Іван Андрэевіч Колас

Іван Андрэевіч Колас
Дата нараджэння 5 чэрвеня 1923(1923-06-05)
Месца нараджэння
Дата смерці 12 жніўня 2007(2007-08-12) (84 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Прыналежнасць СССР
Званне палкоўнік
Бітвы/войны
Узнагароды і званні

Іва́н Андрэевіч Ко́лас (1923, Картынічы, цяпер Лельчыцкі раён, Гомельская вобласць, Беларусь — 2007, цяпер Новамаскоўская адміністрацыйная акруга, Масква, Расія) — савецкі разведчык, рускі пісьменнік беларускага паходжання. Стваральнік і кіраўнік Лельчыцкай партызанскай брыгады (1943). Герой Расійскай Федэрацыі (1994).

Біяграфія

Скончыў 7-гадовую сярэднюю школу, затым — педагагічны тэхнікум. З 1939 года настаўнічаў у вясковай школе Лельчыцкага раёну Палескай вобласці БССР, пісаў артыкулы ў мясцовую газету. Пасля нямецкага ўварвання ў СССР 22 чэрвеня 1941 года мабілізаваны ў Чырвоную армію. З прычыны ведання польскай і ўкраінскай моў залічаны ў каманду спецыяльнага прызначэння пры штабе Заходняга фронту ў Магілёве. У ліпені 1941 года ўдзельнічаў у абарончых баях у Беларусі і 19-гадовым юнаком заснаваў у Палескай вобласці партызанскі атрад імя І. Кутузава[1]. У жніўні 1941 года накіраваны на навучанне ў Вольскае пяхотнае вучылішча (Вольск Саратаўскай вобласці РСФСР), пераведзенае з Магілёва. У маі 1942 года, пасля навучання, стаў начальнікам штаба стралковага батальёна 107-га стралковага палка (38-я армія, Паўднёва-Заходні фронт[uk]). У чэрвені 1942 года большасць салдат батальёна загінула ў акружэнні пад Харкавам (другая бітва за Харкаў[en]).

Партызанскі рух

Улетку 1942 года праз акупаваную немцамі тэрыторыю Украіны дабраўся да Картыніч (тым часам у Петрыкаўскай акрузе генеральная акругі Жытомір), дзе стварыў Лельчыцкі партызанскі атрад. Арганізаваў болей за 100 нападаў на нямецкіх вайскоўцаў, заснаваў яшчэ 3 партызанскія атрады, якія злучыў у Лельчыцкую брыгаду (каля 700 байцоў). Тым самым часаў выкрыў на тэрыторыі Палескай вобласці аддзяленне разведвальнай школы вайсковай разведкі Германіі, дзе рыхтавалі да закіду ў савецкі тыл і партызанскія зоны. У маі 1943 года ўстанавіў сувязь з Цэнтральным штабам партызанскага руху ў Маскве, які даручыў яму разведку пад кіраўніцтва ГРУ СССР[ru]. 12 чэрвеня 1943 года з урочышча Вясліднае (Лельчыцкі раён), дзе месцілася Лельчыцкая брыгада пачаўся 2000-кіламетровы Карпацкі паход[ru] Сумскога партызанскага злучэння (1500 чал.) на чале з Сідарам Каўпаком[uk]. Адсюль жа на тэрыторыю Малдаўскай ССР (тым часам губернатарства Заднястроўе Каралеўства Румынія) выправіўся атрад Макара Кажухара, палову якога склалі беларусы з брыгады Коласа. Таксама ва ўрочышчы Вясліднае пасля паходаў спыняліся партызанскія атрады Аляксандра Сабурава[ru], Аляксея Фёдарава, Сямёна Руднева[uk], Уладзіміра Дружыніна[uk], Якава Мельніка[uk], Аляксея Іванова[ru] і Васіля Бегмы[uk][1].

Разведка

Увосень 1943 года Коласа адклікалі ў Маскву для падрыхтоўкі на камандзіра разведвальнай групы, з якой потым закінулі ў Ельскі раён (тым часам Мазырская акруга генеральнай акругі Жытомір). Для аддзела разведкі штаба 1-га Беларускага фронту за 5 месяцаў выявіў умацаванні і перамяшчэнні нямецкіх войск на тэрыторыі Ельскага і Мазырскага раёнаў. Узімку выкрыў дакладны час пачатку нямецкай аперацыі «Зіма» (ням.: Winter) супраць савецкіх партызан у Палескай вобласці, што дазволіла падрыхтавацца да нападу. Затым вярнуўся ў штаб фронту. У сакавіку 1944 года дэсантаваўся на чале разведвальнай групы ў Налібоцкую пушчу пад Івянцом (Баранавіцкая вобласць). Ажыццяўляў разведку ў Баранавічах, Карэлічах, Лідзе, Слоніме і Маладзечне для падрыхтоўкі Беларускай наступальнай аперацыі «Багратыён». Разведаў другі эшалон абароны нямецкіх войск на лініі Баранавічы—Пінск, што дапамагло знішчыць большасць умацаваных пунктаў[1]. У ліпені 1944 года злучыўся з войскамі 1-га Беларускага фронту падчас іх наступу.

Ноччу 21 верасня 1944 года на заданне камандуючага 1-м Беларускім фронтам Канстанціна Ракасоўскага дэсантаваўся над Варшавай разам з радыстам Дзмітрыем Сцянько. Падчас прызямлення Сцянько напароўся на арматуру разбуранага дома, а наступным днём загінуў пад нямецкім артылерыйскім абстрэлам. Іван Колас зламаў руку падчас прызямлення на дах дома і кантузію ад разрыву снарада наступным днём. Пад мянушкай «Алег» трапіў да польскіх паўстанцаў Арміі Людовай, што падпарадкоўвалася савецкаму камандаванню. Праз некалькі дзён знайшоў савецкую радыстку з раней скінутай і разбітай разведвальнай групы. Перадаў у штаб колькасць і размяшчэнне злучэнняў нямецкіх войск у варшаўскім гарнізоне і ваколіцах для наводкі савецкай артылерыі, што стаяла на іншым беразе Віслы. Правёў дзве сустрэчы з кіраўніком Арміі Краёвай Тадэвушам Камароўскім (мянушка «Бор»), які 1 жніўня 1944 года загадаў пачаць Варшаўскае паўстанне. Пасля сустрэчы перадаў па рацыі пра адмову Камароўскага мець справу з урадам СССР з прычыны масавага расстрэлу польскіх афіцэраў у Катыні ў красавіку 1940 года НКУС СССР. 2 кастрычніка 1944 года выйшаў да Віслы па каналізацыйнай трубе ў суправаджэнні двух польскіх паўстанцаў Арміі Людовай і пераплыў раку. Пры сустрэчы камандуючы фронтам Ракасоўскі сказаў Коласу: «Быць табе героем». Аднак адразу Колас патрапіў пад 2-тыднёвы арышт, бо Асобы аддзел фронту насцярожыла згадка Катынскага расстрэлу. Член Ваеннага савета 1-га Беларускага фронту Мікалай Булганін даклаў пра разведку Коласа ў Варшаве вярхоўнаму галоўнакамандуючаму Сталіну. У студзені 1945 года прадстаўлены да звання Герой Савецкага Саюзу, аднак з прычыны сакрэтнасці не ўзнагароды[1].

У студзені 1945 года пад мянушкай «Фелікс» быў разведчыкам ГРУ СССР у нямецкай правінцыі Саксонія. Выявіў размяшчэнне злучэнняў нямецкіх войск і бензольны завод, дзе выраблялі бензін з мясцовага каменнага вугалю. У сакавіку 1945 года на заданне галоўнакамандуючага 1-га Беларускага фронту Георгія Жукава захапіў у Берліне генерала нямецкага генштаба, які пазней даставіў Гітлеру савецкі ўльтыматум пра безагаворачную капітуляцыю[1].

Паваенны час

У 1947 годзе ў званні капітана дэмабілізаваўся пасля адмовы навучацца ў Вайсковай акадэміі і вярнуўся ў Беларусь. Займаўся выкладаннем і журналістыкай. У 1947 годзе ў Коласа нарадзіўся першы сын Леанід, у 1953 — другі сын Валянцін. У 1953 годзе вярнуўся на службу ў ГРУ Генштаба СССР і выкладаў у ваенных навучальных установах. У 1956 годзе выдаў у Маскве першую аповесць «Варшава ў агні» (Ваеннае выдавецтва Міністэрства абароны СССР, 106 с.) пра разведку падчас Варшаўскага паўстання 1944 года. У 1964 годзе атрымаў польскі вайсковы знак «Крыж Храбрых». У 1985 годзе атрымаў званне палкоўніка. У 1987 годзе пайшоў у адстаўку па ўзросце. 25 лістапада 1994 года расійскі прэзідэнт Барыс Ельцын Указам № 2118 надаў Івану Коласу званне Герой Расійскай Федэрацыі за разведку падчас Варшаўскага паўстання 1944 года. 18 жніўня 2003 года Іван Колас атрымаў беларускі ордэн Францішка Скарыны за ўмацаванне беларуска-расійскіх культурных сувязяў. Да канца жыцця выдаў звыш за 20 аповесцяў на рускай мове, шэраг з іх адзначаны расійскімі прэміямі імя Сіманава, Фадзеева і Пікуля за ваенную літаратуру[1].

Памяць

Імем Івана Коласа названа Лельчыцкая раённая гімназія.

Крыніцы

  1. а б в г д е Рыгор Андрэявец. Беларускі Шцірліц // Звязда : газета. — 23 лютага 2012. — № 36 (27151). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
Prefix: a b c d e f g h i j k l m n o p q r s t u v w x y z 0 1 2 3 4 5 6 7 8 9

Portal di Ensiklopedia Dunia

Kembali kehalaman sebelumnya