскрыў не самыя прыемныя старонкі «чытанкі» пра саміх Міцкевічаў, паказаўшы, што продкі паэта былі арганічнай часткай цёмнай масы дробнай шляхты Вялікага Княства. Змагаючыся за сваё становішча яна ашуквала, удзельнічала ў наездах, або сама цярпела ад іх, гінула ў фальваркавых міжусобіцах, ці ў выніку вулічных наваградскіх боек. Такія факты, асабліва ў міжваеннай Польшчы, не маглі спрыяць папулярызацыі знаходак Лапацінскага. Як у тыя часы пісаў вядомы публіцыст Тадэвуш Бой-Жаленскі, клопатам сына паэта Уладзіслава і шмат каго яшчэ, Міцкевіч «пераўтварыўся» ў ХХ стагоддзі ў «недатыкальнае божышча», «нацыянальнага прарока»[3]. Асноўная ўвага даследчыка была скіравана на гісторыю мастацтва сваёй радзімы — Вялікага Княства Літоўскага. Вынікі шматгадовых пошукаў у віленскіх архівах папулярызаваліся Лапацінскім і ў выглядзе лекцыі і публікацый. У Вільні ў тыя часы існавала вялікая колькасць самых розных таварыстваў (у тым ліку і беларускае), на якіх рэгулярна выступалі гісторыкі. Цягам 1930-х гадоў штогод Лапацінскі знаёміў публіку з чарговымі архіўнымі знаходкамі: «Z dziejow tworczosci F. Smuglewicza», «Rysunki sepia A. Domanskiego w inwentarzu Kobrynskim z r. 1742», «Nieznane dane archiwalne i wiadomosci zrodlowe do historii sztuki Wilna i W. X. Litewskiego od XVII do poczatkow XIX w.», «Szkice z dziejow ratusza wilenskiego od XVI do XIX w.», «Osobliwe szczegoly z zycia malarza wilenskiego J. Trojanowskiego», «Wiadomosc o artystach Wilna i ziem okolicznych: zebrane w archiwum Panstwowym i Archiwum miejskim w Wilnie». Акрамя віленскіх выданняў шмат публікаваўся Лапацінскі і ў варшаўскім гадавіку «Archeion », які быў цэнтральным выданнем усіх дзяржаўных архіваў Польшчы[3]. У 1936 годзе ў Вільні выйшла кніга Антона Мілера «Teatr polski i muzyka na Litwie», наклад якой прысвячаўся памяці Станіслава і Тэклі з Борхаў Лапацінскіх, і быў прафінансаваны іх сынам Яўсебіем Лапацінскім. У прадмове аўтар выказаў падзяку Лапацінскаму за знаходку ў віленскіх архівах неверагоднай каштоўнасці дакументаў, якія паходзілі з тайнай канцылярыі віленскіх генерал-губернатараў і датычыліся да стаўлення акупацыйных улад да тэатра ў былым ВКЛ[3]. Найбольш значная праца архівіста — «Materialy do dziejow rzemiosla artystycznego w Wielkim Ksiestwie Litewskim XV—XIX w.», выйшла ўжо пасля вайны, у 1946 годзе, у Варшаве. Гэты даведнік мае каласальную значнасць, бо адкрывае многія сотні новых імёнаў мастакоў, скульптараў, рамеснікаў з усёй тэрыторыі ВКЛ[3]. У 1945 годзе Лапацінскі перабраўся з СССР у Польшчу, дзе працягваў займацца архіўнай справай. У гэты час яго асноўныя працы былі прысвечаны гісторыі мастацтва Польшчы. Ён супрацоўнічаў з такімі варшаўскімі ўстановамі, як Цэнтральнае ўпраўленне музеяў і аховы помнікаў , Упраўленне ўрбаністыкі і архітэктуры ПАН і Камісія па даследаванні старой Варшавы. Сваёй добразычлівасцю, ведамі і дапамогай Яўсебій Лапацінскі заслужыў вялікію пашану ў навуковым асяродку новай радзімы[3]. Памёр 19 красавіка 1961 года. Пахаваны на варшаўскіх Павонзках[3]. У варшаўскім Нацыянальным цэнтры даследаванняў і дакументацыі помнікаў (KOBiDZ) захоўваецца 120 тэчак з матэрыяламі архівіста, якія вядомы як «Teki Lopacinskiego». У адной з іх захоўваецца рукапіс «Dzwony na Litwie» («Званы на Літве»), у якім апісаны званы, якія знаходзіліся ў касцёлах Гродзенскай, Мінскай, Віленскай, Сувальскай і Ковенскай губерняў. У спіс дададзены і званы, якія пасля 1923 года СССР перадаў Польшчы. Верагодна, гаворка вядзецца пра званы з тэрыторыі Усходняй Беларусі (БССР). Родавы архіў Лапацінскіх захоўваецца ў Вільні, дзе яго пакінуў перад ад’ездам сам Яўсебій Лапацінскі[3]. Сям’я![]() У першым шлюбе з Ядвігай з Патвароўскіх (1885—1963), дачкой Ксаверыя Патвароўскага (1858—1887) і Клацільды з Кеневічаў (1863—1919) меў адзіную дачку Тэклю (1907—2004). Тэкля пабралася шлюбам з Францішкам Ксаверыем Якса-Канарскім (1913—1945). З 1933 года ў другім шлюбе з Аляксандрай Чалушчанка (?1900-1983). Зноскі
|
Portal di Ensiklopedia Dunia